ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Парафіі і святыні

Крупава

Парафіі і святыні

Дэканат Ліда
Гэта адна з самых старэйшых парафій Лідскага дэканата, толькі да ІІ Сусветнай вайны яна называлася проста Крупа. Касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут у 1460 г. па фундацыі ўдавы Ганны Давойнавай, якая такім чынам выканала “волю мужа нябожчыка Івашкі”. Яе дочкі Алена і Ульяна далучыліся да фундацыі, а вось сын Пётр быў чамусьці супраць. Затое ўжо дачка Пятра Ганна, па мужу Радагольская, у 1545 г. памножыла фундуш сваёй бабкі. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя. Аднак у другой палове XVI ст. парафія страціла самастойнасць, і мясцовы касцёл у якасці філіяльнага быў прыпісаны да парафіі лідскай фары.
    У 1766 г. у маёнтку Крупа, які належаў тады маршалку лідскаму Нарбуту, была пабудавана капліца.
    У 1777 г. у касцёле было чатыры алтары: галоўны – Найсвяцейшай Тройцы, бакавыя – Маці Божай з абразом, намаляваным у рускім стылі, і св. Яна Непамука, а таксама прысценны алтар у гонар св. Яна з Падуі (так напісана ў інвентары, але гэта, хутчэй за ўсё, памылка і маецца на ўвазе св. Антоній).
 

Мінойты

Парафіі і святыні

Дэканат Ліда
У 1920-я гады тут арганізавалася каталіцкая супольнасць, намаганнямі і на сродкі якой на ўсходняй ускраіне вёскі з 1927 года пачалося будаўніцтва касцёла, які спачатку атрымаў статус філіяльнага ад лідскай парафіі. Святыня пабудавана з дрэва без асаблівых стылёвых архітэктурных рыс. У 1929 годзе тут ужо была заснавана самастойная парафія. Касцёл быў асвечаны 28 ліпеня 1929 года пад падвойным тытулам – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і св. Андрэя Баболі.
    Касцёл уяўляе сабой трохнававую аднавежавую святыню, накрытую двухсхільным металачарапічным дахам, над алтаром – шатровая сігнатурка. Над галоўным фасадам узвышаецца чацверыковая шатровая вежа-званіца. Уваход пазначаны прытворам.
   

Няцеч

Парафіі і святыні

niecieczДэканат Ліда
Касцёл, першапачаткова асвечаны пад тытулам Пана Езуса, быў заснаваны тут у 1715 г. лоўчым Калушэўскім, дзедзічам Няцечы. Апошні будынак святыні, асвечаны пад тытулам Міхала Арханёла, пабудаваны з дрэва на цагляных пабеленых слупах на старых могілках у 1837 г. (капітальна перабудаваны, а на ўваходным камяні-прыступку перад дзвярыма ў сакрыстыю адзначаны 1821 год) у стылі класіцызму маршалкам Станіславам Ласковічам, лідскім павятовым старастам. Святыня дзейнічае і сёння. Да 1860-х гг. пры касцёле існавала парафіяльная школа, а таксама шпіталь, які фундавалі Францішка Буржымоўская, кс. Носевіч і кс. Сіпайла. Да гэтага ж часу існавала і капліца на могілках.
    Касцёл пабудаваны ў цэнтры вёскі, арыентаваны алтаром на ўсход. Святыня прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, перакрытая двухсхільным металічным дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка (тут слупы круглыя ў сячэнні), кампазіцыя завершана невялікай двух’яруснай вежачкай над уваходам і сігнатуркай над прэсбітэрыем.
   

Тракелі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Упершыню ўзгадваюцца ў 1433 г. у лісце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацвярджае Яну Гаштольду ягоную ўласнасць Тракеляў. З канца XVI ст. тут аселі езуіты, і з таго часу да 1865 г. Тракелі разам з Дворышчам утваралі адзіную гаспадарку. Пасля належалі Нікіціным, Языкавым.
    Касцёл пад тытулам Наведзінаў Найсвяцейшай Марыі Панны (Звеставання Найсвяцейшай Марыі Панне), згодна з традыцыяй, быў заснаваны тут у 1500 г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. І першы касцёл, і новыя святыні, якія будавалі на гэтым месцы ў 1680 г. (пасля знішчэння ў 1656 г. падчас “крывавага патопу”, зноў знішчаны пажарам у 1674 г., адбудаваны езуітамі ў 1680 г. і кансэкраваны 4 ліпеня 1687 г. біскупам Цернопальскім, суфраганам прэлатам віленскім Габрыэлем Сільніцкім) былі драўляныя. Аднак тады касцёл стаяў у паўночнай частцы вёскі, прыкладна ў 500-600 метрах ад цяперашняга, каля шашы на Ліпнішкі. На новым месцы, дзе дзейнічае і сёння, таксама драўляны, касцёл быў узве-дзены ў 1830 г. на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка пана Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя навагрудскага. Святыня рэстаўравалася на сродкі парафіян у 1866 г., у 1928 г. (сцены былі ашаляваны звонку і ўнутры), у 1950-х гг. (гонтавы дах замянілі бляшаным). Касцёл мае ў сваім архітэктурным выглядзе рысы і барока, і класіцызму.
    Касцёл зальны, з пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма квадратнымі сакрыстыямі, накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром. Вальмамі накрыта і крухта-бабінец, якая пабудавана ва ўзровень з гзымзамі асноўнага аб’ёму. Верагодна, над крухтаю некалі знахо-дзіўся ярус вежы-званіцы, але сёння над вальмамі ўзвышаецца гранёны фігурны барокавы купал невялікіх памераў.
   

Пеляса

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Парафіяльны касцёл узгадваецца тут як ужо дзеючы ў складзе Лідскага дэканата ў сярэдзіне XVI ст. (заснаваны ў 1553 г.). Магчыма, гэтая святыня знікла падчас “крывавага патопу” 1654–1667 гг. ці была скасавана, паколькі адзначалася як “найбяднейшая”. Па некаторых звестках, да адраджэння самастойнай парафіі тут дзейнічала капліца ад вавёрскай парафіі.
    Адраджэнне парафіі адбылося толькі ў 1917 г., калі тут быў пабудаваны драўляны касцёл, асвечаны пад тытулам св. папы Лінуса. У 1935 г. на месцы драўлянага ўзнёсся ўжо каменны касцёл, і 23 верасня таго ж года яго пад гістарычным тытулам асвяціў кс. прэлат Беляўскас. Фундатарам святыні стаў кс. Будрэцкіс, а будаўніцтвам кіраваў кс. Туцінас.
    Касцёл пабудавалі з бутавага каменю і атынкаванай цэглы ў даволі эклектычным стылі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі. Ён уяўляе сабою аднавежавы зальны храм з паўкруглай апсідай з дзвюма сакрыстыямі. Галоўны фасад, фланкаваны двума атынкаванымі пінаклямі, завершаны магутнай чацверыковай званіцай, накрытай шатровым дахам з такой самай вежачкай.
   

Нача

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Вёска вядома з 1529 г., калі Януш Касцевіч, ваявода падляшскі, разам са сваёй жонкай Марыяй заснаваў тут парафію (перанёс цэнтр парафіі з Дубічаў) і пабудаваў першы драўляны касцёл, асвечаны пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. мучаніка Юрыя. Пазней Нача належала Кішкам, Ра-дзівілам.
    Апошні драўляны буды-нак святыні быў пабудаваны намаганнямі кс. Юзафа Кучэўскага і парафіян у 1756 г. Гэта быў велічны трохнававы храм з пяціграннай апсідай, арыентаванай на захад, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі, паўднёвая з якіх была пашырана. Касцёл быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам з застрэшкамі і вальмамі над прэзбітэрыем і ўвенчваўся васьміграннай шатровай вежай над уваходам і дастаткова вялікай чацверыковай сігнатуркай над алтаром. У галоўным алтары была змешчана вядомая цудамі фігура Пана Езуса Антокальскага.
    У 1780 г. у Начы, якая належала палкоўніку Тамашу Масальскаму, была збудавана капліца.
    Але драўляныя пабудовы не могуць стаяць вечна, і ў 1910 г. на сродкі вернікаў на ранейшым месцы ў цэнтры вёскі ўзнёсся велічны дзвюхвежавы касцёл з вонкавай чырвонай цэглы ў стылі мадэрн з рысамі неаготыкі і неараманікі. Святыня трохнававая з двухпавярховым трансептам (унізе знаходзяцца сакрыстыі, наверсе – малітоўныя ложы) і паўкруглай апсідай. Галоўны фасад пазначаны дзвюма стромкімі пяціяруснымі (верхні ярус васьмерыковы, ніжнія чацверыковыя) вежамі-званіцамі пад высокімі гранёнымі спічакамі. Касцёл багата дэкараваны профільнымі паясамі, нішамі, ступеньчатымі контрфорсамі, пінаклямі, сігнатуркай з фігурнай цэглы. Вітыя лесвіцы ў кутах трансепта, што вядуць на малітоўныя ложы, у аб’ёме пераходзяць таксама ў васьмігранныя шатровыя вежачкі. Касцёл быў кансэкраваны 26 красавіка 1927 г.
   

Канвелішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Радунь
Паселішча вядома з дру-гой паловы XVIІ ст. як маёнтак Калвелішкі ў Ашмянскім павеце, які належаў роду Пражмоўскіх і ў склад якога ўваходзілі вёска Калвелішкі і мястэчка Смолінск (пазней Канвалішкі). Смолінскі касцёл адзначаны ў 1738 г. як ужо дзеючы і прыпісаны ў якасці капліцы да беняконскай парафіі. Гэта была пабудаваная ў выгля-дзе цэнтрычнай, хутчэй за ўсё васьміграннай ратонды святыня. У алтары святыні быў змешчаны абраз св. Ганны. У канцы ХІХ ст. капліца па невядомых прычынах стаяла зачыненая.
    У 1808 г. Мікалай Янкоўскі, канонік мінскай катэдры і тагачасны ўладальнік вёскі, сумесна са сваімі пляменнікамі Амброзіем і Алойзам Янкоўскімі, зафундавалі тут самастойную парафію і касцёл, кансэкраваны пад тытулам св. Мікалая 28 жніўня 1809 г. Дзвюхвежавая святыня была пабудавана з сасны над каменнай крыптай – родавай пахавальняй роду Янкоўскіх. Першымі тут былі пахаваны тры фундатары касцёла – Мікалай Янкоўскі (+1821), Амброзій, маршалак шляхты ашмянскай (+1828) і Алойзы, ветэран польскага войска (+1840). У галоўным алтары было змешчана вялікае разьбянае Укрыжаванне.
   

Старонка 6 з 22:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.