ГРОДНА
Панядзелак,
06 мая
2024 года
 

Парафіі і святыні

Вярэйкі

Парафіі і святыні

Дэканат Ваўкавыск
Звестак аб існаванні тут каталіцкіх святынь да ХIХ ст., калі Вярэйкі сталі ўласнасцю роду Біспінгаў, у архіўных крыніцах пакуль не знойдзена. У чэрвені 1826 г. мясцовыя вернікі рымска-каталіцкага веравызнання атрымалі дазвол на заснаванне ўласнай святыні. Закладзенаму касцёлу надалі статус філіяльнага ад рэплеўскай парафіі. Касцёл пад тытулам Найсвяцейшага Імя Марыі Панны – аднавежавая безапсідная з трансептам цагляная і атынкаваная святыня ў класіцыстычным стылі – быў збудаваны ў 1848 г. на ўзвышшы ў цэнтры вёскі на сродкі Аляксандры з Біспінгаў Светчынавай (хутчэй за ўсё, яна, як фундатарка, пасля смерці была пахавана каля касцёла, а калі касцёл быў адабраны пад царкву, надмагілле панны Аляксандры было знішчана, а астанкі перапахаваны ў родавым склепе Біспінгаў пры касцёле ў Вялікіх Эйсмантах Бераставіцкага дэканата. Па іншых звестках, пасля смерці яе адразу маглі пахаваць у Вялікіх Эйсмантах. Так ці інакш, цяпер пліта з яе надмагілля знаходзіцца перад касцёлам у Вялікіх Эйсмантах на надмагіллі Біспінгаў).
 

Бярозаўка

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Да 1908 г. вёска, як і сёння, мела назву Бярозаўка ці Бярозаўка-Гута, затым да 1944 г. – Нёман, пасля вайны – зноў Бярозаўка. З 1968 г. гэта гарадскі пасёлак Лідскага раёна. Каталіцкая капліца была пабудавана тут яшчэ ў 1924 г. (ёсць звесткі навагрудскага ваяводы Несялоўскага аб Гуце, дзе ў 1784 г. была пабудавана капліца). Асобная ж парафія была заснавана ў Бярозаўцы ў 1928 г. дэкрэтам ад 29 лютага за подпісам віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Касцёл, які змяніў капліцу, пачаў узводзіцца з дрэва ў стылі польскага міжваеннага неабарока на сродкі працоўных шклозавода і яго ўладальніка пана Столе ў 1931 г. ва ўсходняй частцы вёскі. Кансэкравалі святыню ў 1932 г. пад тытулам Спаслання Святога Духа. Святыня ўяўляла сабой аднавежавы велічны храм, накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны ўваход пазначала магутная чацверыковая трох’ярусная вежа-званіца пад высокім гонтавым шатром. Парафія на той час уваходзіла ў склад Лідскага дэканата Віленскай архідыяцэзіі і налічвала больш за 1200 вернікаў. У пасляваенны час касцёл, як і шматлікія іншыя святыні Беларусі, быў зачынены, а ў 1954 г., згодна з рашэннем савецкіх улад, – знішчаны: храм разабралі “на хаты”.
   

Карэлічы

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Карэлічы, вядомыя з 1395 г., з XV cт. знаходзяцца ў складзе Навагрудскага павета аднайменнага ваяводства ВКЛ; вялікакняжацкая маёмасць. Потым, з пачатку XVI cт., належалі Чартарыйскім, з другой чвэрці XVII cт. – Радзівілам. З 1594 г. вядомы як мястэчка. З 1795 г. знаходзяцца ў складзе Расійскай імперыі, з’яўляюцца цэнтрам воласці. У часы польскай улады – цэнтр гміны. З 1940 г. – цэнтр раёна на той час Баранавіцкай вобласці, у 1954 г. – раённы цэнтр Гродзенскай вобласці. Аднак звестак аб каталіцкіх святынях у старажытным мястэчку да 1920-х гг. у архівах пакуль не знойдзена.
   

Варонча

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
У 1741 г. Казімір Несялоўскі, кашталян смаленскі, зас­наваў альтарыю пры касцёле ў Гарадзішчы (цяпер Баранавіцкі раён), якою апекавалася місія езуітаў ад Навагрудскага калегіума. Не пазней 1760-х гг., па згодзе віленскага біскупа Ігнацыя Масальскага, альтарыю перанеслі да варончаўскага касцёла.
    Драўляны касцёл у Варончы, першапачаткова асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, быў пабудаваны па фундацыі Панятоўскіх, у 1766 г. адзначаўся як ужо дзеючы. Гэта была дзвюхвежавая, пабудаваная часткова з дрэва, часткова з цэглы, крыжастая ў плане святыня. Яе інтэр’ер упрыгожвалі сем алтароў: галоўны алтар з абразом Маці Божай Беззаганага Зачацця ў пазалочаных сярэбраных каронах (вакол 4 воты), алтары св. Тадэвуша і св. Юзафа ў малітоўнай зале і яшчэ па два алтары ў кожнай з бакавых капліц. Набажэнствы тут па-ранейшаму адпраўлялі езуіты, для якіх быў пабудаваны місійны дом.
   

Мір

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Упершыню Мір узгадваецца ў гістарычных крыніцах у 1395 г. як вялікакняская маёмасць. У 1434 г. падараваны вялікім князем Жыгімонтам Сеньку Гедыголдавічу. З 1434 г. – маёмасць роду Іллінічаў, якія пабудавалі тут знакаміты замак. З 1555 г. – цэнтр Мірскага графства, з 1568 г. – уласнасць князёў Радзівілаў. У 1579 г. мястэчка атрымала Магдэбургскае права, але няпоўнае.
    У 1550 г. касцёл у Міры пазначаны як ужо дзеючы, але ў той жа час адзначаецца і альтарыя, таму, магчыма, у сярэдзіне XVI ст. касцёла тут усё такі не было, а альтарыя дзейнічала ў замкавай капліцы.
    Тым не менш, традыцыйна лічыцца, што першы акт фундацыі на карысць касцёла ў Міры быў зроблены князем Мікалаем-Крыштафам Радзівілам па мянушцы Сіротка (+1616) ў 1587 г. Фундуш быў зацверджаны на Галоўным Трыбунале ВКЛ у 1588 г. Вуглавы камень быў асвечаны 21 мая 1585 г. віленскім біскупам Бенедыктам Войнам. Святыня была асвечана 18 кастрычніка 1587 г. у гонар нябеснага заступніка фундатара – св. Мікалая – ягоным братам, віленскім біскупам Юрыем Радзівілам (у гонар юбілею асвячэння ў нартэксе святыні ў 1937 г. біскупам-суфраганам пінскім К. Нямірам была ўсталявана мемарыяльная пліта). Аднак ужо ў 1599 г. драўляную святыню разабралі, каб пабудаваць велічны каменны касцёл.
   

Старонка 15 з 30:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  240

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.