ГРОДНА
Чацвер,
23 мая
2024 года
 

“Caritas in veritate”

Пастырскае Слова

7 ліпеня б.г. у Ватыкане была афіцыйна абвешчана трэцяя энцыкліка Бэнэдыкта XVI, якая носіць назву: “Caritas in veritate” (“Сапраўдная хрысціянская любоў”). У ёй Папа запрашае так удасканаліць свет, у якім ніколі з поля зроку не зніклі б два яго цэнтральныя пункты: Бог і чалавек. Энцыкліка, якая выйшла ў свет падчас крызісу, прыстасоўвае грамадскую навуку Касцёла да выклікаў сучаснага свету, адначасова трактуючы цэласнае развіццё чалавека як вышэйшую вартасць усякага прагрэса.
Сапраўдная хрысціянская любоў – аснова існавання ўсяго чалавецтва
    Галоўнымі словамі навучання Бэнэдыкта XVI, як і самай навейшай яго энцыклікі з’ўляюцца словы: любоў і праўда. Свой роздум над грамадствам Папа пачынае ад напаміну пра тое, што сапраўдная хрысціянская любоў з’яўляецца “асноўнай рухаючай сілай праўдзівага развіцця кожнага чалавека і ўсяго чалавецтва”. У энцыкліцы ён падкрэслівае, што любоў павінна быць сапраўднай, адпавядаць Божаму Аб’яўленню. Ён растлумачвае, што “хрысціянства любові без праўды можна лёгка замяніць на мноства добрых пачуццяў, карысных у грамадскім жыцці, але менш важных”.
А праўда, “дазваляючы людзям выйсці з круга суб’ектыўных поглядаў і адчуванняў, дае ім магчымасць паводзіць сябе, перакрочваючы культурныя і гістарычныя абумоўленасці і сутыкнуцца пры ацэнцы вартасцяў і сутнасці рэчаў”.
    Грамадскую навуку Касцёла Бэнэдыкт вызначае як “Caritas in veritate in re sociali” – абвяшчэнне праўды аб любові Хрыста ў грамадстве. Ён растлумачвае, што асноўнай мэтай гэтага навучання з’яўляецца прапагандаванне цэласнага бачання чалавека. Таму ў эканамічным ці палітычным развіцці, як у маштабе краіны, так і ў рэаліях глабалізацыйных працэсаў свету нельга губляць асноўнай мэты: дабро чалавека і грамадскасці.
Глабалізацыя свету
    Бэнэдыкт успрымае глабалізацыю, нягледзячы на яе небяспечныя аспекты, як шанс, у залежнасці ад таго, як яна будзе выкарыстана. “Глабалізацыя не з’яўляецца ані добрай, ані злой. Мы не павінны быць яе ахвярамі, але пратаганістамі і ісці наперад з розумам, каб нас вяла любоў і праўда”. Папа лічыць, што “глабалізацыйныя працэсы, якія разумеюцца адпаведна, даюць магчымасць пераразмеркаваць багацці ў планетарным маштабе, чаго ніколі да гэтуль не было. Калі ж нядобра распарадзіцца багаццямі, то такая сітуацыя будзе садзейнічаць росту ўбоства, няроўнасці і можа закрануць крызісам увесь свет”.
    Бэнэдыкт XVI заклікае патрактаваць цяперашні глабальны эканамічны крызіс як выклік да роздуму над дальнейшым напрамкам развіцця чалавецтва.
Дэфармаваны прагрэс
    Пераходзячы да найбольш “гарачых” выклікаў, якія стаяць перад чалавецтвам на пачатку XXI ст., Бэнэдыкт XVI сцвярджае, што хоць “прагрэс быў і далей з’яўляецца пазітыўным элементам”, але яго характарызуе “скажэнне і драматычныя праблемы, яшчэ больш бачныя ў цяперашняй сітуацыі крызісу”. Асноўная праблема – “прагрэс, пазначаны дэфармацыямі і недахопам раўнавагі”.
    Ён прызнаецца, што “лінія падзелу паміж багатымі і беднымі краінамі не такая выразная, як гэта было 40 гадоў таму назад падчас “Populorum progressio”. Нягледзячы на тое, што павялічваюцца сусветныя багацці ў глабальным маштабе, але і ўзрастаюць таксама няроўнасці. Поліцэнтрычнае развіццё свету садзейнічае таму, што нават у багатых краінах збядняюцца новыя грамадскія слаі насельніцтва і параджаюцца новыя формы беднасці. А ў традыцыйна ўбогіх частках свету некаторыя групы характарызуюцца неашчадным і спажывецкім надразвіццём, якое нельга прыняць, калі яно суіснуе з нечалавечай беднасцю”.
Эканоміка і этыка
    Бэнэдыкт XVI лічыць, што “ ўжо на працягу доўгага часу эканоміка з’яўляецца той вобласцю, дзе праяўляюцца згубныя вынікі граху”. Сутнасць граху асноўваецца на “перакананні аб неабходнасці аўтаноміі эканомікі, якая не павінна пагаджацца з уплывамі маральнага характару”. На думку Папы, гэта прывядзе да паўстання эканамічных, грамадскіх і палітычных сістэмаў, якія “растопчуць свабоду асобы і грамадскіх групаў і менавіта з-за гэтага нельга будзе запэўніць абяцанай справядлівасці”. Папа лічыць, што “эканоміка патрабуе этыкі, прыязнай асобе для свайго правільнага функцыянавання”.
Неабходнасць дзяржаўнасці
    Іншай небяспекай у перыяд глабалізацыі, якую заўважае Бэнэдыкт XVI, ёсць памяншэнне ролі і суверэннасці паасобных дзяржаваў. “У нашую эпоху, - растлумачвае, - дзяржава знаходзіцца ў такой сітуацыі, што яна павінна супрацьстаяць абмежаванням, якія дыктуе яе самастойнасці новы міжнародны эканамічна-гандлёвы і фінансавы кантэкст, што характарызуецца таксама ўзрастаючай мабільнасцю фінансавых капіталаў, матэрыяльных і нематэрыяльных сродкаў вытворчасці”.
Меркантылізацыя культуры
    У энцыкліцы Папа перасцерагае перад такой дапамогай, з якой звязана было б навязванне ўбогім краінам акрэсленай культурнай мадэлі. Як адзін з прыкладаў ён называе “з’яву міжнароднай турыстыкі, што складае істотны элемент эканамічнага развіцця і культургана росту, але можа перамяніцца ў нагоду для эксплуатацыі і маральнай дэградацыі”.
Дапамога і салідарнасць глабальнага характара
    Згодна з канонам каталіцкай грамадскай навукі вялікую ролю Бэнэдыкт XVI прыпісвае прынцыпу дапамогі. Заклікае шанаваць гэты прынцып на глабальным узроўні. “Напэўна, глабалізацыя патрабуе ўлады, таму што ставіць праблему дасягнення глабальнага супольнага дабра, - растлумачвае. – Аднак жа такая ўлада павінна быць арганізавана ў поліархічным духу і духу дапамогі, каб не нарушала свабоды і была эфектыўнай”.
Павага да жыцця – ўмова развіцця грамадства
    Папа перасцерагае перад згубнымі вынікамі малой колькасці нараджэнняў у высокаразвітых краінах. Змяншэнне лічбы нараджэнняў ніжэй так званага “паказчыка абмену” выкліча крызіс сістэмаў грамадскай апекі, павялічыць яе кошты, зменшыць сабраныя ашчаднасці і ў выніку – фінансавыя сродкі, неабходныя для інвестыцыі. Звыш таго, малыя, а часам вельмі невялікія сем’і рызыкуюць абядніць грамадскія сувязі і не мець магчымасці гарантаваць эфектыўныя формы салідарнасці” – растлумачвае.
    Папа лічыць грамадскай і эканамічнай неабходнасцю “паўторную прапанову новым пакаленням прыгажосці сям’і і сужэнства”. “У гэтай перспектыве, - сцвярджае, - заданне дзяржаваў: весці палітыку, якая рэкламуе цэнтральны характар і цэласнасць сям’і, што абапіраецца на сужэнстве мужчыны і жанчыны і з’яўляецца першай жыццядайнай ячэйкай грамадства, клапоцячыся таксама аб яе эканамічных і фіскальных (падаткавых) праблемах, з ажыццяўленнем яе сувязной прыроды”.
Клопат пра знешняе асяроддзе і энергію
    Папа падкрэслівае, што правільнае развіццё грамадства патрабуе таксама клопата аб захаванні натуральнага асяроддзя. “Бог даў яго ўсім, а выкарыстанне яго - гэта адказнасць перад убогімі, будучымі пакаленнямі і ўсім чалавецтвам”. Папа перасцерагае адначасова перад тым, каб прыроду не лічылі важнейшай, чым саму людскую істоту”. Ён указвае прытым на праблему няправільнага карыстання энергетычнымі рэсурсамі планеты, заўважваючы, што грабежнае здабыццё неўзнаўляльных крыніцаў энергіі некаторымі дзяржавамі, групамі ўлады і прадпрыемствамі з’яўляецца сур’ёзнай перашкодай для развіцця ўбогіх краінаў.
Рэлігія - на службе адзінства чалавецтва
    Бэнэдыкт XVI, гаворачы пра неабходнасць салідарнасці ў глабальным маштабе, нагадвае пра незаменную ролю рэлігіі ў стварэнні адзінства людской сям’і. Гэта патрабуе гарантыі яе належнага месца ў публічным жыцці. “Хрысціянская і іншыя рэлігіі могуць унесці свой уклад у прагрэс пры ўмове, што Бог знойдзе месца таксама і ў публічнай сферы, а асабліва ў культурным, грамадскім, эканамічным і палітычным вымярэннях”.
    З крытыкай Папы сустракаецца таксама секулярызм, які імкнецца выдаліць рэлігію з публічнай сферы, як і фундаменталізм, які пазбаўляе магчымасці весці плённы дыялог і карыснае супрацоўніцтва паміж розумам і верай”.
    На заканчэнне энцыклікі Бэнэдыкт XVI канстатуе, што “прагрэс патрабуе хрысціянаў з рукамі, узнесенымі да Бога ў паставе малітвы”. Ён дадае, што “прагрэс закладае ў чалавеку ўражлівасць на духоўнае жыццё, сур’ёзную ўвагу на вопыт давера да Бога, на духоўнае братэрства ў Хрысце, на давер да Провіда і Божай Міласэрнасці, на любоў і прабачэнне, на самаахвяраванне, на прыняцце бліжняга, справядлівасць і мір”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  223

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.