ГРОДНА
Панядзелак,
15 красавіка
2024 года
 

Што адбылося б са светам, калі б не было ў ім манахаў?

З жыцця Касцёла

Божы слуга Ян Павел II выказаў славутыя словы: “Сённяшні свет патрабуе больш сведкаў любові Бога да людзей, чым настаўнікаў”. Такімі сведкамі ў свеце з’яўляюцца кансэкраваныя асобы: члены мужчынскіх і жаночых інстытутаў, манаскіх супольнасцяў і ордэнаў. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства былі людзі, якія хацелі пераймаць Езуса радыкальным спосабам: чысцінёй, убоствам і паслухмянасцю. Дзеля ўласнай святасці і большай Божай хвалы яны маліліся, пакутавалі, працавалі, заахвочваючы іншых уласным прыкладам да таго, каб крочыць шляхам дасканаласці. Яны абвяшчалі Евангелле не толькі словам, але яшчэ больш прыкладам уласнага жыцця. “Што б сталася са светам, калі б не было ў ім манахаў?” – заўважыла св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус. Манаскае жыццё ўкаранёна глыбока ў прыкладзе жыцця і ў навучанні Хрыста і з’ўляецца дарам Бога-Айца, які быў дадзены Касцёлу Святым Духам” (пар. VC 1).
    Чалавек пакліканы да шчасця, якое можна дасягнуць рознымі спосабамі. Адзін з іх: перайманне Хрыста ў манаскім жыцці. Тэолаг Караль Ранэр выказаў цікавыя словы: “Да самых простых і адначасова самых найскладаных чынаў сэрца належаць: дабрыня, бескарыслівасць, маўчанне, спачуванне, душэўны супакой і малітва”. Усе гэтыя і іншыя цноты як бы ўвайшлі ў жыццё сястры з манаскага ордэна.
Святы Тамаш з Аквіну сказаў, што манаскія шлюбы з’яўляюцца самым прыгожым (пасля мучаніцтва) сведчаннем аб любові да Бога. А каб годна і свядома прынесці Богу такую ахвяру, пакліканая асоба павінна прайсці пэўныя этапы выхавання ў манастве, якія ў большасці жаночых манаскіх супольнасцях – аднолькавыя. Галоўная мэта выхавання – гэта падрыхтоўка асобы да поўнага самаахвяравання Богу цераз перайманне Хрыста. Такое выхаванне павінна накіроўвацца да паступовага засвойвання думкаў і пачуццяў Хрыста да Айца. Гэты працэс павінен ахопліваць усю асобу: самасвядомасць, чыны і інтэнцыі. Кандыдаткай да манаскай супольнасці можа стаць дзяўчына, якая выражае жаданне служыць Богу ў дадзенай манаскай супольнасці. Умовы прыняцця кандыдаткаў акрэслены ў канстытуцыях ці дырэкторыях манаскай супольнасці, у КПК.

    Пастулат – першы этап выхавання, які працягваецца да 1 года. Гэта час, калі кандыдатка знаёміцца з гісторыяй дадзенай манаскай супольнасці, з яе характарам і роллю ў Касцёле. Неабходна таксама, каб сёстры пазнаёміліся з пастуланткай і ўпэўніліся ў тым, што яна выконвае ўмовы, якія неабходны для дальнейшага выхавання ў якасці сястры дадзенага манаскага ордэна.

   Навіцыят – чарговы этап выхавання да манаства. Яго часта называюць школай манаскага жыцця і ён прадаўжаецца 2 гады. А пачынаецца ён аблучынамі (абрадам пастрыжэння) і не раз сястра выбірае сабе манаскае імя, што з’яўляецца сімвалам пачатка новага жыцця. Пад чуйным вокам сястры–настаўніцы навіцыята кожная навіцыятка павінна выпрацаваць у сябе перакананне, што ўнутранае прыняцце прынцыпаў, абавязковых у дадзенай манаскай супольнасці, з’яўляецца ўмовай вытрымаць у манастве, духа ініцыятывы і сапраўднага руха ўперад. Усё гэта неабходна, каб свядома скласці шлюб перад Богам і Касцёлам, каб кожная пастава сястры і яе чыны ўказвалі на радасную прыналежнасць да Бога. У гэты перыяд навіцыятка паглыбляе сваё духоўнае жыццё, здабывае ў дадзенай манаскай супольнасці веды і ўменні, якія дапамогуць ёй рэалізаваць харызмат (заданне) манаскай супольнасці. Калі навіцыятка падасць адпаведную просьбу і будзе дапушчана настаяцелямі ордэна скласці манаскія шлюбы, то тады пачнецца наступны этап яе выхавання.

    Юніёрат пачынаецца першым складаннем шлюбаў чысціні, убоства і паслухмянасці на 1 год. У залежнасці ад традыцыі дадзенай манаскай супольнасці гэты этап выхавання часцей за ўсё працягваецца ад 3 да 9 гадоў. У гэты перыяд юніёрыстка падрыхтоўваецца яшчэ больш да жыцця, якое ўласціва дадзенай манаскай супольнасці і ўдасканальвае сваю гатоўнасць да апостальскіх заданняў цераз паглыбленне тэалагічных ведаў, а таксама ведаў у сферы духоўнасці і культуры, развівае свае прафесійныя здольнасці. Разважаючы ў глыбіні свайго існавання Божае слова сястра вучыцца шукаць знакі Творцы ў рэчаіснасці гэтага свету. Юніёрат заканчваецца складаннем манаскіх шлюбаў на ўсё жыццё. Знешнім знакам такога рашэння можа быць пярсцёнак, які накладвае сястра, што прымае манаскія шлюбы. Пярсцёнак – гэта знак вернасці любімаму Езусу на ўсю вечнасць.

    У свеце, які ўсё часцей адкідвае ўбок рэлігійныя вартасці культуры, кансэкраваная асоба “бачыць” Бога не толькі вачамі веры, але робіць Яго прысутнасць “адчувальнай”, сведчачы сваім харызматам. Трэба памятаць пра просты мудры прынцып: жадаючы быць добрай маці ці добрым бацькам, сястрой ці ксяндзом трэба перш за ўсё быць добрым чалавекам і хрысціянінам. За св. Паўлам мы паўтараем смела: “Усё магу з Тым, які мяне ўмацоўвае!” Згаданы ўжо св. Тамаш растлумачыў тым, якія спрабуюць аднабакова акрэсліць духоўныя асобы: “У манаскі ордэн уступаюць таму, што ты – дасканалая асоба, але з-за таго, што ты жадаеш такой стаць”.
Апрацавала сястра Тэрэза

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  261

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.