ГРОДНА
Нядзеля,
26 мая
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

ХVII нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус адышоў на другі бок Галілейскага, або Тэберыядскага мора. Ішло за Ім мноства людзей, таму што бачылі цуды, якія Ён чыніў над хворымі. Езус узышоў на гару і сядзеў там са сваімі вучнямі. А набліжалася Пасха, юдэйскае свята. Калі Езус узняў вочы і ўбачыў, што мноства людзей ідзе да Яго, сказаў Філіпу: “Дзе нам купіць хлеба, каб накарміць іх?” А казаў гэта, выпрабоўваючы яго, бо сам ведаў, што збіраўся рабіць.
    Філіп адказаў Яму: “Хлеба на дзвесце дынараў не хопіць, каб кожнаму дасталося хоць крыху”. Адзін з вучняў Ягоных, Андрэй, брат Сымона Пятра, кажа Яму: “Ёсць тут адзін хлопец, які мае пяць ячменных хлябоў і дзве рыбы, але што гэта для такога мноства?”
    Езус сказаў: “Загадайце ім сесці”. А было на тым месцы шмат травы. I селі людзі, якіх было каля пяці тысяч.
    Езус узяў хлябы і, падзякаваўшы, раздаў тым, хто сядзеў; таксама і рыбы, колькі хто хацеў. А калі насыціліся, сказаў вучням сваім: “Збярыце кавалкі, што засталіся, каб нічога не змарнавалася”. Сабралі і напоўнілі дванаццаць кашоў кавалкамі з пяці ячменных хлябоў, якія засталіся пасля тых, хто еў.
    Калі ж людзі ўбачылі, які цуд учыніў Езус, казалі: “Ён сапраўды прарок, які мае прыйсці на свет”. Калі Езус даведаўся, што хочуць прыйсці і схапіць Яго, каб зрабіць каралём, зноў адышоў на гару адзін.

Ян 6, 1-15

 

ХVI нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Сабраліся Апосталы каля Езуса і расказалі Яму ўсё, што зрабілі і чаму навучылі. I Ён сказаў ім: “Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце”. Бо так шмат людзей прыходзіла і адыходзіла, што нават не было ім калі паесці. I адплылі яны ў пустыннае месца на чаўне адны.
    I ўбачылі, што яны адплылі. I шмат хто, даведаўшыся, пешкі збегліся туды з усіх гарадоў і апярэдзілі іх. Выйшаўшы, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, бо яны былі як авечкі без пастыра. I пачаў іх вучыць многаму.

Мк 6, 30-34

   

ХV нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус паклікаў Дванаццаць і пачаў высылаць іх па двое, і даў ім уладу над нячыстымі духамі. I наказаў ім не браць у дарогу нічога, апрача толькі кія: ні хлеба, ні торбы, ні медзі ў поясе, але абувацца ў сандалі і не апранаць дзвюх вопратак.
    I сказаў ім: “Калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся там, пакуль не выйдзеце адтуль. I калі ў якім месцы не прымуць вас і не будуць слухаць вас, то, выходзячы адтуль, абтрасіце пыл, што пад нагамі вашымі, дзеля сведчання супраць іх”.
    I, пайшоўшы, яны прапаведавалі пакаянне, і выганялі шмат дэманаў, і шмат хворых намашчвалі алеем, і вылечвалі.

Мк 6, 7-13

   

ХІV нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус прыйшоў на сваю бацькаўшчыну. А за Ім ішлі Ягоныя вучні. Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сінагозе. Многія, хто слухаў, здзіўляліся і казалі: “Адкуль у Яго гэта, і што гэта за мудрасць, якая дадзена Яму, і як такія цуды чыняцца Ягонымі рукамі? Ці ж гэта не цясляр, сын Марыі, брат Якуба, Юзафа, Юды і Сымона? Ці ж не тут сярод нас Ягоныя сёстры?” I сумняваліся ў Ім.
    А Езус казаў ім: “Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй, у родных і ў доме сваім”.
    Таму не мог там учыніць ніякага цуду, толькі на некалькі хворых усклаў рукі і аздаравіў іх. I дзівіўся іхняму бязвер’ю. I хадзіў па навакольных вёсках, і вучыў.

Мк 6, 1-6

   

ХІІІ нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
I пайшоў з ім Езус. А вялікі натоўп ішоў за Ім, і ціснуліся да Яго. А пэўная жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў, патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш, пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонай вопраткі, бо казала сама сабе: “Калі хаця б дакрануся да Яго вопраткі, выздаравею”. I адразу ж спыніўся ў яе крывацёк, і адчула яна ў целе, што выздаравела ад хваробы. Езус жа, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: “Хто дакрануўся да Маёй вопраткі?” I вучні Ягоныя сказалі Яму: “Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся «хто дакрануўся да Мяне?»” Але Ён аглядаўся навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта. Жанчына ж спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што сталася ёй. Яна падышла і ўпала перад Ім, і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: “Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь здаровая ад хваробы сваёй”.

Мк 5, 21-43

   

Нараджэнне св. Яна хрысціцеля

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
У часы Ірада, караля юдэйскага, быў адзін святар па імені Захарыя, з роду Абія. Жонка ягоная была з роду Аарона; і было імя яе Альжбета. Абодва яны былі справядлівымі перад Богам, жывучы беззаганна паводле ўсіх запаведзей і наказаў Пана. Але не мелі дзіцяці, бо Альжбета была бясплодная; былі яны ўжо ў старым узросце.
    Калі Захарыя па вызначанай чарзе выконваў святарскае служэнне перад Богам, яму, паводле святарскага звычаю, выпаў лёс увайсці ў святыню Пана, каб кадзіць. Усё ж мноства народу малілася звонку падчас каджэння.
    I з’явіўся яму анёл Пана, які стаяў з правага боку кадзільнага ахвярніка. I збянтэжыўся Захарыя, калі ўбачыў яго, і страх ахапіў яго.
    Анёл жа сказаў яму: “Не бойся, Захарыя, бо выслухана просьба твая, і жонка твая Альжбета народзіць табе сына і назавеш яго імем Ян. I будзе табе радасць і вяселле, і шмат хто ўзрадуецца нараджэнню ягонаму. Бо ён будзе вялікі ў вачах Пана, і не будзе піць ні віна, ні хмяльнога напою, і напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй. I многіх з сыноў Ізраэля наверне да Пана Бога іхняга. I пойдзе перад Ім у духу і моцы Іллі, каб звярнуць сэрцы бацькоў да дзяцей, непаслухмяных да разважлівасці справядлівых, каб падрыхтаваць для Пана народ дасканалы”.

Лк 1, 5-17

   

ХІ нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус сказаў народу: “Валадарства Божае, нібы чалавек, што кідае зерне ў зямлю. I спіць, і ўстае ноччу і днём, а як зерне ўзыходзіць і расце, ён не ведае. Бо зямля прыносіць плён сама па сабе: спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе. Калі ж саспее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво”.
    I казаў: “З чым параўнаем Валадарства Божае? Ці ў якой прыпавесці выявім яго? Яно – як гарчычнае зерне: калі яго сеюць у зямлю, яно найменшае з усяго насення на зямлі. Калі ж пасеяна, узыходзіць і становіцца большым за ўсялякую зеляніну, і пускае вялікае галлё, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя”.
    У многіх такіх прыпавесцях прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі слухаць. I без прыпавесці не казаў ім, а сваім вучням сам-насам тлумачыў усё.

Мк 4, 26-34

   

Х Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус з вучнямі прыйшоў у дом. I зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават хлеба паесці. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум. А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбуба і выганяе дэманаў праз князя дэманаў.
   А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: “Як можа сатана выганяць сатану?”
   Калі валадарства раздзеліцца само ў сабе, не можа выстаяць такое валадарства. I калі дом раздзеліцца сам у сабе, не можа выстаяць такі дом. I калі сатана паўстаў супраць самога сябе і раздзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка, і толькі тады абрабуе дом ягоны. Сапраўды кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, не атрымае даравання ніколі, але падлягае вечнаму асуджэнню. Так сказаў, бо гаварылі пра Яго: “Ён мае нячыстага духа”.
   I прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Сядзеў каля Яго натоўп і казаў Яму: “Вось Маці Твая і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе”.
   І сказаў ім у адказ: “Хто маці Мая і браты Мае?” І паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: “Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра, і маці”.

Мк 3, 20-35

   

Найсвяцейшай Тройцы

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. I калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі. Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. I вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”.

Мц 28, 16-20

   

Старонка 52 з 68:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  220

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.