ГРОДНА
Субота,
25 мая
2024 года
 

Слова рэдактара

Быць сведкамі Езуса

Слова рэдактара

Месяц май па традыцыі багаты на розныя рэлігійныя падзеі. У першую чаргу, гэта ўрачыстасці Першай святой Камуніі і канфірмацыі ў нашых сем’ях і парафіях, маёвыя набажэнствы, Эўхарыстычны кангрэс і працэсія Божага Цела. У сферы веры і жыцця з Богам у гэтыя дні мы мацней злучаемся з Хрыстом. Рэлігійныя падзеі ўкараняюць нас у Божым сыноўстве, паглыбляюць нашу веру і ўдасканальваюць сувязь з Касцёлам. Вера – надзвычай багатая рэчаіснасць, таму яна падлягае такім жа законам, як і кожнае жыццё. Мы кажам аб насенні веры, якое атрымліваем у сакраманце святога хросту, аб яго прарастанні, развіцці... Веру можна страціць, яе можна занядбаць... Вельмі хутка і вельмі лёгка. Дастаткова трохі забыцца пра малітву, пра кантакт з Богам.
 

Марыйны Касцёл у Беларусі

Слова рэдактара

У нашай краіне вельмі моцны культ Найсвяцейшай Панны Марыі, якая вядзе нас да Хрыста. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца месяц май і звязанае з ім маёвае набажэнства. У гэтым месяцы святыні нібы зноў ажываюць. Вернікі збіраюцца каля крыжоў, у дамах і святынях. Супольная малітва аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту: старэйшых асоб і сярэдняе пакаленне, сем’і, моладзь і дзяцей. На працягу ўсяго месяца кожны спявае літанію да Божай Маці на мелодыю свайго жыцця.
    Можна сцвердзіць, што мы з’яўляемся марыйным народам, а Беларусь становіцца марыйнай краінай, якая змяняе аблічча свету. Пілігрымуючы па нашай зямлі, можна сустрэць мноства святынь, прысвечаных Маці Божай. Нашыя дамы запоўнены абразамі і фігуркамі Панны Марыі. Усё гэта сведчанне таго, што мы ахвяраваны Божай Маці, Яе заступніцтву. Марыя валадарыць у Беларусі. Гэта менавіта Яна вядзе нас да свайго Сына.
   

Запрасіць Езуса ў сваё жыццё

Слова рэдактара

Розныя сустрэчы прыносяць нам мноства розных эмоцый. Часам здараюцца сустрэчы, на якія нам больш ніколі не захочацца пайсці, а бываюць такія, якія мы з задавальненнем яшчэ неаднойчы паўтарылі б. Сярод разнастайных сустрэч менавіта сустрэча з Богам становіцца для многіх хрысціян самай важнай. Адкрываючы свае сэрцы, мы сустракаемся з Езусам, а гэта заўсёды штосьці выключнае. У гэтыя велікодныя дні мы часта чуем у касцёлах, як уваскрослы Хрыстос аб’яўляецца сваім вучням, жанчынам, прыходзячы да іх у розных сітуацыях. Ён уваходзіць і ў жыццё кожнага з нас, не пакідае нас адных. Хрыстос чакае не толькі ў святыні, Ён уваходзіць у нашу штодзённасць, справы, клопаты і абавязкі. Мы павінны ўсвядоміць, што Уваскрослы выходзіць за дзверы касцёлаў і капліц, прысутнічае не толькі ў табернакулюме, але перш за ўсё там, дзе прысутнічае сам чалавек.
   

Касцёл Міласэрнасці

Слова рэдактара

Пантыфікат папы Францішка разглядаецца, у першую чаргу, праз прызму міласэрнасці. У сваім навучанні і паслузе Святы Айцец прагне зрабіць усё, каб змяніць гэты свет, каб ён спазнаў Божую міласэрнасць. Абвяшчаючы Год міласэрнасці, Папа хацеў, каб не было вайны і тэрарызму, каб бедныя людзі мелі магчымасць весці годнае жыццё, каб праз міласэрнасць чалавек пазнаў добрага Бога, які кожнага бласлаўляе ў яго жыцці.Адзін з нямецкіх кардыналаў на распачацце Года міласэрнасці сказаў: “Мы павінны казаць пра Бога па-новаму. Пра Бога, які прымае, слухае, бачыць пакуты чалавека, спадарожнічае нам. Я лічу, што такі Бог мае ў сабе штосьці новае, што прыцягвае сучаснага чалавека. Гэта скандал, што многія людзі з па-за Касцёла ўспрымаюць яго як неміласэрны. Касцёл павінен змяніць гэта. Ён павінен стаць, як кажа Папа, Касцёлам з адчыненымі дзвярамі і вокнамі, Касцёлам, які выходзіць на перыферыю, а не з’яўляецца замкнутай крэпасцю”.
Моц міласэрнасці пераменіць шырокую панараму трагедыі сучаснага свету, пераменіць сэрца кожнага чалавека. Касцёл становіцца асаблівым месцам абвяшчэння праўды Божай міласэрнасці. Варта ў чарговы раз прыгадаць запавет Хрыста Міласэрнага, перададзены праз святую сястру Фаустыну: “Я даю табе тры спосабы здзяйснення міласэрнасці адносна бліжняга: першы – учынак, другі – слова, трэці – малітва; у трох гэтых ступенях заключаецца паўната міласэрнасці, якая з’яўляецца неабвержным доказам любові да Мяне” (Дз. 742).
   

Няхай у кожным з нас уваскрэсне Міласэрнасць

Слова рэдактара

У папярэднім нумары мы змясцілі вельмі красамоўныя словы папы Францішка: “Будзьма міласэрнымі да іншых і самі спазнаем міласэрнасць Бога”. У Год міласэрнасці мы нястомна над гэтым разважаем, стараючыся паглыбіць таямніцу міласэрнасці і падзяліцца гэтым дарам з іншымі.
Час, у якім мы жывём, становіцца ўсё больш і больш цяжкім ва ўсіх адносінах, таму варта спачатку паразважаць над пытаннем, што сёння значыць быць міласэрным? Адказ нам дапамагае знайсці Святы Айцец Ян Павел ІІ, які сцвярджае ў энцыкліцы “Dives in misericordia” : “Хрыстос навучыў нас, што чалавек не толькі зазнае міласэрнасць самога Бога, але і пакліканы сам чыніць міласэрнасць іншым” (DM 14). У сучасным свеце аднаго толькі слова недастаткова, таму што мы самі разумеем, што можна казаць адно, а рабіць зусім іншае, бо сказаць лёгка, а зрабіць штосьці – цяжэй. Сёння неабходны, перш за ўсё, учынкі, неабходна сведчанне дзеяннем. Таму, адчуваючы любоў Бога-Чалавека, перажываючы вялікі Трыдыум выратавання душы, мы можам дзяліцца з іншымі любоўю, можам адважыцца на прабачэнне і паспяшацца з дапамогай да тых, каму неабходна наша падтрымка. Чалавек не здольны зрабіць гэта самастойна, таму што сёння ўсё цяжэй дзяліцца міласэрнасцю бясплатна, не чакаючы ўзнагароды. Усё цяжэй сабрацца і нарэшце прабачыць тым, хто нас пакрыўдзіў. Нялёгка спяшацца камусьці на дапамогу, калі мы самі хацелі б, каб нам хтосьці дапамог.
   

Велікапоснае сэрца

Слова рэдактара

Сённяшні свет становіцца ўсё менш чалавечны. У сродках масавай інфармацыі часцей можна пачуць пра войны, забойствы, аварыі і катастрофы. Нават сам чалавек перастае быць чалавечным. Можа, гэта занадта моцнае сцверджанне, але мы пачынаем усё больш клапаціцца і непакоіцца пра свой мабільны тэлефон, чым пра сэрца, пра аўтамабіль, чым пра блізкіх, пра фінансавую незалежнасць, чым пра духоўнае развіццё. Чалавек губляе сваё месца ў гэтым свеце, губляецца сам. Забываючыся пра Стварыцеля, мы забываемся пра тое, хто мы і ў чым сэнс нашага жыцця.
Перыяд Вялікага посту дае надзею на тое, што нам яшчэ хопіць сіл, каб пера-адолець усе свае слабасці і перажыць уласнае навяртанне. Папскі прапаведнік а. Канталамеса падчас рэкалекцый расказаў пра адно такое навяртанне і пра моц уздзеяння Божага слова ў жыцці чалавека. “Гэта быў алкаголік на апошняй стадыі. Ён не мог вытрымаць больш за дзве гадзіны, каб не выпіць. Сям’я знаходзілася на мяжы адчаю. Яго разам з жонкай запрасілі на сустрэчу аб Божым слове. Там хтосьці прачытаў фрагмент Святога Пісання. Адзін сказ працяў мужчыну, як полымя агню, і даў яму ўпэўненасць, што ён аздароўлены. Пазней кожны раз, як з’яўлялася спакуса выпіць, мужчына хутка разгортваў Біблію ў гэтым самым месцы. І толькі зноў чытаючы гэтыя словы, адчуваў, што да яго вяртаецца сіла ажно да поўнага выздараўлення. Калі ён хацеў сказаць, што гэта за сказ, яго голас задрыжаў ад хвалявання. Гэта былі словы з Песні песняў Саламона: “Твая любоў лепшая за віно” (1, 2). Вучоныя круцілі б носам ад такога прымянення біблійнага тэкста, але гэты чалавек мог сказаць: «Я быў мёртвы, а цяпер я вярнуўся да жыцця».
   

Не забыцца аб Найважнейшым

Слова рэдактара

Перыяд Вялікага посту для многіх з нас з’яўляецца часам інтэнсіўнага пошуку пастаноў. Вельмі часта гэты жэст нашай добрай волі адсоўвае Пана Езуса на другое альбо трэцяе месца. Спачатку мы шукаем такую пастанову, якую нам удасца выканаць. Безумоўна, перабіраючы цэлую “літанію” гэтых апошніх, мы, перш за ўсё, думаем, на што мы здольны і ці хопіць нам сіл. Шкала пошуку вельмі вялікая: пачынаючы ад абмежаванняў тыпу “менш салодкага”, “менш ежы і напояў”, заканчваючы дапамогай бліжнім і тым, каму гэта патрэбна.
Бывае таксама так, што мы глядзім на ўсе свае пастановы з перспектывы ўласнай асобы, задумваемся, ці будуць прынятыя рашэнні нам карысны, напрыклад: буду менш есці – пахудзею, не буду піць піва – зэканомлю грошы, дапамагу камусьці – можа, і мне гэтая асоба калісьці дапаможа і г.д. А дзе ва ўсім гэтым Пан Езус? Гэта ж Ён Найважнейшы. Ці не забываемся мы пра Яго, перажываючы перыяд Вялікага посту? Пад канец гэтага перыяду мы ўсё больш пачынаем сцвярджаць, што гэта мы пакутуем, мы посцім, а не Пан Езус. Так быць не можа. Гэта Хрыстос пакутуе за кожнага з нас, за тое, каб людзі былі шчаслівымі, за нашае жыццё, за ўсё, што мы маем. Любоў Бога да нас бязмежная. Менавіта падчас перыяду Вялікага посту мы асаблівым чынам можам гэта адчуць – любоў Збаўцы да стварэння. Прыгожа пра крыж як таямніцу любові Бога сказаў папа Францішак падчас аднаго са сваіх разважанняў: “Хрысціянства – гэта не філасофская дактрына, не праграма жыцця, каб вытрываць, каб здавацца выхаваным чалавекам, каб пагадніцца. Усё гэта рэзультаты веры.
   

Вялікі пост і міласэрнасць

Слова рэдактара

Наперадзе Вялікі пост – перыяд, калі разам з Езусам мы будзем перажываць самую вялікую таямніцу хрысціянства. На працягу сарака дзён мы разам з Хрыстом будзем несці крыж, ідучы на сваю Галгофу. Час Вялікага посту перамяняе сэрцы тысяч вернікаў. Хрысціянскі свет напаўняецца ўдзячнасцю Богу, які аддае жыццё за кожнага чалавека, адкрываючы перад намі брамы неба.
Няма лепшай нагоды, як менавіта ў гэты час паразважаць аб міласэрнасці. Адчуваючы вялікую Божую ахвяру, мы ўсведамляем веліч Божай любові да кожнага з нас. Варта таксама падумаць аб міласэрнасці сярод людзей навокал, у нашым жыцці і ў сучасным свеце. Абвяшчаючы Год міласэрнасці, папа Францішак прыгадаў: “Няхай Вялікі пост у Юбілейным годзе будзе пражыты яшчэ больш інтэнсіўна, як важны момант, каб цэлебраваць міласэрнасць Бога і спазнаваць яе”. А ў сваім пасланні на сёлетні Вялікі пост Папа дадае: “Божая міласэрнасць змяняе сэрца чалавека і дазваляе яму адчуць верную любоў, робячы і яго здольным на міласэрнасць. Цудам, які ўвесь час аднаўляецца, з’яўляецца той факт, што Божая міласэрнасць можа асвяціць жыццё кожнага з нас, пабуджаючы любіць бліжняга і рабіць тое, што традыцыя Касцёла называе ўчынкамі міласэрнасці для цела і душы”.
   

Радасць жыцця з Езусам

Слова рэдактара

Апошнім часам складваецца такое ўражанне, што людзі маюць усё менш нагод для радасці. Штодзённае жыццё, поўнае абавязкаў, клопатаў і цяжкасцей, не дадае чалавеку аптымістычнай надзеі на лепшае заўтра. Умовы, якія мы стараемся ствараць адзін аднаму, не суцяшаюць, а таму і прычын, каб радавацца, усё менш. Больш таго, мы забываемся, што ў Касцёле такіх прычын для радасці ёсць вельмі шмат, можна нават сказаць, што Касцёл з’яўляецца своеасаблівым асяроддзем радасці, якая дазваляе чалавеку “лётаць” па зямлі. Якую радасць я маю на ўвазе?
Перш за ўсё, варта ўсвядоміць, што Касцёл – гэта не тэатр і не цырк, а святая Імша – не прадстаўленне.Але разам з тым Касцёл не з’яўляецца месцам катаванняў ці накладання на сябе пакаяння. Касцёл – гэта асаблівае месца радаснай сустрэчы з Езусам. Менавіта такой павінна быць сустрэча Збавіцеля з чалавекам, які не знаходзіць лепшай прычыны для радасці, акрамя выратавання свайго жыцця, сваёй душы ад таго, што знявольвае, падпарадкоўвае, не дае нагод для радасці. Менавіта ў стане граху чалавек ніколі не адчуе сапраўднай радасці, ніколі не будзе вольны, ён заўсёды падпарадкаваны д’яблу. Знаходзячы Хрыста ў святыні, кожны з нас знаходзіць радасць для жыцця, для лепшага заўтра.
    Сустрэча з Хрыстом можа даць нам яшчэ адну з галоўных каштоўнасцей – радасць, нібы звычайную чалавечую радасць, але наколькі важную. Чалавек павінен цешыцца сустрэчай з Хрыстом, быць задаволеным сваім жыццём і сваімі дзеяннямі.
   

Старонка 17 з 34:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  221

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.