ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Мара Бога

На шляху да святасці

kobieta

Пасля доўгага шляху ўверх на вяршыню, калі пад тваімі нагамі скала ці абрыў, калі навокал бяздонныя прасторы, твае рукі мімаволі самі раскідваюцца ўшыркі, грудная клетка высоўваецца наперад, дыханне запавольваецца і становіцца глыбокім, ціхім. Вочы заплюшчваюцца. Удых-выдых... Прыходзіць адчуванне паўнаты, яднання, міру і свабоды. Час прыпыняецца. Усім нутром адчуваецца шчасце і любоў.
    Мы таксама раскідваем рукі, калі басанож бегаем па траве і кружымся. Калі імчым насустрач чалавеку, якога даўно не бачылі, якога так хацелі абняць. Мы раскідваем рукі, калі жадаем зберагчы ці выратаваць кагосьці блізкага, кагосьці роднага, засланяючы яго сабой. Любоў…

“Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае” (Ян 3, 16).
    Раскінутыя рукі Езуса на крыжы – гэта свабода і любоў. “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13). “Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстос. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму рабства” (Гал 5, 1). Калі звярнуцца да этымалогіі слова “раб”, то яна кажа, што першапачаткова гэтае слова значыла “сірата”. Сіротамі былі дзеці, якіх выхоўвалі ў чужых сем’ях і на якіх ускладалі самыя цяжкія працы. Правоў яны не мелі ніякіх. Таму паступова “раб” і стала значыць “нявольнік”.
    Але апостал Павел нам нагадвае: “Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!» Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя” (Рым 8, 15–16). Ты і я дзеці Божыя. Калінебудзь задумваўся, што Айцец наш усемагутны, усюдыісны – Цар цароў, у якога ў руках цэлы сусвет? Тады чаму мы так часта жывём, як сіроты? Нібыта збіраючы нікчэмныя драбкі ад пышных страў з цудоўнага стала.
    “Калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам” (Ян 16, 23).
    Маленькія дзеці – гэта няўмольныя “хачушкі”: просяць то паесці, то пагуляць, то каб іх абнялі, пацалавалі, каб купілі нешта прыгожае і г. д. Яшчэ дзеці хочуць, каб іх заўважалі, бачылі. І хоць мы становімся дарослымі, хацець не перастаём. Такімі нас стварыў Бог.
    Гэтыя “хачушкі” называюцца патрэбнасцямі. Можна звярнуцца да піраміды патрэбнасцей псіхолага Абрахама Маслоу. Можна таксама да класіфікацыі Энтані Робінса. Ён вылучае 6 патрэбнасцей: бяспека ці камфорт, разнастайнасць ці ўражанне, унікальнасць ці прызнанне, любоў ці яднанне, развіццё, стварэнне ці ўклад.
    Для адчування сябе шчаслівым неабходна, каб дадзеныя патрэбнасці былі задаволены цалкам. Аднак гэта немагчыма: мы жывём у недасканалым свеце. Увесь час адчуваем недахоп чагосьці. І тады наш мозг шукае спосабы ці стратэгіі, як папоўніць тое, чаго нам не дастае. Праўда, мозг у нас заўсёды “эканоміць” энергію, г. зн. выбірае такія стратэгіі напаўнення, дзе найменш якіх-небудзь затрат. Або выбірае тое, што ўжо вядома нам з уласнага досведу ці з назірання за навакольнымі людзьмі.
    Адным словам, тое, што “пад рукой”, і гэта не абавязкова карысна для нас.
    Напрыклад, пасля доўгай працы (уклад) узнікае жаданне адпачыць (разнастайнасць). Мозг, доўга не думаючы, можа абраць такую стратэгію: пагартаць стуж- ку навін у сацсетках або завіснуць у нейкай гульні. Яшчэ прыклад: табе сказалі словы, якія вельмі ранілі.
    Ты ідзеш, купляеш нешта з алкаголю ў надзеі на тое, што ён заглушыць цяжкія эмоцыі. Але тут у нас існавала патрэбнасць у прыняцці ці любові ад іншага чалавека. Замест стратэгіі – шляху – любові была абрана стратэгія смерці, г. зн. тое, што губіць нас.
    Таму Бог моцна рызыкнуў, стварыўшы нас свабоднымі. Але Ён даў нам розум, волю і пачуцці, каб мы маглі выбіраць дабро. Колькі ў гэтым любові і павагі да свайго стварэння, жадання, каб чалавек узрастаў як асоба.
    Свет развіваецца з неймавернай хуткасцю. І ўсё імкнецца нам спрасціць:
    ад ежы да адносін паміж людзьмі. Каб чалавек менш думаў, менш вёў свядомае жыццё. Г. зн. менш ведаў і разумеў самога сябе, а адпаведна і іншых людзей. Як часта мы кажам: “Мала 24 гадзін у сутках”, “колькі ўсяго яшчэ зрабіць”. Жывём па накатанай. Гэтак жа, як у свеце поспеху, у нас, хрысціян, ёсць спакуса: браць на сябе зашмат, браць не сваё. Калі пастаянна няма часу, то спытай у Бога, ці ад Яго гэта? “Усё мне можна, але не ўсё карысна. Усё мне можна, але нічым не дам сябе зняволіць” (1 Кар 6, 12).
    Дыхай на поўныя грудзі, жыві свабодна!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.