ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Слова для Жыцця

Слова для Жыцця (142)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Пан не можа абысціся без нас:
    Ён ніколі не стане Богам “без чалавека”. Упэўненасць у гэтым з’яўляецца крыніцай хрысціянскай надзеі. Трэба мець адвагу, каб гаварыць Усявышняму “Ойча”. Гэта дасканала перадае літургія, падчас якой у запрашэнні да супольнага адгаворвання малітвы Езуса ўжываем фармуліроўку: “асмельваемся казаць”. На самой справе зварот да Бога па імені “Айцец” – гэта не штосьці само па сабе зразумелае. Мы схільныя ўжываць узнёслыя тытулы, якія здаюцца больш паважлівымі да Яго трансцэндэнтнасці. Але магчымасць называць Бога Айцом уводзіць нас у даверлівыя адносіны з Ім, на падабенства дзіцяці, якое звяртаецца да свайго таты, ведаючы, што ён любіць і клапоціцца.
    Гэта вялікая рэвалюцыя, якую хрысціянства здзейсніла ў рэлігійнай псіхалогіі людзей. Таямніца Бога, які заўсёды ўражвае і дазваляе адчуць сябе малымі, не палохае, не прыгнятае, не падаўляе. Але гэта цяжка прыняць у чалавечую душу. Так цяжка, што нават у апавяданнях пра ўваскрасенне гаворыцца, што жанчыны, калі ўбачылі пустую магілу і анёла, “пабеглі... бо ахапіў іх страх і здзіўленне” (Мк 16, 8). Але Езус адкрыў, што Бог – гэта добры Айцец, і таму неаднаразова кажа нам: “Не бойцеся!”.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас агульнай аўдыенцыі, 07.06.2017 
 

Слова для Жыцця (141)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Вучні пазналі Пана ў жэсце ламання хлеба. Гэта ў ім змяшчаецца ўся гісторыя Езуса. Эўхарыстыя з’яўляецца знакам таго, чым павінен быць Касцёл. Пан ламае нашае жыццё і дае яго іншым, бо няма любові без ахвяры.
    Сустрэча Хрыста з 2-ма вучнямі, што накіроўваліся ў Эмаўс, была кароткай. Але, тым не менш, яна дэманструе галоўнае прызначэнне Касцёла. Гэты выпадак паказвае нам, што хрысціянская супольнасць не закрытая ў непрыступнай крэпасці, але крочыць у жывым асяроддзі, знаходзіцца ў дарозе. Там сустракае людзей са сваімі надзеямі і расчараваннямі, часам цяжкімі. Касцёл слухае гісторыі ўсіх, як быццам вымаючы іх са шкатулкі асабістага сумлення, каб затым даць Слова жыцця і сведчанне Божай любові – любові, вернай да канца.
    Мы ўсе ў жыцці мелі складаныя і цёмныя моманты, хвіліны, калі ішлі сумныя, задуменныя, без перспектыў, бачачы перад сабой толькі сцяну. Езус заўсёды побач, каб даць надзею, каб распаліць нашы сэрцы. Ён гаворыць: “Ідзі наперад, Я з Табой. Ідзі наперад”.
Фрагмент катэхезы, прамоўленай падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, 24.05.2017  
   

Слова для Жыцця (140)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Марыя паказана ў Евангеллі як маўклівая жанчына, якая часта не разумела ўсяго, што адбывалася навокал, але разважала над кожным словам і падзеяй у сваім сэрцы. У такіх паводзінах бачна прыгожая рыса Яе псіхікі: Марыя не скараецца перад няўпэўненасцю жыцця, асабліва калі здаецца, што нічога не атрымліваецца. Тым больш гвалтоўна не пратэстуе, наракаючы на жыццёвы лёс, які нам часта паказвае сваё варожае аблічча. Яна слухае: не забывайцеся, што заўсёды існуе вялікая сувязь паміж надзеяй і слуханнем.
    Мы не сіроты, бо маем Маці ў Небе – гэта святая Багародзіца. Яна вучыць нас цноце чакання, нават калі ўсё здаецца пазбаўленым сэнсу. Яна заўсёды давярае таямніцы Бога, нават калі Ён здаецца незаўважным за злом свету. Прымае жыццё такім, якім яно даецца: са сваімі шчаслівымі днямі, але і трагедыямі, каторыя наўрад хто хоча напаткаць. Вось бы Марыя ў моманты цяжкасцей падтрымлівала нашы крокі і казала ў сэрцы: “Устань, паглядзі наперад! Паглядзі на гарызонт”. Бо Яна – Маці надзеі.
Фрагмент катэхезы падчас агульнай аўдыенцыі, 10.05.2017 
   

Слова для Жыцця (139)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Наш Бог – не адсутны Бог, выкрадзены далёкім Небам. Наадварот, Ён “натхнёны” чалавекам, якога любіць так пяшчотна, што не здольны ад яго длучыцца. Мы, людзі, можам разбураць сувязі і масты, а Ён – не. Калі наша сэрца астывае – Яго сэрца заўсёды застаецца гарачым. Бог суправаджае нас заўсёды, нават калі, на няшчасце, забываемся пра Яго.
    На вузкай мяжы, якая аддзяляе веру ад нявер’я, вызначальнае значэнне мае адкрыццё таго, што нас любіць і падтрымлівае Айцец, які ніколі не пакіне сваё стварэнне ў адзіноце.
    Як доўга Бог будзе клапаціцца пра чалавека? Як доўга Пан Езус, які ідзе побач, будзе намі апекавацца? Адказ Евангелля не пакідае месца для сумненняў: да канца свету! Нябёсы прамінуць, зямля праміне, а Божае слова большае за ўсё і не праміне. А Ён – Бог з намі, Езус – Бог, які ідзе з намі. Не будзе ніводнага дня ў жыцці, калі б мы перасталі быць клопатам Божага сэрца. Ён непакоіцца пра нас і ідзе побач. А чаму так робіць? Проста таму, што любіць нас.
Фрагмент катэхезы, прамоўленай падчас агульнай аўдыенцыі, 26.04.2017 
   

Слова для Жыцця (138)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Калі хтосьці з вас мяне запытае, як нараджаецца надзея, адкажу: “З крыжа. Паглядзі на яго, зірні на распятага Хрыста, і адтуль да цябе прыйдзе надзея, якая ўжо не знікне, якая трывае ажно да вечнага жыцця”. І гэтая надзея паўстала толькі сілаю любові, таму што любоў, якая “на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1 Кар 13, 7), якая з’яўляецца жыццём Бога, аднавіла ўсё, да чаго дакранулася. Так у падзеях Пасхі Езус пераўтварыў, беручы на сябе, нашы грахі ў прабачэнне, нашу смерць – ва ўваскрасенне, наш страх – у давер. Вось для чаго там, на крыжы, нарадзілася і заўсёды адраджаецца надзея. Вось чаму з Езусам усе нашы цёмныя стораны могуць пераўтварыцца ў святло, кожнае паражэнне – у перамогу, кожнае расчараванне – у надзею.
        
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Вялікую сераду, 12.04.2017 
   

Слова для Жыцця (137)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Што значыць мець сапраўднае святло? Што значыць крочыць у святле? Перш за ўсё, гэта адмовіцца ад фальшывага святла: ад халоднага і недарэчнага святла забабонаў адносна іншых. Яны скажаюць рэальнасць і спрыяюць нянавісці супраць тых, каго мы асуджаем без міласэрнасці і абвінавачваем без падстаў. Гэта паўсядзённы наш хлеб. Калі пляткуем аб іншых, мы крочым не ў святле, але ў цемры. Іншым фальшы- вым, так спакуслівым і двухсэнсоўным святлом, з’яўляецца асабістая карысць. Калі ацэньваем людзей і рэчы паводле крытэрыя ашага прыбытку, задавальнення, прэстыжу, мы не здзяйсняем праўды ў адносінах і ў сітуацыях. Калі пойдзем шляхам пошуку толькі асабістай карысці, то будзем крочыць у цемры.
        
Фрагмент разважанняў перад малітвай “Анёл Панскі”, 26.03.2017 
   

Слова для Жыцця (136)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
    Адысці ад зла, навучыцца рабіць дабро і дазволіць Пану весці сябе наперад – вось шлях велікапоснага навяртання. Кожны штодзённа робіць нешта кепскае, і нават самы святы грашыць 7 разоў на дзень. Праблема ў тым, каб не прызвычайвацца жыць падобным чынам і пастаянна адмаўляцца ад таго, што атручвае душу. Варта штодня вучыцца рабіць нешта, каб стаць лепшым, чым дзень таму. Адыходзіць ад зла і навучыцца рабіць дабро: вось правіла навяртання. Навярнуцца – не значыць прыйсці да феі, якая пераменіць з дапамогай чарадзейнай палачкі. Не! Гэта шлях. Вернікам неабходны адвага, каб адысці ад зла, і пакора, каб навучыцца рабіць дабро. Яно ж абавязкова павінна выяўляцца ў канкрэтных учынках, а не толькі заставацца на словах. Езус заўсёды спадарожнічае чалавеку на шляху навяртання, і нават калі “грахі будуць, як чырвань, збялеюць як снег” (Іс 1, 18). Адзінае, аб чым Бог просіць, – гэта пакора, бо “той, хто ўзвышае сябе, прыніжаны будзе, а той, хто прыніжае сябе, будзе ўзвышаны” (Мц 23, 12).
        
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане, 14.03.2017 
   

Слова для Жыцця (135)

Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    Вялікі пост – гэта шлях да Хрыста. Перыяд пакаяння, а таксама аскетызму, які павінен дапамагачы ўваскрэснуць з Езусам, аднавіць тоеснасць, атрыманую з хростам, а значыць нанова адрадзіцца “з вышыні”, з любові Бога. Гэта таксама сакраментальны знак нашага пілігрымавання ад нявольніцтва, якое заўсёды павінна аднаўляцца, да свабоды. Вось чаму Вялікі пост па сваёй прыродзе з’яўляецца часам надзеі, шляхам навяртання.
    Канешне, пост патрабуе высілкаў – і гэта слушна, таму што любоў патрабуе высілкаў. Але дадзены шлях поўны надзеі, і нават больш за тое. Я б сказаў, што велікапосны зыход – дарога, на якой фарміруецца надзея. Цяжкасці пераходу праз пустыню – выпрабаванні, спакусы, ілюзіі, міражы – усё гэта патрэбна, каб каваць моцную, грунтоўную надзею па прыкладзе Панны Марыі, якая сярод цемры мукі і смерці свайго Сына працягвала верыць і спадзявацца на Ягонае ўваскрасенне, на перамогу Божай любові.
        
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 01.03.2017 
   

Слова для Жыцця (134)

Слова для Жыцця

papa-francesco7Папа Францішак
    Вялікі пост – гэта пачатак, шлях, які вядзе да бяспечнай мэты: Пасхі Уваскрасення, перамогі Хрыста над смерцю. Гэты перыяд заўсёды скіроўвае нам рашучае заахвочванне да навяртання. Хрысціянін пакліканы вярнуцца да Бога “ўсім сваім сэрцам” (Ёэл 2, 12), каб не здавольвацца пасрэдным жыццём, але ўзрастаць у прыязнасці з Панам. Езус – верны Сябар, які ніколі нас не пакідае, бо нават калі грашым, Ён цярпліва чакае нашага вяртання і адначасова паказвае сваё жаданне прабачыць. Вялікі пост – гэта спрыяльны час, каб аднавіць сябе ў сустрэчы з жывым Хрыстом у Яго слове, сакрамантах і ў бліжнім. Пан, які за 40 дзён, праведзеных у пустыні, перамог напады спакусніка, указвае дарогу, якой неабходна ісці. Няхай Дух Святы вядзе нас да распачацця сапраўднай пілігрымкі навяртання, каб нанова адкрыць Божае слова, каб быць ачышчанымі ад граху, які асляпляе, і служыць Хрысту, прысутнаму ў патрабуючых братах. Давайце маліцца адзін за аднаго, каб, прымаючы ўдзел у перамозе Хрыста, мы ўмелі адкрыць свае дзверы для слабых і ўбогіх. Тады зможам жыць упоўні і сведчыць аб пасхальнай радасці.
        
Фрагмент папскага паслання на Вялікі пост 2017  
   

Старонка 9 з 24:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.