ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

З Езусам - у новы навучальны год

На шляху да святасці

1 верасня вучні пачатковых і сярэдніх школаў, а таксама студэнты вышэйшых навучальных устаноў пачалі новы навучальны год.
Прайшлі бесклапотныя канікулы: час прызначаны для адпачынка. Дзеці і моладзь ідуць здабываць веды, якія будуць ім патрэбны ў жыцці. Аднак трэба памятаць, што акрамя ведаў, атрыманых у школе, мы маем сёння магчымаць павялічыць свой духоўны патэнцыял, выхаваць сябе як хрысціяніна, удзельнічаючы ў катэхезе, якая пачынаецца з верасня. У сёлетнім годзе Святарства менавіта у парафіях вучні, студэнты, а таксама дарослыя людзі могуць пазнаваць Хрыстовую навуку і сведчыць аб сваёй веры.
    Пазнанне праўдаў веры, напэўна, будзе прыгожым дапаўненнем нашай індывідуальнасці. Акрамя рэлігійных ведаў, атрыманых на ўроках рэлігіі, мы можам схіліцца над Бібліяй і навукай Касцела, навучыцца Божаму погляду на жыцце, маліцца. У сённяшнім бурлівым жыцці трэба на хвіліну затрымацца, каб задумацца, якія каштоўнасці - самыя значныя, наколькі важнае месца займае ў нашым жыцці Бог, ці ўсімі нашымі дзеяннямі мы праслаўляем Бога і ўдзячны Яму за Яго Ласкі?
Сённяшні свет патрабуе ад нас вырашэння шматлікіх спраў. Вернікі сутыкаюцца перад сур’ёзнымі маральнымі дылемамі, якія патрабуюць ад іх прыняць канкрэтныя рашэнні. Не раз мы не можам вырашыць шматлікія праблемы, перш за ўсё маральнага характара, нягледзячы на свае веды і багаты вопыт. Таму паспрабуйце пазнаёміцца з навукай Хрыстовага Касцёла, каб там знайсці адказы на свае пытанні.

Ці арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч любіў хадзіць у школу?
Інтэрв’ю з арцыбіскупам
1 верасня дзеці і моладзь ідуць у школу і на катэхетычныя заняткі. Ці Вы памятаеце свае школьныя гады?
    Безумоўна, памятаю. Калі мой дваюрадны брат ішоў у школу (а ён быў на год старэйшы за мяне, а нашыя сем’і жылі блізка), то я пайшоў з ім у школу. Тады мяне не хацелі прымаць, бо па ўзросту не падыходзіў. І так я хадзіў на працягу 2 –3 месяцаў, а пасля настаўнікі ўбачылі, што можна мяне прыняць у школу і прынялі. Гэта смешна, але мне хацелася вучыцца: у школу ішлі мае сябры і ўсе навокал, а я быў сярод іх - самы малодшы.

    Што найбольш засталося ў Вашай памяці са школьных гадоў?
    Памятаю, аднойчы я прыйшоў у школу (а гэта было ў Адэльску), а настаўніца схапіла мяне за вуха, гаворачы, каб назаўтра я з’явіўся з бацькамі, бо напярэдадні мы ўцяклі з урокаў, каб пайсці ў касцёл, бо была тады якаясьці ўрачыстасць. Безумоўна, бацькі сказалі, што не пойдуць у школу з-за таго, што іх дзіця было ў касцёле. Калі б там хлопец насваволіў, то была б іншая справа. І на гэтым справа не закончылася. Адночы ўсе школьнікі сабраліся на лінейку, настаўніца падвяла мяне да дошкі гонару і пры мне з яе сарвала мой фотаздымак.
    Я закончыў школу ў Гродне. Тут было добра вучыцца, ніхто не папракаў мяне ў тым, што я хаджу ў касцёл. Заўжды я вучыўся добра і ў мяне засталіся прыемныя ўспаміны з той пары, нягледзячы на тое, што хтосьці там з настаўнікаў рабіў тое ж, пра што я гаварыў вышэй. Але трэба памятаць, што гэта быў такі час. Я жадаю ўсім сваім выхавацелям і настаўнікам усяго самага найлепшага. Няхай добры Бог благаславіць усіх жывых, а памерлых - прыме ў Божае Валадарства, бо яны перадавалі мне веды і рабілі гэта вельмі добра.

    Які быў у Вас любімы прадмет у школе?
    Мяне захапляла матэматыка, фізіка, ядзерная фізіка, пра якую тады ўсюды гаварылі.

    Ці малы Тадэвуш любіў вандраваць? Ці быў старанным вучнем?
    Я хадзіў у школу рэгулярна. Жывучы ў вёсцы амаль нельга было прагульваць урокі, бо было мала дзяцей у класах. Я стараўся вучыцца добра. Але ў мяне ёсць адзін грэх з часу, калі я вучыўся ў інстытуце. Калі ў нас праводзілі кантрольныя работы, а мой сябар быў гультаяваты, то я вырашыў зрабіць кантрольную работу за яго, а потым – сабе. Хоць я дапамагаў яму, але на жаль, майго калегу выкінулі з навучальнай установы, бо нічога ён не рабіў там. Таму гэтая сітуацыя выклікае ў мяне заўжды дакоры сумлення.

    А якія былі Вашыя студэнцкія гады?
    Калі ідзе размова пра вну, то пасля заканчэння сярэдняй школы я пайшоў вучыцца ў Педагагічны Інстытут імя Янкі Купалы ў Гродне. Мяне зацікавіла матэматыка і фізіка. Праз год я сам забраў дакументы, каб не ўскладняць жыццё рэктару і інстытуту. У той час у газетах пачалі пісаць пра тое, якім “дрэнным” выхавацелем можа быць той, хто ходзіць да касцёла. Я паехаў вучыцца ў Ленінград у палітэхнічны інстытут. Таму мой першы крок мог быць апошнім. Я сам адвёз туды дакументы, не пасылаў іх почтай. Стаю перад камісіяй, выняў з кішэні атэстат сталасці і аддаў жанчыне, што прымала дакументы. Яна доўгі час глядзела, а пазней гаворыць, каб я выцягнуў руку, куды яна паклала медалік з крыжыкам. Відаць па дарозе гэтыя прадметы дзесьці згубіліся паміж дакументамі. Гэтая асоба дала мне прыклад рэлігійнай талерантнасці, а быў гэта 1964 год. А яна ж магла ўжо ў першы дзень адправіць мяне ні з чым дадому.
    Калісьці праз некалькі гадоў, калі я быў арцыбіскупам у Маскве, запрасілі мяне на якісьці юбілей гэтага універсітэта ў Пецярбург. Яны прасілі выступіць перад рэктарам, дэканамі і студэнтамі. Я гаварыў ім пра тое, што можа вы на мяне крыху інакш глядзіце, бо выпускнік вашай навучальнай установы стаў каталіцкім біскупам. Я заўважыў, што самае важнае ў семінарыі - гэта выхаванне сапраўдным чалавекам і дадаў, што вы мяне выхавалі і расказаў ім усю гісторыю. Пазней падыходзіць да мяне чалавек ва ўзросце 40 гадоў і пытае: “А скажыце, як тая жанчына выглядала?” Я сказаў, што не памятаю, а ён дадае, што гэта была, хіба, яго мама, бо яна расказвала яму ў дзяцінстве пра аналагічны выпадак.

    З 1 верасня дзеці і моладзь пачнуць наведваць катэхетычныя заняткі. Як выглядала справа з рэлігійным выхаваннем падчас Вашай маладосці?
    Пра Бога і Божыя запаведзі расказвала нам бабуля. Тады рэлігія была забаронена. Мы прыходзілі да бабулі, садзіліся на камень і яна нас вучыла. Але найбольш вучылі нас бацькі. Заўжды была вячэрняя малітва. Мы разам гаварылі пацеры, а пазней маці пытала ў нас: “Колькі ёсць святых сакрамэнтаў?, “Пералічыце Божыя і касцёльныя запаведзі, сем галоўных грахоў!” Бацькі задавалі такія пытанні штодзённа і тады хацелася вучыцца і ўсе гэта заставалася ў галаве. Таму - найбольшая падзяка бацькам! Потым прыехаў ксёндз у Адэльск, пазней ён сабраў групу міністрантаў, добраўпарадкаваў футбольнае поле, а ўсе жанчыны глядзелі на тое, як ён будзе ў сутане бегаць з намі. Пазней гэты святар запрашаў нас да сябе, а мы хадзілі за ім з радасцю. Ён пытаў, ці мы выконваем дамашнія заданні, а затым праходзілі розныя размовы на рэлігійныя тэмы, якія нам вельмі дапамагалі.

    Як Вы ўспрымаеце сённяшнюю катэхізацыю ў Беларусі?
    Сёння гэтая справа інакш выглядае. Летам нікога не катэхізуюць, бо – канікулы. У адной парафіі катэхізуюць лепш, у іншай – горш. Гэта залежыць ад ксяндза, ад умоваў. Цяжка складваецца сітуацыя наконт гэтага ў Мінску. Не хапае касцёлаў, няма памяшканняў для правядзення катэхезы і гэта вельмі балюча. Не хапае сёстраў і ксяндзоў для правядзення катэхетычных заняткаў, яшчэ ёсць мала падрыхтаваных свецкіх катэхетаў. Таму ў гэтым напрамку трэба яшчэ многа прыкласці намаганняў. Матэрыял для катэхезаў - даступны на розных мовах.

    Што б Вы пажадалі ўсім на пачатку новага школьнага і катэхетычнага года?
    У Святым Пісанні напісана, што калі бацькі знайшлі Езуса ў Ерузалімскай святыні, то Ён сказаў ім, што знаходзіцца там, дзе ёсць Яго Айцец. А пазней Хрыстус вярнуўся дамоў, падрастаў у мудрасці і ў ласцы Бога і людзей. Я жадаю ўсім тым, хто пачынае новы школьны і катэхетычны год станавіцца больш мудрымі, здаровымі. Я хачу, каб вы атрымлівалі толькі выдатныя адзнакі і памяталі пра сваё рэлігійнае выхаванне, бо чалавек павінен ўзрастаць яшчэ ў ласцы ў Бога і людзей.

    Дзякуем Вам за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.