ГРОДНА
Аўторак,
28 мая
2024 года
 

Слова рэдактара

marcinowicz2020
Галоўны рэдактар газеты
«Слова Жыцця»
- Кс. Юрый Марціновіч нарадзіўся 20 мая 1985 г. у Гродне.
- Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Элку (Польшча).
- Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 2010 г. у Гродне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча.
- З’яўляецца дактарантам універсітэта імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве.
- Рыхтуе доктарскую дысертацыю на тэму “Каталіцкія СМІ як інструмент новай евангелізацыі ў адраджэнні Касцёла ў Беларусі”.
- З 2012 года з’яўляўся дырэктарам інфармацыйнай службы пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мiнску.
- Са жніўня 2016 г. прызначаны біскупам Аляксандрам Кашкевічам на пасаду галоўнага рэдактара дыяцэзіяльнай газеты “Слова Жыцця”.

 

 

Свята нашай душы

Слова рэдактара

 Кожны з нас у сваім жыцці перажывае розныя хвіліны і моманты. Яны бываюць як цяжкія, так і радасныя. Часам і першыя, і другія вельмі складана апісаць словамі, мы тады часта кажам: “мне не хапае слоў, каб апісаць тое, што я адчуваю”. Перажываючы радасныя хвіліны, важныя для нас і прыемныя, мы часта апісваем іх проста словамі: “гэта было свята душы”.
    Вялікдзень – свята над святамі. “Я – Уваскрасенне і Жыццё. Хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі”. Хрыстос прадказаў сваё Уваскрасенне, сам сябе назваў Уваскрасеннем. Гэта найважнейшая праўда ў нашым хрысціянскім жыцці. Гэта той момант, за які мы павінны ўсё аддаць, так як Збавіцель аддае за нас самога сябе. Сам Хрыстос, Бог-Чалавек, кажа і ўпэўнівае нас, што Ён з’яўляецца Уваскрасеннем. Хрыстос таксама дадае, што і мы ўваскрэснем. Такім чынам, мы чуем запавет, прызначаны кожнаму з нас, нашым душам.
    Чалавек на працягу ўсёй сваёй гісторыі не пачуў навіны лепшай за тую, якую сёння абвяшчае Касцёл. Смерць была пераможана. Д’ябал пераадолены. Хрыстос уваскрос. Крыж і Уваскрасенне адкрываюць перад намі невядомую дагэтуль перспектыву, мэту нашых імкненняў і надзеі. Гаворка тут ідзе пра паўнату жыцця, якое паходзіць ад Бога. Гэта настолькі новае і дзівоснае, што нам нават цяжка гэта ўявіць.
   

Любоў, Міласэрнасць, Вялікдзень

Слова рэдактара

 “Паразмаўляем аб тым, што можа ў нас уваскрэснуць”, – неспадзявана прапанаваў тата падчас велікоднага абеду. “Пан Езус!” – адразу выкрыкнуў Пятрусь, прыгадваючы, хіба, сённяшняе казанне ксяндза пробашча. Размаўляючы пра Уваскрасенне, варта прыгадаць сабе некалькі фундаментальных, але вельмі простых пытанняў нашых адносін з Богам, пра якія мы, на жаль, часта забываемся. І робім гэта якраз у найважнейшыя для гісторыі збаўлення чалавека і свету дні – у Вялікі тыдзень. Сярод нас, напэўна, ёсць хрысціяне, якія, на дзіва, не чулі Добрай Навіны аб тым, што Бог любіць і бласлаўляе кожнага чалавека. Для такіх людзей святасць здаецца нейкай далёкай, яна не з’яўляецца стандартам іх штодзённасці. У такім выпадку варта паразважаць пра ўваскрасенне надзеі, любові, сяброўства і многіх іншых каштоўнасцей, якіх нам так не хапае. Каб чалавек быў сталым хрысціянінам, неабходна вера. Вера, якая дадае нам бадзёрасці і надае сэнс і правільны напрамак нашаму жыццю, якім з’яўляецца Уваскрослы Хрыстос.
   Першым момантам, які вынікае з факта Уваскрасення, з’яўляецца любоў. Бог любіць мяне проста так, таму што я Яго дзіця. Цяжка ўявіць сабе гэтую любоў. Яна настолькі вялікая, што ўсе намаганні, якія мы робім у сваім жыцці, становяцца для нас нашмат лягчэйшымі.
   

Надзея пазнання

Слова рэдактара

  Мы жывём у час больш рэлігійны, чым нам здаецца. Заўсёды будуць тыя, чыя вера вельмі моцная, і тыя, хто ўвесь час сумняваецца. Рэлігійныя сумненні – гэта вынік індывідуальных адрозненняў і грамадскага ўплыву. Асаблівым чынам гэтыя сумненні развіваюцца ў перыяд маладосці. Будучы дзецьмі, мы заўсёды маглі спытацца: “чаму?”. На што чулі адказы ад старэйшых людзей. Кожны з нас мае сваю дарогу да Бога, па якой ён ідзе ў сваім жыцці.
    Перыяд Вялікага посту з’яўляецца менавіта такім часам нашай рэлігійнай актыўнасці. Кожны чалавек у розным узросце можа наблізіцца да Хрыстовага крыжа, каб аддаць яму паклон, каб быць вучнем у школе Хрыста, які пакутуе. Разважаючы Мукі і Смерць Пана Езуса, мы перажываем сваё асабістае навяртанне. У сэрцах адбываюцца цуды, крыніца якіх – сам Бог. Мы, людзі, усё гэта стараемся зразумець, бо мы былі надзелены выключным розумам, але, на жаль, свае цудоўныя здольнасці мы часта выкарыстоўваем вельмі нямудра і паддаёмся ўплыву тых, хто ўжо даўно забыўся пра гэтыя каштоўнасці.
   

Інакш успрыняць пост

Слова рэдактара

  Перыяд вялікага посту часцей за ўсё атаясамліваецца ў нас з адмаўленнем ад нечага. Мы не заўсёды ўсведамляем сабе, што гэта час, калі ў нас ёсць магчымасць перажыць навяртанне і поўнасцю зразумець Божую волю для кожнага з нас. Пост – гэта не толькі адмаўленне ад спажывання салодкага, піцця алкаголю ці прагляду тэлебачання. Да таго ж, сёння лёгка можна адмовіцца ад тэлебачання, паколькі ёсць інтэрнэт, не ўжываць алкаголю ў посце, калі ўсведамляеш, што пазней усё гэта можна будзе навярстаць. Такі пост не мае ніякага значэння, ён нічога не варты. Нам трэба інакш успрыняць пост.
    Перш за ўсё, трэба паглядзець на самога чалавека, а пазней на тое, як ён можа перажыць пост. Калі ў яго спытацца, ад чаго ён хоча адмовіцца, ён адразу адказвае, што ў яго няма сіл і ён не дасць рады. Ён гаворыць так, бо не хоча засяроджвацца на тым, што можа, а зясяроджваецца на тым, чаго не можа. Але ж ніхто не патрабуе ад нас гераізму. Варта распачаць пост з таго, што проста, што датычыць мяне тут і зараз, што варта змяніць. Сучасны чалавек перастае верыць ва ўласныя сілы. І гэты механізм нявер’я не стаіць на месцы, ён развіваецца ў сэрцы і ў душы такога чалавека, які пазней ужо не верыць, што нават з Богам зможа штосьці пераадолець.
    Самае важнае – зразумець чалавека, яго інтэнцыі і намеры, каб затым зрабіць наступны крок – абвяшчаць збаўленне.
   

Старонка 48 з 76:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  218

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.