Што сказаць пра тых, хто не стрымаў сужэнскай клятвы?
кс. Андрэй Радзевіч
01 лістапада 2009
|
Што сказаць пра тых, хто не стрымаў сужэнскай клятвы, якую яны давалі перад Богам і мужам (ці жонкай) і заключылі новы грамадзянскі сужэнскі саюз?
Тут трэба ўдакладніць некаторыя аспекты. Асоба, якая заключыла новае несакрамэнтальнае сужэнства, не можа (згодна з дзейным заканадаўствам Касцёла) прымаць святыя сакрамэнты. Касцёльнае права практычна пазбаўляе асобы, якія жывуць у несакрамэнтальных сужэнскіх саюзах, магчымасці зрабіць сакрамэнтальным заключаны новы саюз, а ў выніку па-за пэўнымі выключэннямі не даруе грахі такім асобам і не дапускае іх прыняць св. Камунію. Гэта не якое-небудзь пакаранне такіх людзей Касцёлам, а негатоўнасць іх прыняць сакрамэнты, абумоўленая паставай саміх асобаў, якія жывуць у несакрамэнтальным саюзе. Яны, знаходзячыся пастаянна ў стане граху, не здольны прыняць дараванне грахоў у сакрамэнце Пакуты, таму што не выконваюць умовы споведзі: цвёрдае пастанаўленне выправіцца ў лепшы бок, а таму не могуць прыняць св. Камунію. †