ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Слова для Жыцця

Слова для Жыцця (170)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Існуе рабства, якое знявольвае мацней за турму, мацней за панічны крызіс, мацней за рознага роду дыктат: гэта рабства ўласнага эга. Гаворка ідзе пра людзей, якія на працягу ўсяго дня глядзяць на сябе ў люстэрка, каб любавацца сваім “я”. Іх эга мацнейшае за іх цела. Яны нявольнікі свайго “я”…
    Дарагія Браты і Сёстры, хто ж сапраўдны нявольнік? [...] Той, хто не ўмее любіць! І ўсе гэтыя заганы, грахі, эгаізм аддаляюць нас ад любові і робяць няздольнымі любіць. Мы становімся рабамі саміх сябе і не можам любіць, бо любоў заўсёды скіравана на іншых людзей. Сапраўдная любоў – гэта сапраўдная свабода: яна пазбаўляе прагі валодання, адбудоўвае адносіны, дае здольнасць прымаць і цаніць бліжняга.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 12.09.2018  
 

Слова для Жыцця (169)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Хрыстос сапраўды хоча выкрыць кніжнікаў і фарысеяў з-за памылкі пазбягання волі Бога, у якую яны ўпалі, не захоўваючы Яго запаведзі, а выконваючы традыцыі, створаныя чалавекам. Рэакцыя Езуса вельмі суровая, таму што гаворка ідзе пра вялікую стаўку: пра сапраўднасць адносін паміж чалавекам і Богам, аўтэнтычнасць рэлігійнага жыцця. Крывадушнік з’яўляецца падманшчыкам, ён не аўтэнтычны.
    Таксама і сёння Пан заклікае нас пазбягаць небяспекі, якой з’яўляецца надаванне большай увагі форме, чым сутнасці. Ён заклікае нас заўсёды нанова прызнаваць тое, што з’яўляецца сапраўдным цэнтрам досведу веры – любоў да Бога і любоў да бліжняга, ачышчаючы яе ад крывадушша рытуальнасці і фармальнай правапаслухмянасці. […] Не павінна быць знешняе стаўленне, але ўнутранае: неабходна сачыць за тым, каб наш спосаб мыслення і дзеяння не забруджваўся свецкім менталітэтам, гэта значыць ганарыстасцю, прагнасцю і пыхай. На самой справе, жанчына ці мужчына, які жыве ў ганарыстасці, прагнасці і пысе і паказвае сябе рэлігійным чалавекам, калі пачынае асуджаць іншых, з’яўляецца крывадушнікам.
З прамовы падчас малітвы “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 02.09.2018  
   

Слова для Жыцця (168)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Мы павінны імкнуцца адкрываць нашыя сэрцы і розумы, каб здолець прымаць боскую рэальнасць. Справа ідзе пра веру: адсутнасць веры – гэта перашкода для Божай ласкі. Многія ахрышчаныя жывуць так, быццам Хрыстос не існуе: яны паўтараюць жэсты і знакі веры, але не адпавядаюць рэальнай прыхільнасці да асобы Езуса і да Яго Евангелля. Кожны хрысціянін пакліканы да таго, каб паглыбіць гэтую фундаментальную прыналежнасць, імкнучыся сведчыць пра яе сваім паслядоўным ладам жыцця, пуцяводнай ніткай якога з’яўляецца любоў.
Фрагмент прамовы падчас малітвы “Анёл Панскі”, 08.07.2018 
   

Слова для Жыцця (167)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Хрысціянскае жыццё – гэта, перш за ўсё, удзячны адказ велікадушнаму Айцу. Хрысціяне, якія выконваюць толькі “абавязкі”, прызнаюцца, што не маюць асабістага досведу таго Бога, які з’яўляецца “нашым”. Маўляў, я павінен рабіць тое, тое і тое... Толькі абавязкі. Але гэта значыць, што Табе чагосьці не хапае… Быць хрысціянінам – гэта шлях вызвалення! Запаведзі вызваляюць Цябе ад эгаізму, бо ёсць Божая любоў, якая вядзе наперад. Хрысціянская фармацыя грунтуецца не на сіле волі, але на прыняцці збаўлення, на тым, каб дазволіць любіць сябе.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 27.06.2018 
   

Слова для Жыцця (166)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Я хацеў бы сказаць асабліва моладзі, што наш самы небяспечны вораг – гэта не канкрэтныя праблемы, якімі б сур’ёзнымі і драматычнымі яны не былі; самая вялікая небяспека ў жыцці – гэта злы дух прыстасавальніцтва, які не з’яўляецца ні лагоднасцю, ні пакорай, але павярхоўнасцю і маладушнасцю.
    Калі маці і бацька бачаць юнака, які пасіўна сядзіць увесь дзень дома, што думаюць пра яго: “Ці не хворы ён?”, – і вядуць яго да ўрача... Ці не так? Жыццё маладога чалавека – гэта імкненне наперад, заклапочанасць, здаровы неспакой, здольнасць не згаджацца на жыццё без прыгажосці, без колеру. Калі маладыя людзі не будуць прагнуць сапраўднага жыцця, куды прыйдзе чалавецтва? Куды прыйдзе чалавецтва з пасіўнай, пазбаўленай неспакою моладдзю?
    Малады чалавек павінен дайсці да парога пэўнага пераходу, дзе адкрываецца магчымасць перастаць жыць самім сабой, сваімі справамі, сваімі дабротамі, і менавіта таму, што яму не хапае поўнага жыцця – пакінуць усё, каб пайсці за Панам... Езус жа прапануе не сурагаты, а сапраўднае жыццё, сапраўдную любоў, сапраўднае багацце! А як зможа моладзь ісці за намі ў веры, калі не будзе бачыць, што выбіраем “арыгінал”, калі бачаць нас, прызвычаеных да паўмер. Кепска, калі сустракаеш хрысціян напалову, хрысціян – дазволю сабе сказаць – “карлікавых”, якія растуць толькі да пэўнай вышыні, а потым ужо не, хрысціян з абмежаваным, закрытым сэрцам. Кепска, калі сустракаеш такое. Патрэбны прыклад кагосьці, хто пакліча мяне выйсці “па-за”, “далей”, каб пакрысе ўзрастаць…
Фрагменты прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 13.06.2018  
   

Слова для Жыцця (165)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Кожны раз, калі цэлебруем Эўхарыстыю, праз гэты сакрамант, такі просты і адначасова ўрачысты, мы перажываем Новы Запавет, які поўнасцю спаўняе камунію паміж Богам і намі. І як удзельнікі гэтага Запавету, хоць з’яўляемся малымі і беднымі, супрацоўнічаем у будаванні гісторыі паводле Божай задумы. Таму кожная эўхарыстычная цэлебрацыя, прадстаўляючы сабой акт публічнага ўшанавання Бога, адносіцца да жыцця і канкрэтных падзей нашага існавання. Сілкуючыся Целам і Крывёю Хрыста, становімся падобнымі да Яго, атрымліваем Яго любоў, але не для таго, каб яе раўніва захоўваць для сябе, а каб дзяліцца ёю з іншымі. Гэтая логіка ўпісана ў Эўхарыстыю. Атрымліваем любоў Збаўцы і дзелімся ёю з іншымі. Гэта логіка Эўхарыстыі! У ёй мы сузіраем Езуса – паламаны і ахвяраваны Хлеб, Кроў, пралітую за наша збаўленне. Яго прысутнась, як полымя, спальвае ў нас эгаістычныя паводзіны, ачышчае ад схільнасці даваць толькі тады, калі самі атрымалі, і распальвае жаданне таксама станавіцца – у еднасці з Езусам – паламаным хлебам і крывёю, пралітай за братоў.
Фрагмент прамовы падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 03.06.2018 
   

Слова для Жыцця (164)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Перамена, якую здзяйсняе Святы Дух […] не рэвалюцыянізуе жыццё навокал, а перамяняе сэрца; не вызваляе нас у той жа момант ад праблем, але робіць свабоднымі ўнутрана, каб маглі супрацьстаяць ім; не дае ўсяго адразу, але робіць так, што ідзём упэўнена, не стамляючыся жыццём. Святы Дух падтрымлівае маладосць сэрца. Любоў, нягледзячы на ўсе спробы яе прадоўжыць, рана ці позна мінае. І толькі Святы Дух прадухіляе нездаровае старэнне, тое ўнутранае. Як Ён гэта робіць? Аднаўляючы сэрца, перарабляючы яго з сэрца грэшніка ў сэрца таго, каму прабачана. Гэта вялікая перамена: з вінаватых робіць нас справядлівымі. Такім чынам усё змяняецца, таму што з нявольнікаў граху становімся вольнымі, са слуг – дзецьмі, з адкінутых – цэннымі, з расчараваных – поўнымі надзеі. Так Святы Дух спрыяе таму, што радасць адраджаецца, што ў сэрцы квітнее супакой.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай у Ватыканскай базіліцы ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа  
   

Слова для Жыцця (163)

Слова для Жыцця

Кс. абп Габар ПінтэрКс. абп Габар Пінтэр
    Калі Езус жыве ў нас, мы павінны заставацца ў Ім: “Заставайцеся ўва Мне, а Я – у вас” (Ян 15, 4). І тут увага: Езус так хоча і так вырашыў – застацца ў нас. І Ён ніколі не змяняе сваіх рашэнняў. Цяпер ад нас залежыць, застанёмся ў Ім ці не, дазволім Яму жыць у нас ці не.
    Але што азначае “заставацца ў Езусе”? Гэта значыць трываць у веры, якая ўмацоўваецца праз пастаяннае і ўважлівае слуханне Божага слова. Гэта значыць выконваць патрабаванні веры, а ўсе яны змяшчаюцца ў запаведзі любові да Бога і бліжніх. Калі мы застанёмся ў Хрысце, Ён будзе жыць у нас і стане тым, чым з’яўляецца лаза для галінак: жыццёвым прынцыпам, натхненнем, прычынай, сэнсам жыцця, нашых выбараў. […] Калі застанёмся ў Езусе, Ён сам зробіць так, каб у нашых сэрцах і з нашых сэрцаў вырас плод братэрскай любові; але калі не застанёмся ў Ім, жыццё паступова сапсуецца нашым жа эгаізмам.
   

Слова для Жыцця (162)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Сапраўдны прарок з’яўляецца прапаведнікам не няшчасця, а надзеі. Ён адчыняе брамы, гоіць карані, аднаўляе прыналежнасць да Божага народа, каб той ішоў наперад. Не дакарае, кіруючыся ўладай, наадварот, з’яўляецца чалавекам надзеі. Папракае, калі гэта неабходна, і адчыняе дзверы, гледзячы на перспектыву надзеі. Сапраўдны прарок, калі добра робіць працу, плаціць за гэта сваім жыццём.
    Касцёл мае патрэбу ў прароках. Скажу больш: мы ўсе павінны быць прарокамі.
    Не крытыканамі – гэта зусім іншае. Гаворка ідзе не пра заўсёды крытычнага суддзю, які нічога не любіць, якому нічога не падабаецца... Такі чалавек – не прарок. Прарок – гэта той, хто моліцца, глядзіць на Бога, глядзіць на свой народ, адчувае боль, калі людзі блукаюць, плача, але таксама ўмее адпаведна выкарыстаць гэта, каб сказаць праўду. […] І Езус, з аднаго боку, кажа рэзкія словы, але, з другога, аплаквае Ерузалем. Гэтым правяраецца сапраўдны прарок: ён мае здольнасць плакаць над сваім народам і казаць цвёрда, калі павінен тое рабіць.
    Няхай у Касцёле не будзе недахопу ў прароцкім служэнні для таго, каб пастаянна рухацца наперад!
Фрагменты гаміліі, прамоўленай падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане, 17.04.2018 
   

Слова для Жыцця (161)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Мы не павінны забываць, што цэлебруем Эўхарыстыю для таго, каб вучыцца, як станавіцца эўхарыстычнымі мужчынамі і жанчынамі. Што гэта значыць? Значыць дазволіць, каб Хрыстос дзейнічаў у нашых справах: каб Яго думкі былі нашымі думкамі, Яго пачуцці – нашым пачуццямі, Яго рашэнні – нашымі рашэннямі. Гэта і з’яўляецца святасцю: рабіць так, як рабіў Хрыстос. Наконт таго дакладна заўважыў св. Павел, кажучы аб сваім упадабненні да Езуса: “Я ўкрыжаваны разам з Хрыстом. І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, то жыву вераю ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне” (Гал 2, 20).
    Паглыбляючы з’яднанасць з Езусам, Эўхарыстыя абнаўляе ласку, якой Святы Дух адорвае ў хросце і канфірмацыі, каб наша хрысціянскае сведчанне было пераканаўчым. […] Акрамя таго, распальваючы ў сэрцах Божую любоў, Эўхарыстыя аддзяляе нас ад граху. Чым больш удзельнічаем у жыцці Хрыста і паглыбляем сяброўства з Ім, тым складаней нам разарваць сувязь са Збаўцам праз смяротны грэх. Рэгулярнае прыступанне да эўхарыстычнага стала аднаўляе, умацоўвае і паглыбляе сувязь з хрысціянскай супольнасцю, да якой належым, згодна з прынцыпам: Эўхарыстыя стварае Касцёл і яднае нас усіх.
Фрагменты прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 04.04.2018 
   

Слова для Жыцця (160)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    У хвіліны, калі сумненні і страх сціскаюць сэрца, нам абавязкова неабходна праніклівасць. Яна дазваляе ўпарадкаваць блытаніну ў думках і пачуццях, каб дзейнічаць належным і разумным чынам. Першым крокам у гэтым працэсе, які вядзе да перамогі над страхамі, з’яўляецца іх выразнае акрэсленне, каб не аказалася, што марнуем час і энергію, становячыся ахвярай нясталых прывідаў, пазбаўленых аблічча. З гэтай мэтай я заахвочваю ўсіх зазірнуць у сябе і назваць уласныя страхі па імені. Задайце сабе пытанне: што мяне непакоіць, чаго баюся больш за ўсё менавіта сёння, у канкрэтнай сітуацыі, якую перажываю? Што мяне блакуе і не дазваляе ісці наперад? Чаму не маю адвагі, каб прыняць важныя рашэнні, якія мушу прыняць? Не бойцеся сумленна паглядзець на свае страхі, прызнаць іх такімі, якія яны ёсць, і змірыцца з імі. […] У Святым Пісанні 365 разоў знаходзім выраз “не бойцеся” ва ўсіх яго формах. Можна сказаць, нібы Пан хоча, каб мы ў кожны дзень года былі свабодныя ад страху. За бояззю ніколі не павінна заставацца апошняе слова, асаблівым чынам для нас, хрысціян. Страх мусіць стаць нагодай, каб здзейсніць акт веры ў Бога... а таксама веры ў жыццё!
Фрагмент паслання на ХХХІІІ Сусветны дзень моладзі  
   

Старонка 5 з 20:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.