Скарб Мінулага і рэчаіснасці
Іаанна Немчыноўская
14 снежня 2009
|
Успамінае пра мінулае толькі той, у каго ёсць уласная гісторыя. Больш таго, гэтая гісторыя павінна ўзбагачаць чалавека і быць пазітыўнай, а ў дадатак – актыўным чынам звязвацца з сённяшнім днём. Успамін пра пазітыўныя падзеі ўласнай гісторыі мае сваю працяглую традыцыю ў духоўным плане. Успаміны з’яўляюцца багаццем чалавека і грамадства, у якім жыве чалавек. У сённяшнім нумары нашай газеты мы прыгадаем пра святы: гадавіну асвячэння катэдральнай базылікі ў Гродне, (яе асвяцілі 5 снежня 1705 года) і пра 3 снежня – успамін пра яе заступніка св. Францішка Ксаверыя.
Гэтая святыня паўстала ў 1678 – 1705 г.г., калі ў Гродне працавалі езуіты. Варта зазначыць, што Езусовае таварыства пачало існаваць згодна з патрабаваннямі часу. У адпаведную пару Бог абуджаў у нашай гісторыі індывідуальнасці, якіх мы можам акрэсліць як нашых правадыроў і настаўнікаў. Адным з іх быў выдатны езуіт св. Францішак Ксаверый. Спачатку ён праславіўся як місіянер у Індыі. Там гэты манах развіў місіянерскую дзейнасць, навяртаючы на каталіцкую веру тысячы людзей. Яго нага, як першага місіянера з Еўропы, ступіла на японскую зямлю.Таму св. Францішак быў абвешчаны галоўным заступнікам каталіцкіх місій. Ён стаў таксама апекуном цяперашняй гродзенскай катэдры – сэрца нашай дыяцэзіі. Паглыбляючыся ў яе багатую гісторыю варта ўспомніць, што першая св. Імша была цэлебравана ў 1700 годзе ў касцёле, які яшчэ будаваўся. 5 снежня 1705 г. хэлмінскі біскуп Тэадор Патоцкі ажыццявіў кансэкрацыю святыні. Ва ўрачыстасці прыняў удзел кароль Аўгуст II і цар Пётр I.†