ГРОДНА
Нядзеля,
28 красавіка
2024 года
 

Варта ведаць

Варта ведаць (56)

Варта ведаць

 Транссексуалы не могуць быць хроснымі бацькамі. Такую пастанову выдала Кангрэгацыя веравучэння. У дакуменце гаворыцца, што транссексуалы публічна дэманструюць паводзіны, якія супярэчаць маральным патрабаванням вырашэння ўласнай праблемы палавой прыналежнасць у адпаведнасці з праўдай аб уласным поле. Таму яны не могуць быць дапушчаны да выканання функцыі хроснага бацькі або маці. Разам з тым падкрэсліваецца, што гэта не праява дыскрымінацыі, а прызнанне аб’ектыўнай адсутнасці перадумоў, якія па прыродзе неабходны, каб узяць на сябе адказнасць настаўляць ахрышчанага ў правілах хрысціянскага жыцця.
   
    Упершыню ў гісторыі Папскага ўніверсітэта ў Саламанцы пасаду рэктара заняў свецкі чалавек, прытым жанчына. Прафесар Мірыям Картэс – спецыяліст па кананічным праве і маці чацвярых дзяцей. У 1998 годзе ёю быў абаронены дактарат. Картэс – першая свецкая асоба і першая жанчына, якая стала дэканам факультэта кананічнага права (2004–2010 гг.). Была таксама першай жанчынай, якая выконвала функцыі генеральнага сакратара ўніверсітэта (2011–2013 гг.). Згодна з правіламі навучальнай установы, кандыдатуру прафесара на пасаду рэктара прадставілі Пастаяннаму Савету епіскапата Іспаніі, у чыім падпарадкаванні знаходзіцца ўніверсітэт. Атрымаўшы пазітыўны водгук навучальнай установы, Кангрэгацыя каталіцкай адукацыі прызначыла прафесара Картэс рэктарам Папскага ўніверсітэта ў Саламанцы. 
   

Варта ведаць (55)

Варта ведаць

 Сірыйскія святары заклікалі вернікаў да малітвы за заложнікаў групоўкі “Ісламская дзяржава”. Нядаўна паблізу горада Хомс злачынцамі было схоплена больш за 200 чалавек, 160 з якіх– хрысціяне. Жыхары краіны вельмі напалоханы. Многія задумваюцца аб тым, каб перабрацца ў больш бяспечныя гарады ці нават у іншыя краіны. Каталіцкая і праваслаўная Цэрквы Сірыі спрабуюць дапамагчы знайсці заложнікаў і супакоіць насельніцтва. Член Сірыйскай каталіцкай супольнасці Мар Мусы айцец Джыхад Юсуф выказаў надзею, што праз малітоўную падтрымку вернікаў сэрцы злачынцаў павінны напоўніцца міласэрнасцю.
   
    У пілігрымцы да Святых варот ватыканскай базілікі вернікі будуць прытрымлівацца спецыяльнага пешаходнага маршруту. Пра гэта заявіў арганізацыйны сакратарыят пазачарговага Юбілею Міласэрнасці. Маршрут будзе праходзіць ад Замка святога Анёла ўздоўж вуліцы Віа-дэла-Канчыліацыонэ, перасякаючы плошчы Пія XII і святога Пятра. Заяўкі на паломніцтва да Святых варот будуць прымацца праз інтэрнэт пачынаючы з кастрычніка. Па словах арганізатараў, такая сістэма дазволіць вернікам звесці чаканне да мінімуму і забяспечыць ім падчас пешага паломніцтва да Святых варот атмасферу малітвы і засяроджанасці.
   

Варта ведаць (54)

Варта ведаць

 Колькасць наведвальнікаў павільёна Апостальскай Сталіцы на сусветнай выставе “EXPO 2015” перавысіла 600 тысяч чалавек. Штодня гасцямі ватыканскай экспазіцыі становяцца каля 10-11 тысяч чалавек. Тэма сёлетняй выставы – “Накарміць планету. Энергія для жыцця”. Экспазіцыя Апостальскай Сталіцы раскрывае чатыры галоўныя тэмы: экалогіі, салідарнасці ў эканоміцы, выхавання, а таксама хлеба як прадукту, што робіць бачнай прысутнасць Бога ў свеце. Наведвальнікаў выставы цікавяць інтэрактыўны стол, фатаграфіі і відэаматэрыялы на тэму стварэння. “EXPO 2015” праходзіць у Мілане з 1 мая па 31 кастрычніка.
   
    Папа Рымскі Францішак атрымаў узнагароду “Абаліцыяніст года” за ўклад у справу адмены смяротнага пакарання. У прадстаўніцтве арганізацыі “Hands Off Cain”, якая заснавала гэтую ўзнагароду, адзначылі, што дзейнасць Пантыфіка пачалася з адмены пажыццёвага тэрміну зняволення і ўключэння ў крымінальнае заканадаўства Ватыкана пакарання за катаванні. Гэта гаворыць аб тым, што Папа не толькі супраць смяротнага пакарання, але і супраць пажыццёвага пазбаўлення волі. Узнагарода – гэта бронзавая статуэтка працы Масіма Ліберці. Фігурка ўяўляе сабой планету, на якой сядзяць дзеці, імкнучыся ўзляцець у нябёсы.
   

Варта ведаць (53)

Варта ведаць

 Аргентынская сям’я вандруе па Амерыцы, каб дабрацца на Сусветную сустрэчу сем’яў у Філадэльфіі з удзелам папы Францішка ў верасні бягучага года. Пілігрымы вырушылі ў сакавіку з Буэнас-Айрэса, а на дадзены момант яны знаходзяцца ў Нікарагуі. Альфрэда “Кацірэ” Уокер і Ноэль Зэмборыян разам са сваімі дзецьмі падарожнічаюць аўтамабілем комбі 80-х гадоў. Дзеці ў гэты час вучацца дыстанцыйна. Гэтае шматмесячнае падарожжа дазволіць ім, як яны самі кажуць, “цешыцца сям’ёй, навучыцца падарожнічаць з невялікім багажом”, а таксама “адарвацца ад руціны”. Акрамя таго, бацькі хочуць паказаць сваім дзецям, што “свет нашмат большы, чым іх раён, што ёсць іншыя людзі” і што “калі яны нечага прагнуць, то яны могуць гэтага дасягнуць, нават калі гэта здаецца трохі шалёным”. На шляху ў Філадэльфію гэтая сям’я наведае больш за 50 мясцовасцей. Яны ўжо праехалі праз аргентынскі горад Мендоса, затым праз Чылі ўздоўж пабярэжжа Ціхага акіяна дабраліся да Перу, а адтуль паехалі праз Эквадор, Калумбію, Панаму, Костарыку і дабраліся да Нікарагуі.
   
    У Кітаі хрысціяне з правінцыі Чжэцзян распачалі акцыю хатняга вырабу крыжаў пасля таго, як улады ліквідавалі там больш за 1200 касцёльных крыжаў. На сацыяльным партале “Weibo” з’явіліся здымкі людзей, якія робяць драўляныя крыжы і фарбуюць іх у чырвоны колер. Запісы на партале заахвочваюць хрысціян вешаць крыжы ў сваіх дамах і насіць з сабой. Гэтая акцыя стала рэакцыяй на ліквідацыю крыжаў, якія знаходзяцца па-за сценамі касцёлаў, што працягваецца ўжо паўтара года.
   

Варта ведаць (52)

Варта ведаць

 У горадзе Мантэрыя ў Калумбіі 15 ліпеня быў забіты святар Луіс Леон Перэйра. Забойства было здзейснена ў закрыстай перад пачаткам святой Імшы, да якой ён рыхтаваўся. Злачынец пранік у касцёл з мэтай крадзяжу і расправіўся са святаром, які яго там застаў. Затым ён спрабаваў уцячы, але на вуліцы яго схапіў натоўп мясцовых жыхароў, якія збіраліся ўчыніць над ім самасуд. Адбыліся сутычкі паміж імі і паліцыяй, што прыбыла на месца забойства. Больш за сто паліцэйскіх вымушаны былі ўмяшацца, каб вывесці забойцу.
   
    Рашучае “не” легалізацыі самазабойства пры ўрачэбным садзеянні сказалі каталіцкі і евангелічны Касцёлы Германіі. Яны выказалі сваю пазіцыю ў супольнай дэкларацыі ў сувязі з дыскусіяй ў Бундэстагу па чатырох законапраектах аб канцы жыцця і магчымасці ўрэгулявання самазабойства пры ўрачэбным садзеянні. “Мы павінны зрабіць усё, каб у нашай краіне самазабойства не стала звычайным фактам”, – заяўляюць кардынал Райнхардт Маркс і біскуп Хайнрых Бедфорд-Штром, якія падпісалі дэкларацыю. Адначасова з гэтым падкрэсліваецца неабходнасць развіцця сеткі хоспісаў і паліятыўнага догляду.
   

Варта ведаць (51)

Варта ведаць

 У Ватыкане адбыўся другі розыгрыш латарэі, арганізаванай губернатарам Дзяржавы Ватыкан. Галоўнай узнагародай быў аўтамабіль Kia Soul, якім папа Францішак карыстаўся падчас візіту ў Карэю. Сярод іншых выйгрышаў былі таксама два веласіпеды, фігуры Маці Божай і Святой Сям’і. Латарэйныя білеты распаўсюджвалі выключна ватыканскія ўстановы. Увесь даход ад латарэі прызначаны на дабрачынную дзейнасць Папы. Са сродкаў, атрыманых на падобныя мэты ў апошні час былі ўстаноўлены душы для бяздомных і арганізавана пілігрымка для іх у Турын на выстаўленне плашчаніцы.
   
    У Заходняй Еўропе пасля Божага Нараджэння і Вялікадня перыядам, які прыносіць найбольшы даход гандлярам з’яўляецца рамадан. З даследаванняў, праведзеных, напрыклад, у Брытаніі і Францыі, вынікае, што ў гэтым годзе брытанская гаспадарка заробіць на ісламскім месяцы посту больш за 140 мільёнаў еўра. Французскія вызнаўцы ісламу ў сваю чаргу патрацяць на сямейнае святкаванне ў гэты час больш за 350 мільёнаў еўра.
   

Варта ведаць (50)

Варта ведаць

•  Вядомы італьянскі сацыёлаг праф. Масіма Інтравенью ў сваёй прамове падчас адкрыцця ў Вене ІІ Міжнароднай канферэнцыі арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, прысвечанай прадухіленню і барацьбе з нецярпімасцю ў адносінах да хрысціян, сказаў, што ў Еўропе ўвесь час расце хрысціянафобія – праследаванне вызнаўцаў Хрыста. Праф. Інтравенью падкрэслівае, што праследаванне вызнаўцаў Хрыста на нашым кантыненце з’яўляецца фактам. Статыстыка паказвае, што ў Еўропе адбываюцца напады, зневажэнне касцёлаў, скіданне ці знішчэнне помнікаў. Даныя таксама пацвярджаюць, што злачынстваў, здзейсненых ад нянавісці да хрысціян, з кожным годам становіцца ўсё больш.
   
    Рада біскупскіх канферэнцый Еўропы (CCEE) арганізавала сустрэчу, прысвечаную тэме дыялогу хрысціянства і ісламу, у якой удзельнічалі біскупы і дэлегаты канферэнцый епіскапатаў краін Еўропы па справах кантактаў з ісламам. Падчас чарговай сустрэчы было сказана, што хрысціянска-мусульманскі дыялог не толькі абавязковы для ўсталявання міру, але і з’яўляецца наказам нашай веры.
   

Варта ведаць (49)

Варта ведаць

•  У 2015 г. у Злучаных Штатах святарскія пасвячэнні прымуць 595 новых святароў, што больш чым на сто чалавек перавышае леташнюю колькасць. Гэта важная навіна для краіны, у якой кожная пятая парафія не мае сталага душпастара. Сярэдні ўзрост новых святароў складае 31 год – яны трохі маладзейшыя за пасвечаных у апошнія гады. Каля 70% будучых святароў паходзяць з сем’яў, што маюць свае карані ў Еўропе, галоўным чынам у Італіі і Ірландыі, 14% – выхадцы з Лацінскай Амерыкі, а 10% – з Азіі і ціхаакіянскіх астравоў.
   
    У Швейцарыі з рэзультатаў апытання, змешчанага ў падрыхтоўчым дакуменце („Lineamenta”) XIV звычайнага пасяджэння Агульнага сінода біскупаў, вынікае, што для большасці вернікаў, якія прынялі ўдзел у апытанні, Святая Сям’я з’яўляецца прыкладам занадта далёкім ад іх асабістага жыццёвага вопыту. Швейцарскія католікі пераконваюць, што рэчаіснасць сям’і значна шырэйшая, чым яе прыклад, грунтуемы на сакраментальным сужэнстве. Пры гэтым яны сцвярджаюць, што сакраментальнае сужэнства з’яўляецца сёння мадэллю меншасці. Таму, паводле анкетаваных, Касцёл павінен узмацніць свой удзел у падрыхтоўцы да сужэнства, спадарожнічаць кананічным сужэнствам, а таксама прымаць дзеянні на карысць сям’і.
   

Старонка 21 з 27:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  248

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.