ГРОДНА
Аўторак,
14 мая
2024 года
 

Разважанні з Божым Словам

VI ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў сваім вучням: “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, але Айца, які паслаў Мяне. Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшальнік, Святы Дух, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта адбудзецца”.
Ян 14, 23–29
 

V ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Калі Юда выйшаў з вячэрніка, Езус сказаў: “Цяпер услаўлены Сын Чалавечы, а Бог услаўлены ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі. Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго”.
Ян 13, 31–33a. 34–35
   

IV ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус сказаў: “Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною. І Я даю ім вечнае жыццё навекі, і яны не загінуць ніколі, і ніхто не вырве іх з рук Маіх. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца Майго. Я і Айцец – адно”.
Ян 10, 27–30
   

III ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Завядзея і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр кажа ім: “Іду лавіць рыбу”. Яны адказалі яму: “І мы пойдзем з табою”. Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі. Калі ўжо развіднела, Езус стаяў на беразе. Але вучні не ведалі, што гэта быў Езус. Кажа ім Езус: “Дзеці, ці маеце чаго з’есці?”. Яны адказалі Яму: “Не”. А Ён сказаў ім: “Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце”. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы. Тады вучань, якога любіў Езус, сказаў Пятру: “Гэта Пан”. Калі Сымон Пётр пачуў, што гэта Пан, падперазаўся вопраткай, бо быў голы, і кінуўся ў мора. А іншыя вучні прыплылі на чаўне, бо недалёка былі ад берага, локцяў каля двухсот, а сетку з рыбай цягнулі за сабою. І калі выйшлі на бераг, убачылі раскладзенае вогнішча, а на ім пакладзеную рыбу і хлеб.
    І сказаў ім Езус: “Прынясіце яшчэ рыбы, што цяпер налавілі”. Пайшоў Сымон Пётр і выцягнуў на бераг сетку, поўную вялікіх рыб, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць іх было столькі, сетка не парвалася. Кажа ім Езус: “Хадзіце ж, снедайце!”. Ніхто з вучняў не адважыўся спытацца ў Яго: “Хто Ты?” – бо ведалі, што гэта Пан. А Езус падышоў, узяў хлеб і падаў ім, а таксама і рыбу. Гэта ўжо трэці раз з’явіўся Езус вучням пасля свайго ўваскрасення.
    Калі ж яны паснедалі, Езус кажа Сымону Пятру: “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?”. Той адказаў Яму: “Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Езус кажа яму: “Пасі ягнят Маіх”. Зноў кажа яму другі раз: “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?”. Ён адказаў: “Так, Пане, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Езус кажа яму: “Пасі авечак Маіх”. І сказаў яму трэці раз: “Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?”. Пётр засмуціўся, што трэці раз спытаўся ў яго: “Ці любіш ты Мяне?” – і сказаў: “Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе”. Езус кажа яму: “Пасі авечак Маіх. Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпяража цябе і павядзе, куды не хочаш”. А гаварыў так, каб зазначыць, якой смерцю той уславіць Бога. І пасля гэтых слоў, кажа яму: “Ідзі за Мной”.
Ян 21, 1–19
   

НЯДЗЕЛЯ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: “Спакой вам!”. І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: “Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас”. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: “Прыміце Святога Духа. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца”. Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: “Мы бачылі Пана”. Але ён сказаў ім: “Калі не ўбачу на руках Яго ран ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу”. І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: “Спакой вам!”. Потым кажа Тамашу: “Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым”. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: “Пан мой і Бог мой!”. Езус кажа яму: “Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў”. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.
Ян 20, 19–31
   

НЯДЗЕЛЯ УВАСКРАСЕННЯ ПАНА

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
У першы дзень тыдня Марыя Магдалена прыйшла да магілы раніцай, калі было яшчэ цёмна, і ўбачыла, што камень адсунуты ад магілы. І пабегла, і прыбыла да Сымона Пятра і да другога вучня, якога любіў Езус, і сказала ім: “Забралі Пана з магілы, і не ведаем, дзе паклалі Яго”. Тады выйшаў Пётр і другі вучань, і пайшлі да магілы. Пабеглі абодва разам. І другі вучань пабег наперадзе хутчэй за Пятра і прыбыў да магілы першы. Заглянуўшы, убачыў, што ляжаць палотны, аднак не ўвайшоў. Тады прыйшоў за ім Сымон Пётр і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў палотны, якія там ляжалі, і хусту, якая была на галаве Ягонай, не з палотнамі яна ляжала, а асобна, скручаная на іншым месцы. Тады ўвайшоў і той другі вучань, што прыбег першы да магілы, і ўбачыў, і паверыў. Бо яны яшчэ не ведалі Пісання, што трэба было Яму ўваскрэснуць з мёртвых.
Ян 20, 1–9
   

ПАЛЬМОВАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Іерусалім. І калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, кажучы: “Ідзіце ў вёску, што перад вамі, і, калі ўвойдзеце ў яе, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце. А калі нехта спытаецца ў вас, навошта адвязваеце, скажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”. Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім. А калі яны адвязвалі асляня, гаспадары яго запыталі іх: “Навошта адвязваеце асляня?”. Яны адказалі: “Яно патрэбна Пану”. І прывялі яго да Езуса, і, накінуўшы на асляня сваё адзенне, пасадзілі Езуса. І калі Ён ехаў, рассцілалі адзенне сваё на дарозе. А калі наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам славіць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі, кажучы: “Бласлаўлёны Кароль, які ідзе ў імя Пана! Спакой у небе і хвала на вышынях!”. Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: “Настаўнік, забарані вучням Тваім”. А Ён адказаў: “Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць”.
Лк 19, 28–40
   

V НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Яна
Езус пайшоў на Аліўную гару, а раніцай зноў з’явіўся ў святыні. І ўсе людзі ішлі да Яго, а Ён сеў і вучыў іх. Прывялі тады кніжнікі і фарысеі да Яго жанчыну, якую злавілі на чужаложстве. Паставілі яе пасярэдзіне і сказалі Яму: “Настаўнік, гэтую жанчыну злавілі на чужаложстве. А Майсей наказаў нам у Законе каменаваць такіх. А Ты што скажаш?”. Яны казалі гэта, бо выпрабоўвалі Яго, каб мець у чым абвінаваціць Яго. Але Езус, схіліўшыся, пісаў пальцам па зямлі. Калі ж пыталіся ў Яго далей, Ён выпрастаўся і сказаў ім: “Хто з вас без граху, няхай першы кіне ў яе камень”. І зноў, схіліўшыся, пісаў па зямлі. Яны ж, калі пачулі гэта, выйшлі адзін за адным, пачынаючы са старэйшых. Застаўся адзін Езус і жанчына, якая стаяла пасярэдзіне. Езус выпрастаўся і сказаў ёй: “Жанчына, дзе яны? Ніхто не асудзіў цябе?”. Яна адказала: “Ніхто, Пане”. Езус сказаў ёй: “I Я не асуджаю цябе; ідзі, і адгэтуль больш не грашы”.
Ян 8, 1–11
   

ІV НЯДЗЕЛЯ ВЯЛІКАГА ПОСТУ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”. Але Езус расказаў фарысеям і кніжнікам наступную прыпавесць, кажучы: “У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: «Ойча, дай належную мне частку маёмасці». І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё і ад’ехаў у далёкі край, і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі ён аддаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: «Колькі наймітаў у бацькі майго маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да бацькі майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх». І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі.
    А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся. І, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: «Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам». Бацька ж сказаў слугам сваім: «Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў памерлы і ажыў, прапаў і знайшоўся». І пачалі весяліцца. А старэйшы сын ягоны быў на полі. І калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слуг, спытаўся: «Што гэта такое». Той адказаў яму: «Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым». Ён разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў бацьку: «Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляня, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля». Ён жа адказаў яму: «Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё – тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся»”.
Лк 15, 1–3. 11–32
   

Старонка 16 з 68:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  232

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.