ГРОДНА
Серада,
17 красавіка
2024 года
 

VIII пешае паломніцтва з Гродна ў Рось

З жыцця Касцёла

З 31 ліпеня да 3 жніўня 2009 г. адбылася чарговая восьмая пілігрымка з Гродна ў санктуарый да Засмучанага Езуса ў Рось. Па традыцыі галоўным яе арганізатарам была парафія імя Беззаганнага Зачацця НПМ з Гродна, з пасёлка Паўднёвы. Пілігрымка пачалася св. Імшой у пятніцу ў 8.00, якую ажыццявілі ксяндзы-новапрэзбітэры, якія атрымалі святарскія пасвячэнні пад канец мая 2009 г. для Гродзенскай дыяцэзіі.
На заканчэнне св. Імшы, што пачынала пілігрымку, была асвечана фігура Засмучанага Езуса, якая была ахвяравана майстэрняй па вырабу прадметаў касцёльнага мастацтва Барбарай Шэфер-Кабыльчык з Пекар Слёнскіх. Згаданую фігуру пілігрымы неслі ў санктуарый ўсю дарогу, каб такім спосабам паказаць усім прахожым, да Каго яны ідуць, Хто з’яўляецца мэтай гэтага паломніцтва, а таксама з думкай пра тое, каб культ Засмучанага Езуса распаўсюдзіўся на гэтых тэрыторыях.
    Галоўным дэвізам паломніцтва былі словы: “Прыміце моц, каб быць для свету святлом”, запазычаныя з паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI, накіраванага да моладзі ўсяго свету з нагоды 23-ціх дзён моладзі ў Сіднеі. У сёлетняй пілігрымцы прынялі ўдзел паломнікі аж з 25 парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Колькасць іх перакрочыла 250 чалавек. На працягу двух дзён пілігрымавання былі малітвы, спевы і танцы. Кожны з удзельнікаў ішоў з якой-небудзь інтэнцыяй, за якую ахвяраваў свае паломніцкія высілкі. Падчас ружанцовых малітваў пілігрымы маліліся за тыя інтэнцыі, якія былі напісаны імі самімі. Часцей за ўсё гэта былі просьбы да Езуса аб цвярозасці бацькоў, аб выбары жыццёвага шляху, за добрага мужа, жонку. Радуе той факт, што Касцёл адраджаецца на нашых тэрыторыях пасля доўгіх гадоў камунізму і ганенняў, што ўсё больш маладых людзей прызнаецца ў веры ў Хрыста і мужна сведчыць аб Ім кожны дзень у сваім асяроддзі. Апрача гэтага паломніцтва ў санктуарый пачалі пілігрымаваць вернікі з іншых мясцовасцяў і парафій. Ужо пяты раз прыйшла пешая пілігрымка з Ваўкавыска, другі раз – са Свіслачы, Шылавічаў і з іншых парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
    У гэтым годзе ўрачыстасці ў Росі пачаліся ў суботу 1 жніўня 2009 г., дзе ў 18.00 гадзінаў была цэлебравана св. Імша для ўсіх прыбыўшых паломнікаў.
    У 21.00 арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, мінска-магілёўскі Мітрапаліт па тэлефону прывітаў сабраных пілігрымаў у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Росі. Ён заахвоціў паломнікаў, каб яны былі святлом для свету ў гэты складаны час. Мітрапаліт пажадаў ім быць соллю для зямлі, бо сучаснаму свету неабходна соль хрысціянства, а Касцёл патрабуе іхняй веры і добрага прыкладу іх жыцця.
    Затым адбылася канферэнцыя і адарацыя Найсвяцейшага Скрамэнту. На заканчэнне, позна ноччу прайшла працэсія са свечкамі навокал санктуарыя, дзе быў зачытаны акт аддання вернікаў ля фігуры Божай Маці Каралевы Супакою.
    Пілігрымка закончылася ўрачыстай св. Імшой раніцай у нядзелю, якую цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Потым прагучаў канцэрт маладзёжнага ансамбля “Maj” з парафіі імя Беззаганнага Зачацця НПМ з Квасоўкі, які сабраў мноства вернікаў і ператварыўся ў адно вялікае свята.


    Ірына Вайдгер
    Падчас пілігрымкі мы вучымся адкрываць Бога ў справе стварэння. Для многіх гэтыя дні з'яўляюцца адзінымі рэкалекцыямі на працягу года і да таго ж асаблівымі. Інакш слухаецца канферэнцыя святароў падчас стомленнасці, а каб дапамагчы іншаму, то ты сам павінен узяць яго цяжар. Пілігрымка ў атмасферы радасці - гэта перш за ўсё рэкалекцыі ў дарозе, час, калі трэба паклапаціцца пра сваю духоўнасць.


    Раман Мацюкевіч
    Я выконваў функцыі каардынатара паломніцкіх службаў: клапаціцца пра добры ход усёй праграмы, а таксама аб працы ўсіх службаў, якіх было сапраўды шмат. З кожным годам мы стараемся штосьці ўдасканаліць, увесці нешта новае. Я вельмі задаволены, што ў чарговы раз я мог прыняць удзел у канікулярнай падзеі, да якой рыхтуюцца на працягу года.



    Марта Паўлоўская
    "Праслаўляйце Бога гучнымі трубамі, выхваляйце Пана арфай і цытрай..." Што можа чалавек без спеваў? Нічога! Таму на працягу ўсяго часу пілігрымавання паломнікі сваім спевам праслаўлялі Бога. У час дарогі было вельмі горача, усе былі вельмі змучаныя, моцна балела горла, але ж усю дарогу аж да Росі пілігрымка спявала. Напэўна, ласкавы Бог выслухае ўсе інтэнцыі і просьбы, бо хто спявае, той двойчы моліцца!


кл. Юрый Марціновіч

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  259

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.