ГРОДНА
Пятніца,
25 красавіка 2025 года |
XXIV Нядзеля звычайная

Езус са сваімі вучнямі пайшоў у вёскі Цэзарэі Філіпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў сваіх, кажучы ім: «Кім людзі лічаць Мяне?» Яны адказвалі Яму: «Янам Хрысціцелем», другія - «Іллёю», іншыя - «Адным з прарокаў». А Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр сказаў Яму ў адказ: «Ты - Хрыстус». I загадаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
I пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець, і быць адкінутым старэйшымі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. I казаў пра гэта адкрыта. А Пётр, адвёўшы Яго ў бок, пачаў дакараць Яго. А Ён, павярнуўшыся і паглязеўшы на сваіх вучняў, дакарыў Пятра, сказаўшы: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты не пра Божае думаеш, а пра чалавечае».
I, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за мною. Бо той, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго, а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне і Евангелля, той уратуе яго».
†
Мк 6, 27-35
Кожнага асабіста цікавіў бы адказ на пытанне: “Якім мяне бачаць людзі, за каго яны мяне лічаць?” Некаторыя мелі б цяжкасці ў яго сфармуляванні, маючы абгрунтаваную боязь перад адказам, які паказаў бы ганебныя паводзіны. Наогул, ва ўсіх выпадках цяжка яго правільна паставіць, а яшчэ цяжэй было б атрымаць трапны, але кароткі адказ: колькі апытаных – столькі поглядаў.
Езус хацеў таксама даведацца, што людзі думаюць пра Яго, кім Ён з’яўляецца ў іхніх вачах, што раўнялася б адказу на пытанне: “Колькі сапраўды яны зразумелі з Яго навучання, здзейсненых цудаў і знакаў. Апрача людской думкі Хрыста цікавіў вельмі яшчэ адказ Яго апосталаў. Яны былі Яму самыя блізкія, і ім Ён прысвяціў найбольш увагі. Ад імя апосталаў выступіў Пётр: “Ты – Хрыстос”. Адказ – трапны, але не да канца. Пётр, прызнаючыся ў праўдзе аб Божым паходжанні свайго Настаўніка, не ўсведамляў таго (бо яшчэ не мог!), які сэнс схаваны ў месіянскім тытуле. А нават горача запратэставаў, калі пачуў растлумачэнне, што Месія павінен шмат выпакутаваць, будзе забіты і паўстане з памерлых. Незразуменне місіі і адкідванне спосабу яе выканання сустрэліся з рашучай рэакцыяй Езуса. Ніхто з апосталаў не чуў ніколі ад Яго аналагічнай вымовы. Таму варта мець гэтую сцэну ў памяці, калі мы маем ахвоту “папраўляць” Бога ў Яго планах. Сярод хрысціянаў ёсць вельмі шмат тых, хто гатовы як Пётр супрацоўнічаць з Богам. Аднак замест таго, каб выконваць Яго волю, многія імкнуцца выступаць у ролі дарадчыкаў, падказваючы Богу, што Яму рабіць. У адказ на пытанне: “Кім для мяне ёсць Езус?” патрэбна пакора і гатоўнасць прыняць нават складаную праўду. Гэта ў ёй будзе схавана найбольшая любоў.
Кс. Яраслаў Грынашкевіч
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Сёння ўспамінаем памерлых святароў: | |
Да канца года засталося дзён: 251 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.