Спосабы ўшанавання Найсвяцейшага Сэрца Езуса

Разважаючы над Найсвяцейшым Сэрцам Езуса, разумеем, наколькі глыбокая Божая любоў да нас. Езус на крыжы цалкам аддаў сябе, каб даказаць сваю любоў да чалавека, і штодзень працягвае гэта рабіць у ахвяры св. Імшы.
Так, Езус аддае нам сваё сэрца кожны раз, калі прыступаем да св. Камуніі, і адзінае разумнае, што можам зрабіць, – аддаць Яму сваё сэрца ўзамен. Адным з прыгожых спосабаў для гэтага з’яўляецца прысвячэнне сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Акт асабістага прысвячэння можна знайсці амаль ва ўсіх малітоўніках, а таксама ў інтэрнэце. Застаецца толькі набожна прамовіць і з усіх сіл старацца жыць згодна з яго зместам. †