ГРОДНА
Серада,
28 верасня
2022 года
 

Пра алкагалізм, Божы дар і незалежнасць

Інтэрв'ю

Праблема алкагалізму датычыць значнай часткі грамадства
Праблема алкагалізму датычыць значнай часткі грамадства

У жніўні Каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца ў інтэнцыі цвярозасці. Каб зразумець, чаму, не заўсёды трэба зазіраць у статыстыку. Многім беларусам дастаткова прысесці са сваякамi за стол ці раніцай прайсці каля невялікай крамы. Разам з ростам хваробы алкагалізму павялічваецца і колькасць сузалежных асоб. Часцей за ўсё гэта жонкі і маці, таксама дзеці.

Муж Людмілы, Юрый, ужо 22 гады з’яўляецца цвярозым алкаголікам і дапамагае іншым залежным людзям. Мы папрасілі Людмілу распавесці пра яе шлях як сузалежнай асобы, запыталі пра аспект вернасці, пра захаванне сябе і пра парады для сузалежных жанчын.
   
    – Азіраючыся на ўласнае сямейнае жыццё – да сутыкнення з залежнасцю і пасля, – як бы Вы апісалі свой шлях?
    – Алкаголь як праблема для мяне адсутнічаў. Калі я глядзела на людзей пад магазінам, мне здавалася, што яны проста слабавольныя і не могуць прымусіць сябе адмовіцца.
    Мой тата, ваенны урач, відавочна, ведаў праблему алкагалізму і вельмі рупліва працаваў над дзецьмі, асабліва над старэйшым сынам. У нас заўсёды была інфармацыя, што алкаголь – гэта шкода, таму ў сям’і залежнасцей не было. Я вельмі ўдзячна бацькам, што вырасла ў здаровай, цвярозай атмасферы.
    У студэнцкія часы і пасля сканчэння лінгвістычнага ўніверсітэта, калі я працавала тут, у Гродне, алкаголь прысутнічаў, але ненавязліва. Я не ведала, што такое алкагалізм.
    Калі выйшла замуж, з Юрыем мы хадзілі на розныя мерапрыемствы, сустракаліся з сябрамі, было весела, цікава. У прынцыпе, усё было больш-менш нармальна, пакуль я не заўважыла, што пасля кожнага свята мужу хочацца працягу. Раніцай ён трымаўся, не дазваляў сабе, але вечарам ужо шукаў кампанію, цягнуў мяне да сяброў, і ўсё расцягвалася на некалькі дзён.
    Так за прыблізна пятнаццаць гадоў актыўнага ўжывання маім мужам алкаголю я зразумела, што ён залежны. Потым даведалася пра яго мінулае і ўсвядоміла, што папала. Шмат было думак. Хацелася ўсё кінуць і адысці. Але стрымлівала тое, што мы павянчаліся, што прагучала абяцанне быць разам у радасці і ў горы, у бядзе і ў хваробе.
    Прыйшоў нейкі момант, калі Юрый сам сказаў: “Я алкаголік”. Канешне, мне стала яшчэ горш. Я пачала шукаць разнастайных урачоў, звярталася за дапамогай у Мінск да вядомых нарколагаў – грошы знікалі, а выніку не было.
    Тут хачу зрабіць націск на тым, што хвароба прагрэсіравала, і з майго боку прысутнічала пэўнае памылковае мысленне. Калі муж выходзіў з запою, прасіў прабачэння, абяцаў. Здараліся месяцы, калі ўсё было добра. Я супакойвалася, спадзявалася, што, нарэшце, так яно і будзе. Аднак дзесьці ў глыбіні сэрца ўсё ж чакала, калі зноў пачнецца. І пачыналася, і працягвалася ўсё даўжэй, усё цяжэй. Ён ужо не мог сам выходзіць з запою, патрэбна была медыцынская дапамога, капельніцы, бальніца. Я настолькі апусціла рукі, што чакала, калі ўсё гэта скончыцца. Ведала шмат выпадкаў з сем’яў маіх сяброў, знаёмых і бачыла, што заканчваецца ва ўсіх аднолькава.
    З 2000 года пачалася актыўная фаза выздараўлення мужа. Мы лічым, што гэта быў Божы дар, дар ад Маці Божай Чанстахоўскай. Тады Юрый упершыню прыйшоў на сустрэчу групы ананімных алкаголікаў, і Гасподзь вёў яго. Затым уцёк адтуль, але Гасподзь прывёў яго назад і сказаў, што “вось тваё месца”. Дзякаваць Богу, 22 гады прайшло. Напэўна, муж за гэты час меў жаданне выпіць, не магу сказаць, бо розныя настроі, думкі былі… Але Бог трымаў яго на гэтым шляху. І Юрый такі чалавек, які, атрымаўшы дар, тут жа павінен быў ім дзяліцца. Пачынаючы з 2000 года, ён гэта робіць.
    Тыя метады, якія мы папярэдне выкарыстоўвалі – між іншым, падшыванне, кадзіраванне, – не дапамагалі. Чалавек заставаўся цвярозым, але неверагодна агрэсіўным і проста чакаў моманту, калі можна будзе далей працягваць піць. Мы жылі з вялізнымі складанасцямі і псіхалагічнага, і матэрыяльнага характару. Дар, які атрымалі ў 2000 годзе, цалкам перавярнуў наша жыццё. Юрый пачаў вучыцца, як жыць цвярозым, без медыкаментознай альбо наркалагічнай дапамогі звонку.
    Адметным момантам у нашай сям’і з’яўляецца таксама тое, што не я прывяла мужа да цвярозасці, а ён прыйшоў да яе самастойна і прывёў мяне да разумення алкагалізму. Я атрымала шмат інфармацыі пра тое, што гэта за хвароба, як з ёю жыць.
    Пасля таго, як першы раз трапіла ў групу Ал-Анон, калі прачытала літаратуру пра сузалежных людзей, я зразумела, што тое, чым жыла вось гэтыя 14-15 гадоў, было грубейшай памылкай: і патакаць, і выліваць гарэлку ці наадварот прынесці яму, каб замаўчаў, і мець пачуццё віны, якое залежны чалавек пастаянна гадуе ў сузалежным. Гадуе і робіць яго вельмі моцным: “Я п’ю, таму што ты дрэнная”.
    І хоць я ўсюды прадстаўляюся як сузалежная, хвароба мужа навучыла мяне быць незалежнай. Я, перш за ўсё, даведалася, што я чалавек і што ні ў чым не вінава- тая, што гэта яго хвароба, а не мая. Я ж, будзем казаць так, сапраўды сузалежная, іду паралельнай дарогай. Раз я побач з ім, то выбрала гэты шлях. Іду і стараюся быць незалежнай, стараюся мець і маю свае інтарэсы, свае хобі, захапленні, а таксама штодзённа малюся аб цвярозасці і для мужа, і для ўсёй роднай краіны.
   
    – Як думаеце, ці магчыма без удзелу ў групе для сузалежных асоб, самастойна прыйсці да ўсведамлення сваёй незалежнасці?
    – Магчыма, але трэба, каб нехта расказаў табе пра гэта, трэба мець гэтую ўсвядомленасць. Сузалежны чалавек павінен ведаць, што ні ў чым не вінаваты, што не мае ніякага ўплыву на ўжыванне, што калі залежны п’е, то не таму, што ты вінаваты, а таму што ён алкаголік.
   
romantic

    – Улічваючы момант вернасці чалавеку да канца і аспект клопату пра сваё здароўе ды бяспеку, як прыняць правільнае рашэнне: застацца ці адысці?
   
– Гэты момант вельмі індывідуальны, і жанчына сама павінна вырашыць.
    Кожны алкаголік п’е па-рознаму. Ёсць людзі, якія выпіваюць і буяняць. Гэта вельмі страшна, і тут нават святар кажа, што калі муж пагражае табе і дзецям, то трэба адысці. Маецца не ўвазе не развод, а сепарацыя. У маім выпадку такога не было. Муж ніколі не біўся. Неяк я спрабавала розныя метады тыпу хаваць алкаголь, але калі ён адштурхнуў мяне, зразумела, што ў такім стане муж не адказвае за свае паступкі і можа здарыцца нейкая бяда, таму, ахоўваючы сябе, не была агрэсіўнай.
    Існуе паняцце дна, калі чалавек ужывае. Уся гісторыя алкаголіка – як ліфт, які едзе ўніз, на могілкі. Першы званочак, дзевяты паверх – звольнілі з працы. Тут спыніўся, знайшоў новую працу і перастаў піць. “Падумаеш, страціў працу”. Далей – страціў сям’ю. Згубіў дзяцей, блізкіх. Так чалавек усё губляе і ў выніку даходзіць да дна. Ёсць шанс, што ён ад гэтага дна адаб’ецца, нават калі застаўся адзін, а калі мае дастаткова сіл і разумення, здолее падняцца на дах. Толькі сам і адначасова пры дапамозе спецыялістаў і пры дапамозе сябра. На жаль, у нас не так шмат ёсць цэнтраў, дзе прафесійна дапамагаюць.
   
    – Як не здацца, а захаваць сябе і падтрымаць мужа?
    – Юрый стараўся: і кадзіраваўся, і падшываўся, і чаго толькі не рабіў, але алкагалізм вельмі каварная рэч. Як любая хвароба, ён мае актыўную стадыю – гэта гора і бяда. Затым наступае рэмісія, і тады трэба дзесьці дапамагчы падтрымкай, словам. Так я разважаю цяпер, з пазіцыі таго, што ведаю. А звычайна што робяць жанчыны, што я рабіла: крычала, сварылася, калі можна было дастукацца, і атрымлівала такі ж негатыўны адказ.
    Калі казаць пра парады, то варта шукаць дапамогі. Раней гэтай дапамогі амаль не было: “Ідзіце да нарколага, станавіцеся на ўлік”, – а цяпер алкагалізм зарэгістраваны як хвароба. Сузалежнасць таксама лічыцца хваробай, і можна, між іншым, знайсці працу з псіхолагам.
    Жанчына цяпер, прынамсі, у нас, у Гродне, таксама можа атрымаць дапамогу ў групе для сузалежных асоб, дзе сустракаюцца такія ж людзі, у асноўным жанчыны, якія дзеляцца сваёй бядой і досведам. Гэты досвед дапамагае пачуць, што рабіла другая жанчына ў такім палажэнні.
    Я лічу, што сузалежны чалавек павінен знайсці сваё “я” і развіваць яго ў сабе. Вельмі часта залежны мужчына п’е ўжо шмат гадоў і нічога ў яго не адбываецца, а сузалежная жанчына адыходзіць з жыцця, таму што ўсё прысвяціла яму, увесь час займалася яго праблемамі, а сабой – не. Ёсць такое паняцце, як жорсткая любоў, то-бок: “Я цябе люблю, але ты жыві сваім жыццём, калі хочаш піць – пі, а мяне гэта не датычыць”. Важна ўсвядоміць, што ты не можаш змяніць алкаголіка. Часам гавораць: “Вось такая жанчына! Яна яго ўратавала”. Магчыма, яна садзейнічала гэтаму, але выратаваць сябе можа толькі сам залежны чалавек. Таксама важнай з’яўляецца павага адзін да аднаго. Ты ведаеш, што ён мае такія ці іншыя звычкі – трэба іх паважаць.
    Зразумела, што алкагалізм, канешне, не, але калі ён мае нешта, што яму падабаецца, няхай ён гэта развівае. Калі яму падабаецца штосьці чытаць ці глядзець, напрыклад, хакей, футбол, або ездзіць на рыбалку, няхай ён гэта робіць, калі такія моманты не прыносяць шкоды для сям’і. То-бок, трэба паважаць яго звычкі, мець свае і такім чынам жыць. Без ідэалаў, таму што ідэалаў няма.
   
    – Як паводзіць сябе жонцы ў плане прысутнасці алкаголю на святах, калі яна ведае, што яе муж залежны?
    – Няма стопрацэнтнай гарантыі, што чалавек будзе цвярозым працяглы час. У галаве спрацоўваюць гэтыя механізмы: хімія, кроў і г. д., таму залежны чалавек не мае права падняць чарку. Тут таксама сузалежныя маці, жонкі дапускаюць памылкі: “Ну як так?! Ты ўжо выздаравеў, ты не алкаголік. У дачкі вяселле – што ж, ты не вып’еш бакал шампанскага за дачку? Выпі”. Ні ў якім разе, таму што ты ўжо больш не ўбачыш гэтага вяселля. Будзеш і заўтра, і паслязаўтра ляжаць пад сталом.
    Тут важна, каб блізкія зразумелі: калі чалавек усвядоміў, што ён алкаголік, ён да канца жыцця не мае права падняць чарку.
    Справа ў адсутнасці інфармацыі для жонкі, для маці. Мы ніколі не гаворым “былыя алкаголікі”. Гэтак жа, як чалавек з любой хваробай ведае, як сябе паводзіць, так і з алкагалізмам ведае, як паступаць. У сям’і неабходна проста пазбягаць вялікіх свят, не выкарыстоўваць дома алкаголь.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  95

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.