ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Каралева нашых сем’яў, маліся за нас!

З жыцця Касцёла

    Каранацыя абраза Тракельскай Божай Маці

Каралева нашых сем’яў, маліся за нас!

     Дзень 5 ліпеня 2009 г. будзе запісаны незацёртымі літарамі ў гісторыі Тракеляў, дзе ў Марыйным санктуарыі адбылася каранацыя цудоўнага абраза Тракельскай Божай Маці. Гісторыя санктуарыя не памятае такой узнёслай і цудоўнай урачыстасці, на якую з розных бакоў Гродзеншчыны сыходзіліся дзесяткі тысяч прыхільнікаў Марыі са сваімі душпастырамі, а таксама госці з-за мяжы. Вернікі, беручы актыўны ўдзел у гэтых урачыстасцях, паддаліся ў гэты дзень магутнаму настрою веры, велічнай сіле ўзрушэння і засяроджання, якія надоўга застануцца ў іхніх сэрцах.

   Ужо здаўна стала добрай традыцыяй, што ў першую суботу ліпеня Тракелі становяцца сталіцай гродзенскага Касцёла. Гэтае невялічкая мясцовасць, што знаходзіцца ўдалечыні ад галоўных камунікацый, мела ў гэтым годзе выключнае значэнне для духаванства і вернікаў з-за ўрачыстай каранацыі цудоўнага абраза Тракельскай Божай Маці.
    Якім жа трапным аказаўся дэвіз сёлетняй пілігрымкі да Тракельскай Божай Маці: “Марыя – я ёсць, памятаю, заўжды пільны”. Гэтыя словы моцна і проста выражаюць сэнс: быць хрысціянінам на нашай зямлі на пачатку новага тысячагоддзя ў новую эпоху гісторыі Касцёла і народа.
    Быць хрысціянінам – гэта значыць быць пільным, як не спіць салдат на пасту ці маці – ля дзіцяці і сцерагчы вялікае дабро. Тым вялікім дабром з’яўляецца нашая вера, уся духоўная спадчына, якая ў ёй бярэ вытокі. Быць пільным – гэта значыць памятаць пра сябе і бліжніх, быць ля Марыі – нашай Апякункі з Тракеляў і паспрабаваць стаць яе памочнікамі, памятаць, што Марыйны заклік не перастаў быць нашай малітвай і жыццёвай праграмай.
    На вялікую сілу малітвы ля цудоўнага абраза Тракельскай Божай Маці разлічвалі пасля цяжкага паломніцтва вернікі, якія прыбылі на ўрачыстасць каранацыі цудоўнага абраза. Іх паломніцкі высілак стаў адлюстраваннем таго, што яны тужаць па Богу і няспынна Яго шукаюць. Час пілігрымкі садзейнічае глыбейшаму пазнанню сябе, сваіх слабасцяў і абмежаванняў, з’яўляецца добрай парой на паглыбленне міжчалавечых сувязяў цераз узаемадапамогу і жаданне зразумець патрэбы бліжняга. Падчас малітоўнага вандравання і начнога чування, а напярэдадні каранацыі надала святочны настрой інсцэніроўка пад назвай: “Езус – нашае жыццё” і канцэрт ансамбля “Ave”, наш Касцёл стаў на самай справе вандруючай супольнасцю Божага люду.
    Падрыхтоўваючыся духоўна да каранацыйных урачыстасцяў ноччу 5 ліпеня б.г. пілігрымы прачыталі ружанец з разважаннямі таямніцаў “Святла” і Вяночак да Божай Міласэрнасці. Яны, слухаючы прачытаныя фрагменты з дзённічка святой сястры Фаустыны, задумваліся над вартасцямі хрысціянскага жыцця. У 8 гадзін раніцы біскуп Аляксандр Кашкевіч у якасці галоўнага цэлебранта правёў разам з новапрэзбітэрамі св. Імшу.
{mosimage}    З самай раніцы 5 ліпеня перад уваходам у дыяцэзіяльны Марыйны санктуарый у вялікую чаргу сабралася каля тысяча асобаў, каб занесці свае інтэнцыі да Тракельскай Маці. Плошча перад прыгожа аздобленым алтаром недалёка ад святыні перад пачаткам урачыстасці не магла змясціць усіх прыбыўшых, хто ўшаноўвае Божую Маці.
    Цэнтральны пункт каранацыйных урачыстасцяў – св. Імша, цэлебраваная ў 11 00. Падчас яе былі ўскладзены папскія кароны на цудоўны абраз. Урачыстую літургію разам з кардыналам Казімірам Свёнткам супольна цэлебравалі: мінска-магілёўскі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, біскупы: Аляксандр Кашкевіч, Уладзіслаў Блін, Антоній Дзям’янка, Казімір Велікаселец, арцыбіскуп Анджэй Дзенга, шчэцінска-каменскі Мітрапаліт і шматлікія святары.
    “Радуйцеся, як адна сям’я Божых дзяцей, і з ўшанаваннем схіліце галовы перад цудоўным абліччам Тракельскай Божай Маці, ад якой вернікі атрымалі мноства ласкаў. Маці і Каралева, мы звяртаемся да Цябе з гарачымі сэрцамі, поўнымі любові да Бога! Мы дзякуем Табе, што Ты – з намі ў Тракелях у гэтым цудоўным абразе. Мы ўдзячны, Марыя, за тое, што Ты прыняла пад сваё сэрца Езуса Хрыста і стала Маці Божага Сына. Дзякуючы гэтаму Ты з’яўляешся Маці Касцёла і нашай Маці!” – гэтымі словамі біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі звярнуўся падчас урачыстай літургіі да сабраных вернікаў (каля 25 тысяч) перад алтаром. Біскуп Аляксандр нагадаў гісторыю цудоўнага абраза, які перажыў пажар, рэпрэсіі і барацьбу з Богам падчас ваяўнічага атэізма. Ён расказаў таксама пра цуды вылячэння, якія адбыліся, дзякуючы заступніцтву Божай Маці ў цудоўным абразе. З-за гэтага штогод у першую суботу ліпеня на працягу стагоддзяў падчас адпустовых урачыстасцяў у Тракелях збіраюцца шматлікія пілігрымы.
    Звяртаючыся да вернікаў арцыбіскуп Анджэй Дзенга, шчэцінска-каменскі Мітрапаліт, падкрэсліў асаблівае значэнне Тракеляў. Ён успомніў, як неабходна нашаму пакаленню ізноў сабрацца ля Марыі. “Яна беражэ ў кожнай небяспецы (палітычнай ці маральнай)” – падкрэсліў мітрапаліт. Ён заахвоціў вернікаў Гродзеншчыны напоўніць гэтую зямлю любоўю і жыццём, таму што ў гэты абраз Марыі ўпісана нязвыклае прароцтва, нязвыклы змест. У сваёй прамове арцыбіскуп растлумачыў таксама, якое значэнне мае Марыйная малітва для фарміравання сучасных сем’яў. “Найбольш бяспечна і натуральна прыняць Езуса з рук Марыі, Яго Маці. Гэта вельмі важна для сённяшніх сем’яў” – зазначыў казнадзей. Ён дадаў, што сям’я, якая прымае Хрыста з рук Марыі, з’яўляецца здаровай сям’ёй, поўнай любові, згоднай, працавітай, дзе дзеці будуць радасныя і шчаслівыя. “Калі з малых гадоў дзіця расце, чуючы Марыйную малітву, калі ў сямейнае жыццё ўпісваецца ружанец, літанія да Божай Маці, то ў такой сям’і дзіця мае здаровую душу на ўсё сваё жыццё. А любоў з такой сям’і пераходзіць на наступныя пакаленні” – сказаў шчэцінска-каменскі мітрапаліт.
    Затым да вернікаў звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён успомніў, што нядаўна адбыліся ўрачыстасці дзеля ўшанавання Божай Маці ў Будславе, а цяпер – каранацыя Тракельскай Божай Маці. Адсюль можна зрабіць выснову, што Касцёл у Беларусі мае благаславёны час. Мітрапаліт згадаў пра ганенні хрысціянскай веры, калі вернікі з даверам звярталіся да Марыі, просячы ў Яе дапамогі і апекі. Адсюль укаранаванне Тракельскай Божай Маці трэба палічыць як падзяку за тое, што Яна выслухала маленні вернікаў. Ад імя ўсіх прысутных мітрапаліт прасіў Тракельскую Найсвяцейшую Панну, каб Яна дапамагала людзям імкнуцца да дасканаласці па ўзоры Бога-Айца, каб заслужыць вечнае шчасце ў небе.
    Пасля прачытання дакумента Кангрэгацыі па справах Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, якія датычылі каранацыі на лацінскай, польскай і беларускай мовах, кардынал Казімір Свёнтэк асвяціў цудоўны абраз і памясціў кароны над выявай Дзіцятка Езус і Божай Маці. У гэтую хвіліну на тварах прысутных быў відаць узнёслы настрой. Гэта былі слёзы ўзрушэння, радасці і вялікай удзячнасці Богу за ўшанаванне Найсвяцейшай Панны з Тракеляў.
    Далей біскуп Аляксандр Кашкевіч прачытаў акт аддання Тракельскай Божай Маці пад Яе матчыную апеку. Дзеля ўшанавання Тракельскай Маці пілігрымы з розных дэканатаў нашай дыяцэзіі і прысутныя на ўрачыстасці прадстаўнікі таварыства матацыклетнага катынскага падарожжа прынеслі Божай Маці дары.
    Кусташ санктуарыя ксёндз Павел Галіньскі падзякаваў усім, хто прычыніўся да гэтай вялікай урачыстасці: “Сёння спяваем усім гімн за гэтую ўрачыстасць і дзякуем за дар, чым ёсць ускладанне папскіх каронаў на наш цудоўны абраз.. Сэрцам ахопліваю кожнага чалавека за тое, што гэтыя кароны мы ўсклалі супольна для нашай добрай Маці і Яе Сына”.
    У прамове на заканчэнне кардынал Казімір Свёнтэк падзякаваў Богу за чарговую каранацыю абраза Божай Маці і паблагаславіў усіх прысутных. Абраз быў перанесены на яго пастаяннае месца: у галоўны алтар касцёла. У санктуарыі да позніх вячэрніх гадзінаў перад цудоўным абразам Божай Маці збіраліся прыбыўшыя вернікі. Тракельская Божая Маці як бы асабіста развітвалася з тымі, хто садзейнічаў Яе трыумфу.
 {mosimage} {mosimage}


Генрых Жур,

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.