ГРОДНА
Панядзелак,
03 кастрычніка
2022 года
 

“Галоўнае – быць сумленным”. Размова пра супрацоўніцтва з бізнесам і сацыяльныя праекты

Інтэрв'ю

siargeeu1

А. Павел Сяргееў ужо шмат гадоў генерыруе і ажыццяўляе ідэі дапамогі – замежныя курсы рэабілітацыі, сістэмнае навучанне валанцёраў, інклюзіўная пякарня “Пчала”, ІТ-курсы для людзей з інваліднасцю і шмат іншых. Уся дзейнасць такога кшталту патрабуе сродкаў.
    З праваслаўным святаром гутарым пра рэлігійную сацыяльную дзейнасць, стасункі з прадпрымальнікамі і агульныя праблемы нашых Цэркваў у сферы дабрачыннасці ў сённяшні час.


    – Колькі праектаў атрымалася ажыццявіць за Вашу практыку?
    – Цяжка назваць дакладную колькасць. Можа, 10-20. У Мінску я засноўваў брацтва Іаана Багаслова. Яно пачалося з двух, а пазней у нас стала 200 валанцёраў.
   
    – У царкоўных колах ёсць такая тэндэнцыя, што пакуль справамі займаецца іх пачынальнік – праект жыве. Не стае пачынальніка – праект паволі затухае.
    – Вядома, сакрэт не ў тым, каб прыдумаць праект і зрабіць яго, а ў тым, каб ён існаваў. Для гэтага неабходны менеджмент, важна прапісваць бізнес-працэсы, ствараць інструкцыі, каб справу можна было пазней перадаць іншаму менеджэру. Дзякуючы гэтаму наступны чалавек зможа працягваць ініцыятыву. Калі гэтую функцыю выканаць, то праект будзе жыць. Аднак часта ў ініцыятывах такога не хапае.
   
 А. Павел Сяргееў –  праваслаўны святар, іерэй, клірык Беларускай Праваслаўнай Царквы. Заснавальнік валанцёрскага брацтва Іаана Багаслова  ў Мінску. Кіраваў аддзеламі па дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Гродзенскай і Слуцкай епархій.
А. Павел Сяргееў – праваслаўны святар, іерэй, клірык Беларускай Праваслаўнай Царквы. Заснавальнік валанцёрскага брацтва Іаана Багаслова ў Мінску. Кіраваў аддзеламі па дабрачыннасці і сацыяльным служэнні Гродзенскай і Слуцкай епархій.

    – А як з Вашымі пачынаннямі? Жывуць?
    – З нядаўніх праектаў – арганізацыя курсаў праграміравання для людзей з інваліднасцю ў Гродне. Цяпер я ўжо пераехаў у Мінск, але гэты праект існуе і дзейнічае. Ён быў перададзены Сабору Усіх Беларускіх Святых.
    У верасні будзе наступны набор.
    Праблема ў тым, што часта людзі, якім перадаюцца праекты, не маюць патрэбнай кампетэнцыі. Яны могуць не мець адпаведнай адукацыі ці вопыту ў менеджменце. Таму нават з прапісанымі працэсамі справы завальваюцца. Лічу, што для Царквы, як і любой грамадскай арганізацыі ўвогуле, трэба рыхтаваць кадры. Я б прапанаваў, каб у каталіцкіх і праваслаўных семінарыях рыхтавалі не толькі багасловаў, але таксама давалі азы менеджмента, псіхалогіі кіравання. Гэта б дапамагло рыхтаваць эфектыўных пастыраў у жыцейскіх, сацыяльных справах.
    Было б выдатна, каб Праваслаўная і Каталіцкая Цэрквы разам рабілі добрыя справы. Гэтага, напэўна, у нас не хапае. Хоць мы і сябруем, маем змешаныя сем’і, молімся адзін за аднаго, ужо даўно пара займацца дабрачыннасцю супольна.
   
    – Як Вы шукалі сродкі на свае праекты? Як выглядае баланс прыватных ахвяраванняў і дапамогі ад бізнесу?
    – Раней гэта былі фонды:
    міжнародныя праграмы, праграмы ЕС, Расіі, Амерыкі. Да гэтага дадаваўся краўдфандынг (ахвяраванні людзей – заўв. рэд.) – ён дапамагаў на сістэмныя рэчы (абсталяванне, мэбля). Бізнес больш дае на розныя падарункі, рэчы для заняткаў, але не дае на навучанне валанцёраў.
   
    – Бізнес ахвяруе на тое, што можна сфатаграфаваць?
    – Так. На тое, з чаго можна зрабіць справаздачу. Бізнес дае на вельмі зразумелыя рэчы, аднак справы, звязаныя з навучаннем, павышэннем кампетэнцыі валанцёраў, такія больш складаныя праекты бізнесу складана зразумець. Таму на гэта ахвяруюць фонды і грантавыя праграмы.
    Вось, напрыклад, тыя ж курсы праграміравання для людзей з інваліднасцю – там спрацаваў краўдфандынг. Мы напісалі артыкул на dev.by (інтэрнэт-выданне пра ІТ-індустрыю ў Беларусі і свеце – заўв. аўт.), і пасля гэтага людзі пачалі ахвяроўваць, далучацца да нас. Тут спрацавалі СМІ, зразумелая і хвалюючая ўсіх мэта – і мы разам зрабілі гэты праект.
   
Айцец Павел падчас адной з дабрачынных акцый
Айцец Павел падчас адной з дабрачынных акцый

    – Якія матывацыі ў бізнесу дапамагаць царкоўным сацыяльным праектам? Гуманнасць, вера, дапамога для галачкі?
    – Сустракаецца і такое, і такое. Ёсць, канешне, пытанні, звязаныя з падаткамі, бо існуюць паслабленні ў выглядзе змяншэння падатковай базы – ахвяраванні можна запісаць за выдаткі.
    З іншага боку, бізнес – гэта ж людзі. Дырэктары кампаній таксама могуць быць прыхаджанамі. У іх таксама ёсць дзеці. Быў выпадак, калі я сустракаўся з адным бізнесмэнам і ў яго аказалася дзіцё з інваліднасцю. Калі ён пачуў заклік аб дапамозе, адразу адгукнуўся. “Гэта і мая праблема, я адчуваю адказнасць”, – казаў ён. Таму бывае па-рознаму.
    Бізнес, дарэчы, лёгка дапамагае матэрыяламі. Калі гэта дрэваапрацоўка, яны даюць, напрыклад, піламатэрыялы. Будаўнічыя кампаніі прадастаўляюць супрацоўнікаў. Стратэгія тут такая: падумаць над кожным накірункам і над тым, хто можа з гэтым дапамагчы. Дзесьці бізнес, дзесьці прыхаджане, дзесьці фонды.
   
    – У адносінах Царква-бізнес існуе нотка ліслівасці. Царкоўныя ўстановы любяць “заігрываць” з багатымі, неяк сябраваць дзеля дапамогі. Як Вам бачыцца гэтая матэрыя?
    – Нажом можна рэзаць хлеб, капіе (праваслаўная літургічная прылада; сімвал дзіды, што прабіла бок Езуса – заўв. аўт.) можна выкарыстоўваць для бяскроўнай ахвяры, а яшчэ гэтым можна забіць. Так жа і з грашыма – гэта інструмент. Мы разумеем, што ёсць шмат людзей, якія не вытрымалі такога спакушэння. Для кагосьці кантакт з грашыма можа стаць плачэўным. Аднак Хрыстос кажа: “Я перамог свет, не бойцеся”. Таму калі разважаць, думаць, маліцца, чытаць Евангелле, то не згубіш арыенціры.
   
    – Можа, у Вас ёсць свой набор правіл супрацоўніцтва з бізнесам у гэтым кантэксце? У плане ўзгаданай ліслівасці, пошуку нармальнага балансу стасункаў.
    – Галоўнае – быць сумленным. Ставіцца да грошай, якія табе далі, з адказнасцю і выдаваць іх на тыя патрэбы, на якія яны былі дадзены. Справаздачнасць і ўсе дзеянні павінны быць максімальна празрыстымі: чэкі сфатаграфаваў, копіі накладных прадставіў. Тады бізнес спачатку дапаможа крыху, пазней яшчэ больш, пазней яшчэ, калі будзе бачыць, што перададзеныя грошы былі патрачаны максімальна эфектыўна. Таму рабі ўсё, як для Госпада.
    Калісьці я служыў у в. Лядна пад Слуцкам. Сустрэў там чалавека, гатовага даць умоўна 10 тон пліткі на храм. Мы з ім селі, выпілі кавы і разгаварыліся пра жыццё, закранулі духоўныя пытанні. На наступнай сустрэчы ён сказаў, што яго пытанне вырашылася станоўча, наша папярэдняя размова яго вельмі закранула. Я яго не прасіў, але ён нам замест 10-ці тон пліткі даў 100.
    Таму важна ставіцца да бізнесмэнаў не як да крыніцы прыцягнення сродкаў і дзеля іх круціцца ды танцаваць, а як да духоўных чадаў. Адносіцца да іх, як да кожнага прыхаджаніна. Чалавек жа адчувае, калі да яго падлізваюцца.
   
    – А ёсць урокі, якія Вы ўзялі ў бізнесмэнаў для сябе асабіста?
    – Канешне. Тайм-менеджмент – падзел спраў на тэрміновыя, важныя, нетэрміновыя і няважныя. Аналіз матрыц, стратэгічнае планаванне, прапісванне бізнес-працэсаў – шмат усяго. Таксама па першай адукацыі я маркетолаг і ў мяне быў вопыт свайго дыджытал-агенцтва, якое рабіла сайты. Усе бізнес-тэхналогіі працуюць паўсюль аднолькава. Гэта не нейкае шаманства, а менавіта тэхналогіі: не святыя і не грэшныя, а проста такая ж навука, як фізіка ці хімія. Мы яе спакойна можам выкарыстоўваць як інструмент без дадатковай маральнай ацэнкі.
    Па сутнасці маркетынг – гэта тое самае місіянерства. Толькі маркетынг улюбляе ў прадукт, а місіянерства прапаведуе пра Хрыста. Аднак метады ў іх абсалютна аднолькавыя. Апостал Павел казаў: “Для ўсіх я стаў усім, каб уратаваць, прынамсі, некаторых” (1 Кар 9, 22). Гэта той жа першы прынцып навуковага маркетынга, які выкарыстоўваецца ў падручніку Котлера – пазіцыянаванне і дыверсіфікацыя. Мне падаецца, што ён, хутчэй за ўсё, і ўзяў гэты прынцып з Пісання.
   
    – У аднаго святара ў працоўным кабінеце вісеў плакат з надпісам: “Калі ты нам штосьці зрабіў, калі ласка, не прыгадвай нам больш гэта”. Праз яго праходзіла шмат бізнесмэнаў. А Вы якую таблічку павесілі б у сваім кабінеце?
    – У Караткевіча ёсць словы: “Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш”. Мая жонка працуе ў IT-кампаніі, і гэта слоган іх фірмы. Каб дасягнуць поспеху, трэба, як Караткевіч казаў, так і рабіць.
   
    – У Вас не ўзнікае часам думкі, што, нягледзячы на ўсе гэтыя сацыяльныя праекты і аб’ектыўна добрыя справы, хваля секулярызацыі не спыняецца? Людзі не імкнуцца ў касцёлы і цэрквы, а выбіраюць іншы шлях.
    – Я думаю, што імкненне да духоўнасці закладзена ў кожным чалавеку. Усе людзі імкнуцца да Бога, да пазнання чагосьці вышэйшага. Але часта іх адштурхоўвае негатыўны вобраз святароў, вернікаў, біскупаў. Менавіта вобраз жыцця. Мы, веруючыя, не асабліва жывём па Евангеллі. Таму і няма даверу да нас. Рыба гніе з галавы – нам трэба змяняцца, не казаць птушынай мовай, а чалавечай, быць адкрытымі і паказваць добры прыклад. Калі гэтага рабіць не можам, то самі вінаватыя. Канешне, адзінкі стараюцца, а большасць… Вось і атрымліваецца трэнд такі, што гэтая дзейнасць не асабліва дапамагае.
   
    – Колькасць свецкіх дабрачынных арганізацый сёння расце ва ўсім свеце. Падаецца, што ў духу секулярызацыі людзі найчасцей абіраюць дапамогу свецкім арганізацыям, а не рэлігійным. Па розных прычынах. Як Цэрквам не губляць гэты давер?
    – Быць максімальна празрыстымі. Даверу няма там, дзе ёсць штосьці няяўнае.
    Да таго ж прызнаваць свае памылкі. Вялікія арганізацыі, такія як Samsung, LG, Apple і іншыя, а не толькі Цэрквы, з вялікай цяжкасцю прызнаюць свае памылкі. Яны імкнуцца да вобраза “я заўсёды маю рацыю”, таму ім складана сказаць: “Я не маю рацыі”. Царкве як вялікай арганізацыі з вялікай структурай таксама цяжка прызнаць свае памылкі. Гэта не таму што Царква вось такая, што яна горшая, чым хтосьці, – гэта проста складана.
    Яшчэ трэба дадаць, што ў арганізацыі, якая існуе 2000 гадоў, складана штосьці змяняць. Тут змяніць можа толькі Госпад. Калі казаць максімальна маштабна. Таму, калі Царква будзе прызнаваць свае памылкі, азначаць іх і выпраўляць, калі будзе празрыстасць, тады і больш даверу будзе ў людзей. Трэба мець адкрытае сэрца і быць гатовым да змен.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  89

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.