Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2013


Умілаваны вучань Пана Езуса піша так: “Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: «Не бойся! Я – першы і апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані»” (Aп 1, 17–18). Так Апостал апісвае сваю сустрэчу з Уваскрослым Хрыстом. Той, хто стаяў пад крыжам Збаўцы, хто не пакінуў Яго нават на хвіліну, адчувае вялікую радасць ад сустрэчы са сваім жывым Панам. Аднак гэтая радасць пераплятаецца з заданнем, місіяй, якую пакідае Збаўца ўмілаванаму вучню: “...напішы тое, што ты ўбачыў...” (Aп 1, 19). Ён павінен цяпер расказаць усім, што Хрыстос жыве. Больш за тое, Ён – Першы і Апошні, Пачатак і Канец усяго. Цяжка будзе пераканаць усіх у гэтай праўдзе, бо жаўнеры пусцілі чутку, што Апосталы выкралі Езуса з магілы. Гэтая фальшывая чутка разышлася па ўсёй краіне. І вось, Уваскрослы кажа яму аправергнуць гэтыя чуткі і пераканаць народ у праўдзе. Цяжка будзе пераканаць грамадства, што чутка не з’яўляецца праўдай, як цяжка было паверыць Фаме, што Хрыстос сапраўды ўваскрос. Тым не менш, за выкананне гэтага задання бяруцца ўсе Апосталы, асабліва пасля спаслання Святога Духа. Умацаваныя Яго дарамі, ідуць, каб сведчыць пра Хрыста, які быў забіты за нашыя грахі, але на трэці дзень уваскрос. †