Важныя ўспаміны з мінулых год
У параўнанні з іншымі рэгіёнамі Беларусі сітуацыя Касцёла на Гродзеншчыне была значна лепшай, вера людзей таксама была мацнейшай і больш пастаяннай. Паўплывала на гэта перш за ўсё тое, што перыяд ганенняў быў карацейшы, было больш адчыненых касцёлаў і працавала больш святароў. Дапамагала блізкае суседства Літвы, куды вернікі вельмі часта ездзілі на набажэнствы. Вельмі карыснымі былі таксама кантакты з Польшчай.
Хоць адначасова трэба падкрэсліць, што час ганенняў зрабіў сваё. Не было няспыннай і сістэматычнай катэхізацыі. Недастатковая колькасць дзеючых касцёлаў, адсутнасць святароў і асоб кансэкраванага жыцця, а таксама рэлігійнай літаратуры і прэсы негатыўна паўплывалі на якасць рэлігійнага жыцця. У выніку гэта было перш за ўсё масавае традыцыйнае хрысціянства, якое адыграла вельмі вялікую ролю ў захаванні веры і яе пераказе малодшым пакаленням простымі пацерамі, ружанцам, літаніямі, навучаннем праўдаў веры старэйшымі і, безумоўна, дзякуючы сем’ям, якія былі дамашнімі касцёламі.
Традыцыйная, але адначасова моцная вера, памножаная на сведчанне трывання ў ёй, сталі добрым падмуркам для духоўнага адраджэння. †