ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

IV Велікодная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але залазіць інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых».
   Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
   Езус зноў сказаў: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я - брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я - брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку».

Ян 10, 1-10

 

III Велікодная Нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Вось двое вучняў Езуса ішлі ў вёску, званую Эмаус, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема. I размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. I калі яны размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі. Але вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго.
    I Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» I яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, напэўна, адзіны, хто жыве ў Ерузалеме і не ведае, што ў гэтыя дні там сталася». I спытаў у іх: «Што?»
    Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэту, які быў прарокам магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і правадыры нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль».

Лк 24, 13 -35

   

Нядзеля Божай Міласэрнасці

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: «Спакой вам!» I, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас.» I, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца».
    Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: «Мы бачылі Пана». Але ён сказаў ім: «Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу».
    I праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: «Спакой вам!» Потым кажа Тамашу: «Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым». Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: «Пан мой і Бог мой!» Езус кажа яму: «Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў».

Ян 20, 19-31

   

Уваскрэсенне Пана

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. I пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: «Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго».
    Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. I другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.

Ян 20, 1 -9

   

Пальмовая нядзеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай, усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: «Элі, Элі, лема сабахтані? Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?» Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: «Ён кліча Іллю». I адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе ў воцат, насадзіў на трысціну і даў Яму піць. А другія казалі: «Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго». А Езус зноў ускрыкнуў моцным голасам і сканаў.
    I вось заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі. I выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрэсення, і ўвайшлі ў святы горад і паказаліся многім.
    А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: «Сапраўды, гэта быў Сын Божы».

Мц 27, 45-54

   

V Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Быў адзін хворы, Лазар з Бэтаніі, з вёскі Марыі і яе сястры Марты. Гэта была тая Марыя, якая намасціла Пана мірам і абцерла Яму ногі сваімі валасамі. А Лазар, які хварэў, быў яе братам.
    Сёстры паслалі сказаць Езусу: «Пане, той, каго Ты любіш, хворы». Пачуўшы гэта, Езус сказаў: «Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе». Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара. Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. (…)
    Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле. Бэтанія была блізка ад Ерузалема, каля пятнаццаці стадыяў, і шмат хто з юдэяў прыйшоў да Марты і Марыі, каб суцешыць іх у смутку па браце. Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: «Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе».
    Езус сказаў ёй: «Уваскрэсне брат твой». Марта сказала Яму: «Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень». Езус сказаў ёй: «Я - уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?»
    Яна адказала Яму: «Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет».

Ян 11, 1-45

   

IV Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Праходзячы, Езус убачыў чалавека, сляпога ад нараджэння. I вучні спыталіся ў Яго, кажучы: «Раббі, хто зграшыў, ён ці бацькі ягоныя, што ён нарадзіўся сляпым?» Езус адказаў: «Ні ён не зграшыў, ні бацькі ягоныя, але сталася гэта дзеля таго, каб праз яго выявіліся справы Божыя. Пакуль дзень, нам трэба рабіць справы таго, хто паслаў Мяне. Надыходзіць ноч, калі ніхто не можа рабіць. Пакуль Я на свеце, Я - святло свету». Сказаўшы гэта, Ён плюнуў на зямлю, зрабіў са сліны гразь, і памазаў граззю вочы сляпому, і сказаў яму: «Ідзі, абмыйся ў купальні Сілаам» (што перакладаецца «пасланы»). Той пайшоў, абмыўся і прыйшоў відушчы.

Ян 9, 1-41

   

III Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Прыйшоў Езус у самарыйскі горад, званы Сіхар, блізка да надзелу зямлі, які даў Якуб сыну свайму Юзафу. Была там студня Якуба. Езус жа, стомлены дарогай, сеў пры студні. Было каля шостай гадзіны. Вось прыходзіць жанчына з Самарыі зачарпнуць вады. Езус кажа ёй: “Дай Мне піць”. Вучні ж Ягоныя адышлі ў горад купіць ежы. Жанчына самаранка кажа Яму: “Як Ты, юдэй, просіш піць у мяне, самаранкі?” (Бо юдэі не маюць зносін з самаранамі.) Езус сказаў ёй у адказ: “Калі б ты ведала дар Божы і хто кажа табе «дай мне піць», то сама прасіла б у Яго, і Ён бы даў табе жывой вады”. Жанчына кажа Яму: “Пане, у цябе і зачарпнуць няма чым, а студня глыбокая; адкуль жа ў Цябе вада жывая? Няўжо ты большы ад айца вашага Якуба, які даў нам гэтую студню і сам з яе піў, і дзеці яго, і статкі яго?” Езус сказаў ёй у адказ: “Кожны, хто п'е гэтую ваду, зноў запрагне, а хто будзе піць ваду, якую Я дам яму, не запрагне навекі, але вада, якую дам яму, стане ў ім крыніцай вады, якая цячэ ў жыццё вечнае”.

Ян 4, 5-42

   

II Нядзеля Вялікага посту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і павёў іх адных на высокую гару. I перамяніўся перад імі, а аблічча Ягонае заззяла, як сонца, і адзенне Ягонае стала белае, як святло. I вось з'явіліся ім Майсей і Ілля, і размаўлялі з Ім. Пётр сказаў у адказ Езусу: “Пане, добра нам тут быць. Калі хочаш, я зраблю тут тры шатры: адзін для Цябе, адзін для Майсея і адзін для Іллі”. Калі ён яшчэ казаў, светлае воблака агарнула іх, і вось голас з воблака сказаў: “Гэта Сын Мой Умілаваны, якога Я ўпадабаў. Яго слухайце”. Пачуўшы гэта, вучні ўпалі ніцма і вельмі спалохаліся. А Езус падышоў, дакрануўся да іх і сказаў: “Устаньце і не бойцеся”. Калі яны ўзнялі свае вочы, нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Езуса. I калі сыходзілі з гары, Езус загадаў ім, кажучы: “Нікому не кажыце пра гэтае бачанне, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых”.

Мц 17, 1-9

   

Старонка 59 з 68:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.