ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Ты сапраўды хрысціянін?

На шляху да святасці

Чым адрозніваецца жыццё хрысціяніна ад нехрысціяніна? Няўжо толькі паходамі па нядзелях у касцёл ці царкву? Ці святкаваннем Раства і Вялікадня? Або, можа, строгім выкананнем усталяваных прадпісанняў?


   Што такое хрысціянства?
    Калі прыглядзецца, то ў наш час выразных адрозненняў паміж вернікамі і нявернікамі не ўбачыш. Лад жыцця такі самы. А часам здараецца, што “гэтыя няверуючыя” маюць большы парадак ва ўсіх сферах свайго жыцця: у адносінах, фінансах, кар’еры, адпачынку, здароўі. І выглядаюць яны больш радаснымі і шчаслівымі. Ды і добрыя справы таксама здзяйсняюць. Айцец Мечаслаў Лусяк аднойчы сказаў у сваім разважанні, што такія людзі, не падазраючы, жывуць (могуць жыць) Евангеллем.
    “Вы – соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям. Вы – святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары” (Мц 5, 13–14).
    Мы губляем гэтае ўнутранае святло. Гэты маяк любові, спакою, радасці, які прыцягвае, як магніт, іншых, вяртае іх з цемры. Але “хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?” (Лк 6, 39).
    Хрысціянства – гэта лад жыцця. Напрыклад, калі чалавек выбірае здаровы лад жыцця, ён развіваецца і ўдасканальваецца ў гэтым, спрабуе новыя практыкаванні, рацыён харчавання і г. д., а таксама ўвесь час знаходзіцца ў пошуку і адкрыты на змены. Практыкуючы ўсё, паступова пачынае гэтым жыць.
    Хрысціянства – гэта свядомы выбар. Гэта пра жыццё, згодна з высокімі стандартамі. І гэта большая частка працы, інвестыцый: свайго часу, сіл, сродкаў. Гэта таксама адмова ад чагосьці больш прыемнага, магчыма, нават выхад з нейкіх адносін. А яшчэ сталае развіццё і паглыбленне асабістых адносін з Богам, з сабой, з іншымі людзьмі.
    На ўсё жыццё не хопіць ведаў, атрыманых на ўроках рэлігіі, якія былі ў дзяцінстве або перад прыняццем сакрамантаў святой Камуніі і канфірмацыі. Пасля іх вялізныя натоўпы “вернікаў” кудысьці знікаюць. Як кажуць студэнты аб экзаменах: “Здалі – забыліся”. Паставілі галачкі, што выканалі, і пайшлі жыць “сваё жыццё”: праца, сям’я, адпачынак, хобі і г. д. Няма часу. І наша вера спыняецца на хаджэнні ў касцёл ці царкву па нядзелях і на выкананні абрадаў.
    А духоўны голад нікуды не дзяецца. Ён узрастае. І калі не даваць правільнай ежы, наш дух можа згаснуць. Бо кожную сувязь з іншай асобай, кожныя ўзаемаадносіны, якія шануеш, трэба забяспечваць клопатам, увагай. А Бог – гэта асоба.
    Верыць – гэта выбар. А выбіраць – значыць браць на сябе адказнасць, прымаць наступствы ад сваіх рашэнняў. “І зненавідзяць вас усе за імя Маё. Але той, хто вытрывае да канца, будзе збаўлены” (Мк 13, 13).
    Верыць – гэта выбар, каб прызнаць, што ёсць Нехта Вялікі, ад якога ўсё пачалося, гэта выбар, каб мець давер да таго, што ўказаны шлях – самы праўдзівы, і гэта выбар, каб спадзявацца на Кагосьці, чыё імя Усемагутны, чыё імя Я ЁСЦЬ.
    Праўда ў тым, што цяжэй за ўсё чалавеку прызнаць, што не ён сам усё вырашае, не заўсёды яго справядлівасць самая сапраўдная. Часта людзі “караюць” сябе за свае слабасці самі і не вераць у любоў, міласэрнасць і прабачэнне для іх.
    “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас” (Мц 11, 28). “Ён узяў на Сябе немачы нашыя, Ён сам зносіў наш боль” (Іс 53, 4).
    Нішто так не аддаляе ад Бога, як уласная самаправеднасць і нешта такое, што мы называем ганарыстасцю, якая можа праяўляцца ў празмерным клопаце аб бліжнім ці ў тым, каб быць для ўсіх добрым і цярпімым. “Няхай будзе слова вашае «так-так», «не-не». А што звыш гэтага, тое ад злога” (Мц 5, 37).
    Хрысціянства – гэта пра свабоду. Бо нават сам Бог не навязвае сябе: “Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, увайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною” (Ап 3, 20).
    Мы, аддаючы сябе, павінны памятаць: “Калі жадаеш нешта зрабіць для кагосьці, падумай, ці гатовы ты, што табе за гэта не скажуць «дзякуй», а можа, зусім не заўважаць. Калі не гатовы, то не рабі”.
    У “хрысціянскіх колах” кажуць: “Бог павінен быць на першым месцы”. Я б сказала, што Ён мусіць быць у цэнтры. Як рамонак. Пялёсткі – нашы сферы жыцця, якія вядуць да жоўтай сярэдзіны – да Бога. Калі рамонак вяне, пялёсткі адпадаюць. Так у канцы нашага жыцця застанёмся толькі я і Ён.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.