ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Цудоўны святар вялікага сэрца

З жыцця Касцёла

30 ліпеня б.г. пасля доўгай хваробы ў шпіталі ў Турку (Польшча) памёр ксёндз-пралат д-р Мар’ян Маргуж. Пахаванне адбылося ў касцёле ў м. Кавалі Панскія. Пахавальнае набажэнства ўзначаліў біскуп Станіслаў Гэмбіцкі, а гамілію з гэтай нагоды прамовіў біскуп Уладзіслаў Блін. У пахавальных урачыстасцях удзельнічала звыш 100 ксяндзоў. З Беларусі прыехаў таксама біскуп Антоній Дзям’янка і святары з Гродзенскай дыяцэзіі. Цела памерлага святара спачыла на мясцовых могілках.
Ксёндз-пралат нарадзіўся ў Палянах, у парафіі Гудагай, Ашмянскага павета. Там ён перажыў вельмі балючы перыяд вайны. У красавіку 1946 г. М. Маргуж прыехаў з бацькамі ў Польшчу і пасяліўся ў вёсцы Опін Бранеўскага павета. Мар’ян закончыў гімназію і ліцэй у Ольштыне ў 1950–1955 г.г. Вучыўся ў вроцлаўскай семінарыі, а святарскія пасвячэнні атрымаў з рук біскупа Антонія Паўлоўскага 26 чэрвеня 1955 г. у кафедральным саборы ў Вроцлаве. Потым былі гады святарскай працы: спачатку ў якасьці вікарыя ў парафіях Вроцлаўскай дыяцэзіі. Пазней ён вучыўся на факультэце гісторыі Касцёла ў Каталіцкім Люблінскім універсітэце і ў Акадэміі Каталіцкай Тэалогіі ў Варшаве. На працягу года ён выкладаў гісторыю Касцёла ў Ніжэйшай Духоўнай семінарыі ў Вроцлаве. Пазней ён быў пробашчам перш за ўсё ў парафіі Невеж, дзе пабудаваў касцёл; у Санполі, у якім дабудаваў новую частку касцёла і ўрэшце - ў Слесіне. Кс. Мар’ян быў дзеканам ў некалькіх дэканатах. За старанную святарскую працу ён быў адзначаны тытулам Ганаровага Каноніка Калішскай Калегіяты, а пазней – Капелана Яго Святасці. 30 чэрвеня 2004 г. ён пайшоў на пенсію і пачаў жыць у Кавалях Панскіх.
Ксёндз Мар’ян Маргуж быў вельмі сціплым чалавекам з добрым сэрцам, працавітым, гасцінным і таварыскім. Гродзенскі Касцёл быў яму вельмі блізкі. На працягу 15 гадоў кс. Мар’ян выкладаў гісторыю Касцёла ў ВДС у Гродне. У Беларусь ён прыязджаў заўжды з вялікай радасцю. На яго лекцыях клерыкі заўсёды адпачывалі. Ён меў вельмі шырокі дыяпазон ведаў па гісторыі Касцёла і мог іх выдатна перадаць, выкарыстоўваючы шматлікія прыклады з жыцця. Гэты святар быў адным з любімых прафесараў семінарыі, якому алюмны давяралі і маглі атрымаць ад яго неабходныя ім парады. Дзякуючы клопатам і ахвярнасці ксяндза-пралата клерыкі 3 года навучання на працягу некалькі гадоў мелі матэрыял для сутанаў. Ён не мог ніколі сказаць не, але заўсёды – так. Біскуп Уладзіслаў Блін сказаў пра памерлага падчас сваёй гаміліі на пахавальных урачыстасцях: “Гэта – чалавек, які насіў у сабе вялікую таямніцу Бога. Ён стаў ксяндзом, каб нягледзячы на людскія праблемы, быць святаром Хрыста. Ён умеў слухаць, быў памяркоўны для іншых і меў адвагу быць“. Бог ведае яго заслугі. Мы ўдзячны за прыгожы прыклад святарскага жыцця і просім Бога, багатага на Міласэрнасць, каб даў ксяндзу-пралату Мар’яну Маргужу месца сярод збаўленых.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.