ГРОДНА
Нядзеля,
28 красавіка
2024 года
 

Варта ведаць

Варта ведаць (48)

Варта ведаць

•  У іспанскай Валенсіі меў месца віртуальны ланцужок малітвы ў інтэнцыі пакліканняў. Яго ўдзелькі абавязаліся штодзённа маліцца на працягу паўгадзіны да 26 красавіка. Ініцыятарам стаў Цэнтр кансультавання пакліканняў імя Яна Паўла II у Валенсіі. Мэтай акцыі была падрыхтоўка да Сусветнага дня малітвы аб пакліканнях, які прайшоў 26 красавіка. Ланцужок малітвы завяршыўся св. Імшой, якую ў нядзелю адправіў кард. Антоніа Каньісарэс.
   
    У Італіі быў забіты 55-гадовы кс. Ланфранка Росі. Яго цела выпадкова знайшлі турысты. Спачатку падазравалі няшчасны выпадак, але аказалася, што святар памёр ад удару па галаве. Паліцыя вядзе следства. Ксяндза Росі паўсюдна ведалі і шанавалі, таму што ён быў аўтарам тэалагічных кніг, а таксама быў звязаны з супольнасцю “Будаўнікі малітвы”, якая прапагандавала хрысціянскую медытацыю.
   

Варта ведаць (47)

Варта ведаць

•  У Злучаных Штатах у бліжэйшыя месяцы святарскія пасвячэнні прымуць 595 новапрэзбітараў, што на 25% больш, чым у мінулым годзе. Бп Майкл Барбідж, адказны за пакліканні ў амерыканскім епіскапаце, заўважае, што гэтыя даныя пацвярджаюць сталую тэндэнцыю росту. Нягледзячы на тое, што ўсё яшчэ не хапае духавенства, колькасць пакліканняў павольна але стабільна ўзрастае.
   
    У Галандыі католікі не згаджаюцца на закрыццё касцёлаў. 12 тысяч чалавек падпісаліся пад петыцыяй да кард. Вілема Эйка супраць ліквідацыі большасці мясцовых парафій. Кард. Эйк як старшыня епіскапата ўзняў гэтую праблему ў пасланні на Вялікі пост. У ім ён рыхтуе вернікаў да ўспрымання Касцёла без касцёлаў, у сувязі з тым, што часта ў некаторых парафіях не ўдаецца ўжо ўтрымліваць святыню. Аказваецца, што гэтая навіна выклікала вялікі перапалох і хаця б часткова ўсвядоміла вернікам іх адказнасць за ўтрыманне касцёлаў.
   

Варта ведаць (46)

Варта ведаць

•  У Францыі на Вялікдзень больш за 5 тысяч чалавек прымуць хрост у каталіцкім Касцёле. Гэтая падзея адбудзецца падчас начнога чування. Як падае Канферэнцыя Епіскапату Францыі, колькасць ахрышчаных будзе на 30% большая, чым 10 гадоў таму. Сярод катэхуменаў ёсць як дзеці, так і дарослыя людзі. Гэта жыхары заморскіх тэрыторый Францыі. Некалькі чалавек, як і ў папярэднія гады, – былыя мусульмане.
   
    У Ватыкане на плошчы св. Пятра ў V Нядзелю Вялікага посту пасля малітвы Анёл Панскі было раздадзена 50 тысяч экзэмпляраў Евангелля. Гэтае кішэннае выданне раздавалі семінарысты рымскіх семінарый, манаскія сёстры з розных супольнасцей і бяздомныя. Падобная акцыя адбылася таксама ў мінулым годзе. Папа часта заахвочвае вернікаў чытаць Евангелле і разважаць словы Хрыста. Святы Айцец сказаў сабраным на плошчы св. Пятра: “Вазьміце іх і насіце з сабой, каб часцей чытаць, чытаць штодзённа. Божае слова – гэта святло на нашай дарозе”.
   

Варта ведаць (45)

Варта ведаць

•  У Паўднёвай Карэі кожны год у сярэднім каля 100 тысяч дарослых прымаюць хрост у каталіцкім Касцёле, што ў адносінах да колькасці вернікаў ставіць гэтую краіну на першае месца ў свеце. Аб дынамічным развіцці хрысціянства ў Паўднёвай Карэі сведчыць факт, што калі ў 1960 г. гэтую рэлігію вызнавала толькі 2% яе жыхароў, то на сённяшні дзень католікам сябе лічыць кожны трэці грамадзянін. Сярод 48-мільённага насельніцтва гэтай краіны католікаў сёння 5,3 мільёны, ці звыш 10%. Колькасць святароў у той жа час павялічылася з 250 да больш за 5 тысяч. У адносінах да колькасці сваіх членаў, паўднёвакарэйскі Касцёл мае больш за ўсё катэхуменаў.
   
    Хрысціяне ў Чэхіі дадуць прытулак хрысціянскім сем’ям з Сірыі і Ірака. На заклік пад дэвізам: “Брат – гэта больш чым бліжні”, адказала ўжо больш за 1500 сямей, асобных людзей, а таксама цэлых парафій ці збораў, якія выказалі гатоўнасць аказаць дапамогу выгнаным хрысціянскім сем’ям з малымі дзецьмі. Узнік таксама фонд “Generace 21”, які збірае сродкі для бежанцаў, што прыбудуць у Чэхію. Вырашана, што спачатку Чэхія ўдзеліць прытулак 15 сем’ям, але калі гэтая ініцыятыва апраўдае сябе, можна будзе прыняць чарговых праследуемых хрысціян з Блізкага Усходу.
   

Варта ведаць (44)

Варта ведаць

•  Латвійскі парламент адхіліў прапанову аб стварэнні інстытута “аднаполых саюзаў”. Прапанова пасла Спаліціса павінна была дазваляць рэгістрацыю саюза пары таго ж полу, калі яна не можа ці не хоча заключаць традыцыйны сужэнскі саюз. Латвійскі міністр юстыцыі заявіў тады, што чарговым крокам пасля легалізацыі гомасексуальных саюзаў будзе патрабаванне ўзаконьвання права на ўсынаўленне імі дзяцей.
   
    Паводле арганізацыі “Human Life International”, за апошнія 50 гадоў забіта 2 мільярды ненароджаных дзяцей, г.зн. адна трэцяя чалавецтва. Аб гэтым прыгадаў у Рыме Джозэф Міні, дырэктар па справах каардынацыі міжнароднай арганізацыі “Human Life International”.
   

Варта ведаць (43)

Варта ведаць

 У Канадзе легалізавалі эўтаназію. Вярхоўны суд краіны прызнаў, што ўрачы могуць “дапамагаць” скончыць жыццё пажылым і хворым людзям. Такім чынам быў ануляваны артыкул Крымінальнага кодэкса, які забараняў г.зв. аказанне дапамогі ў самагубстве ў выпадку дарослых людзей з абмежаванымі магчымасцямі або невылечна хворых, якія хочуць скончыць жыццё з-за пастаянных невыцерпных пакут. Раней Крымінальны кодэкс пастанаўляў, што той, хто рэкамендуе здзейсніць самагубства ці дапамагае ў ім, вінаваты ў злачынстве.
   
    У Ісландыі паблізу ад Рэйк’явіка на ўзгорку павінна ўзнікнуць неаязычніцкая святыня. Гэта будзе першая з часоў вікінгаў святыня ў Ісландыі, прысвечаная нарвежскім багам: Одзіну, Тору і багіні Фрыг. Ініцыятары ідэі гарантуюць, што не плануюць складваць крывавыя ахвяры ці рабіць нейкія іншыя рэчы, якія практыкавалі іх продкі. У неаязычніцкай святыні будуць арганізоўваць шлюбы, пахаванні, пасвячэнне ў члены супольнасці, а таксама рытуал надавання дзецям імён. Будаўніцтва святыні звязана з ростам папулярнасці язычніцкіх вераванняў з часу вікінгаў. Хрысціянізацыя Ісландыі распачалася ўжо пад канец Х ст. Больш за 95% сярод 330 тысяч жыхароў Ісландыі складаюць лютэране. У краіне жыве каля 4 тысяч католікаў, якія складаюць меншасць.
   

Варта ведаць (42)

Варта ведаць

 У Егіпце, нягледзячы на тое, што гэта краіна, дзе большасць жыхароў вызнаюць іслам, улады далі дазвол і выдзелілі тэрыторыю для пабудовы трох новых касцёлаў у сталіцы краіны Каіры. Таксама яны згадзіліся, каб пры катэдры ў Каіры былі ўзнесены будынкі, неабходныя для функцыянавання копцкага патрыярхату.
   
    У Ватыкане пад каланадай на плошчы св. Пятра па ініцыятыве папы Францішка і яго адказнага за міласціну кс. аб-па Конрада Краеўскага павінна ўзнікнуць цырульня для бяздомных. Яна павінна распачаць працу 16 лютага, задавальняючы гігіенічныя патрэбы бяздомных. Працаваць там будзе група цырульнікаў валанцёраў, якія ўжо вызваліся выконваць гэтае заданне.
   

Варта ведаць (41)

Варта ведаць

 У многіх мусульманскіх краінах пасля змяшчэння карыкатур на прарока Мухамеда ў “Charlie Hebdo” на вуліцы гарадоў выйшлі ісламскія фундаменталісты, якія вылілі сваё абурэнне і злосць на касцёлах і выпадкова сустрэтых хрысціянах. Так, напрыклад, у горадзе Зіндэр у Нігеры спалена 10 касцёлаў розных веравызнанняў, а таксама школа, якой кіравалі місіянеры. Падобныя мусульманскія маніфесты адбыліся таксама ў Пакістане, Маўрытаніі, Алжыры, Турцыі, Іарданіі, Сірыі, Судане, Тунісе і Ерузалеме.
   
    У Славакіі 7 лютага бягучага года адбудзецца рэферэндум, на якім славакі павінны вырашыць, якая мадэль сям’і будзе ў гэтай краіне: пераможа традыцыйная мадэль сям’і ці гомасексуальныя пары таксама атрымаюць права называцца сям’ёй. Славацкі “Саюз для сям’і” звяртаецца да арганізацый, устаноў і прыватных асоб з просьбай аб малітве і падтрымцы ў антыгомасексуальнай кампаніі.
   

Старонка 22 з 27:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  248

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.