Слова для Жыцця (114)

На крыжы Езус адкрывае міласэрнасці Айца грэх свету, а разам з ім усе нашыя грахі. Ніхто і нішто не выключаны з гэтай ахвярнай малітвы Хрыста. Гэта азначае, што мы не павінны баяцца прызнаць сябе грэшнікамі і вызнаць сваю грэшнасць, паколькі кожны грэх быў забраны Сынам на крыж. А калі мы, будучы спакушанымі, вызнаём гэты грэх, давяраючыся Хрысту, то можам быць упэўнены, што ён нам прабачаны. Сакрамант паяднання дэманструе кожнаму моц прабачэння, якая вынікае з крыжа і аднаўляе ў нашым жыцці ласку міласэрнасці, якой для нас быў Езус! Мы не павінны баяцца нашай марнасці: моц любові Укрыжаванага не ведае перашкод і ніколі не заканчваецца.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі Святога Айца, 06.04.2016 †