ГРОДНА
Аўторак,
14 мая
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

УРАЧЫСТАСЦЬ ЕЗУСА ХРЫСТА, ВАЛАДАРА СУСВЕТУ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Пілат спытаўся ў Езуса: “Ты Кароль юдэйскі?”. Езус адказаў яму: “Ці ад сябе ты кажаш гэта, ці іншыя сказалі табе пра Мяне?”. Пілат адказваў: “Ці ж я юдэй? Твой народ і першасвятары выдалі Цябе мне. Што Ты зрабіў?”. Езус адказаў: “Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б з гэтага свету было Маё Валадарства, то слугі Мае заступіліся б за Мяне, каб Я не быў выдадзены юдэям. Але цяпер Маё Валадарства не адгэтуль”. Пілат сказаў Яму: “Значыць, Ты Кароль?”. Езус адказаў: “Ты кажаш, што Я Кароль. Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой”.
Ян 18, 33b–37
 

ХXXІІI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус сказаў сваім вучням: “У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць. А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец”.
Мк 13, 24–32
   

ХXXІІ ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Езус сказаў народу, навучаючы: “Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і прывітанні на рынках, і першыя лаўкі ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і напаказ доўга моліцца, атрымаюць найцяжэйшы прысуд”.
    І, сеўшы насупраць скарбонкі, Езус назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. І прыйшла адна бедная ўдава, і ўкінула дзве лепты, што складае чвэрць аса. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: “Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пажытак свой”.
Мк 12, 38–44
   

ХXXІ ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Адзін кніжнік падышоў да Езуса і спытаўся ў Яго: “Якая запаведзь першая з усіх?”. Езус адказаў: “Першая такая: «Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш – Пан адзіны; любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй». Другая: «Любі бліжняга твайго, як самога сябе». Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя”.
    І сказаў Яму кніжнік: “Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апрача Яго. Любіць Яго ўсім сэрцам і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе – гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні”. Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: “Недалёка ты ад Валадарства Божага”. І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Мк 12, 28b–34
   

ХXX ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Езус спыніўся і сказаў: “Паклічце яго”. І паклікалі сляпога, кажучы яму: “Смялей, уставай, Ён кліча цябе”. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?”. Сляпы сказаў Яму: “Настаўнік, каб я зноў бачыў”. Езус сказаў яму: “Ідзі, вера твая вылечыла цябе”. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Мк 10, 46–52
   

ХXIX ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Падышлі да Езуса Якуб і Ян, сыны Зэбэдэя, і сказалі Яму: “Настаўнік, мы хочам, каб Ты зрабіў нам тое, пра што Цябе папросім”. Ён жа адказаў ім: “Што хочаце, каб Я зрабіў вам?”. Яны сказалі Яму: “Дай нам сесці аднаму праваруч, а другому леваруч Цябе ў славе Тваёй”. Але Езус сказаў ім: “Не ведаеце, аб чым просіце. Ці можаце піць келіх, які Я п’ю, і прыняць хрост, якім Я ахрышчаны?”. Яны адказалі Яму: “Можам”. А Езус сказаў ім: “Келіх, які Я п’ю, піць будзеце, і хростам, якім Я хрышчуся, будзеце ахрышчаны, але даць сесці праваруч ці леваруч Мяне не ад Мяне залежыць, а каму падрыхтавана”. І, пачуўшы, дзесяць вучняў пачалі абурацца на Якуба і Яна. А Езус паклікаў Дванаццаць і сказаў ім: “Вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх. Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх”.
Мк 10, 35–45
   

ХXVIII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Калі Езус вырушыў у дарогу, падбег да Яго адзін чалавек, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: “Настаўнік добры, што мне зрабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?”. Езус сказаў яму: “Чаму называеш Мяне добрым? Ніхто не ёсць добрым, толькі адзін Бог. Ты ведаеш запаведзі: не распуснічай, не забівай, не крадзі, не сведчы ілжыва, не ашуквай, шануй бацьку свайго і маці”. А той сказаў Яму ў адказ: “Настаўнік, усё гэта я захоўваў з маладосці маёй”. Езус, паглядзеўшы на яго, умілаваў яго і сказаў: “Табе нестае аднаго, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною”. А ён засмуціўся ад гэтых слоў і адышоў маркотны, бо ў яго была вялікая маёмасць. Езус паглядзеў навокал і сказаў сваім вучням: “Як цяжка будзе тым, хто мае багацце, увайсці ў Валадарства Божае!”. Вучні ж дзівіліся словам Ягоным. Але Езус зноў сказаў ім у адказ: “Дзеці, як цяжка тым, хто спадзяецца на багацце, увайсці ў Валадарства Божае. Лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае”. А яны яшчэ больш здзіўляліся і казалі адзін аднаму: “Хто ж можа збавіцца?”. Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: “У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма”.
Мк 10, 17–27
   

ХXVII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Падышлі фарысеі да Езуса і, выпрабоўваючы Яго, спыталіся, ці дазволена мужу разводзіцца з жонкаю? Ён сказаў ім у адказ: “Што наказаў вам Майсей?”. Яны сказалі: “Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца”. А Езус сказаў ім у адказ: “Дзеля жорсткасці сэрца вашага ён напісаў вам гэтую запаведзь, бо на пачатку стварэння Бог стварыў іх мужчынам і жанчынай. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і злучыцца са сваёй жонкай, і будуць двое адным целам. Так што яны ўжо не двое, але адно цела. Таму тое, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае”.
    У доме вучні зноў спыталіся ў Яго пра гэта. Ён сказаў ім: “Хто развядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з іншай, той чыніць распусту ў дачыненні да яе. І калі жонка развядзецца з мужам сваім і выйдзе за іншага, чыніць распусту”.
Мк 10, 2–12
   

ХXVI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Ян сказаў Езусу: “Настаўнік, мы бачылі чалавека, які ў імя Тваё выганяў злых духаў, і забаранялі яму, бо не хадзіў з намі”. Езус жа сказаў: “Не забараняйце яму, бо ніхто, хто ўчыніў цуд у Маё імя, не зможа адразу пачаць зласловіць Мяне. Бо хто не супраць нас, той з намі. І хто напоіць вас кубкам вады ў імя таго, што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, не страціць сваёй узнагароды. А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, якія вераць у Мяне, таму лепш было б, каб павесілі яму на шыю млынавы камень і кінулі яго ў мора. Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе. Лепш табе калекаю ўвайсці ў жыццё, чым з дзвюма рукамі ісці ў геену, у агонь непагасны. І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе. Лепш табе ўвайсці ў жыццё кульгавым, чым з дзвюма нагамі быць кінутым у геену. І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе з адным вокам увайсці ў Валадарства Божае, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену, дзе чарвяк іх не памірае і агонь не гасне”.
Мк 9, 38–43. 45. 47–48
   

Старонка 19 з 68:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  232

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.