ГРОДНА
Пятніца,
30 верасня
2022 года
 

Мае італьянскія замалёўкі

Карані нашай веры

На сваю першую св. Імшу ў Італіі я трапіла сёлета акурат на ўрачыстасць Уваскрасення Хрыста. “Cristo è risorto!”, – зразумела, гэта было першае, што пачула з вуснаў святара. Вокліч ён суправадзіў эмацыянальным жэстам, і пасля ксяндза было ўжо не спыніць. Сапраўды, эмацыянальнасць італьянцаў праяўляецца і ў рэлігійных практыках, таму кожнае чарговае казанне, якое мне даводзіцца пачуць, ператвараецца амаль у спектакль.
    Калі надыходзіць кульмінацыя – прыняцце св. Камуніі, усе прысутныя вымаюць з торбачак антыбактэрыяльны гель і апрацоўваюць рукі. Пасля становяцца ў доўгую чаргу і паступова набліжаюцца да святара. Камунію прымаюць на рукі і пасля кладуць у рот. Такія рэгуляванні былі ўведзены ў час пандэміі каранавіруса і дзейнічаюць дагэтуль. Мне было ўнавінку.

    Падчас абраду перадачы знаку супакою ўвесь касцёл ажывае і нанова праяўляецца італьянская экспрэсіўнасць. Парафіяне вітаюць усмешкамі ўсіх, хто побач, а пасля выглядваюць і махаюць рукамі ўсім, хто знаходзіцца ў іншых частках касцёла. Рытуал зацягваецца, бо ніхто не хоча кагосьці прапусціць.
   
italy3

    Вельмі характэрнымі для італьянцаў з’яўляюцца таксама спазненні. З маіх назіранняў – яны спазняюцца на працу, рамантычныя спатканні, са спазненнем распачынаюць мерапрыемствы. Але – не св. Імшы. Калі служба павінна распачацца ў 11.00, акурат у 11.00 чуваць званочак і ксёндз уваходзіць у святыню. Інакш кажучы, дзеля Госпада італьянцы здраджваюць самім сабе. Дарэчы, св. Імша звычайна не доўжыцца болей за адпаведны для гэтага час – праз гадзіну ўсе разыходзяцца. Ці дакладней, выходзяць з касцёла і гуртуюцца на пляцоўцы ля святыні: смяюцца, гутараць, гамоняць.
   
Згаданыя прыкметы назірала ў невялічкіх мястэчках на поўначы Італіі

    Лёгкасць быцця адлюстроўваецца і ў мэтах збораў ахвяраванняў. Калі ў нашых касцёлах мы часта бачым скарбонкі з надпісамі “На рамонт касцёла” ці “Для ўбогіх”, то ў італьянскіх святынях можна ўбачыць кошыкі з такімі ж эфірнымі словамі “offerte per fiori” – то-бок, ахвяраванні на кветкі. Адпаведна, касцёл у такім выпадку ўпрыгожваецца не сезоннымі півонямі, а вытанчанымі ранункулюсамі.
   
italy1

    Калі парафія перажывае пэўную ўрачыстасць, то рэлігійную падзею складана адрозніць ад вечарыны. Аднойчы я трапіла на св. Імшу, калі моладзь прымала сакрамант канфірмацыі. І жанчыны, і мужчыны, і хлопцы з дзяўчатамі апранутыя ў лепшае. Адзенне – усё радасных колераў. Высокія абцасы і высокія прычоскі. Мочкі вушэй адцягваюць важкія завушніцы, а на пальцах красуюцца і зіхацяць залатыя пярсцёнкі з каменьчыкамі. Карацей, дзень святы святкуюць.
   
italy3

    Аднак найбольш намацальным сімвалам каталіцтва ў Італіі для мяне з’яўляюцца маленечкія каплічкі з такімі ж маленькімі фігуркамі Марыі ўнутры. Каплічкі сустракаюцца амаль на кожным кроку і часта ў самых нечаканых месцах. Шпацыруеш у глухім лесе, і раптам пасярэдзіне гушчару – Мадонна. Едзеш на поўнай хуткасці па серпанціне – але паспяваеш заўважыць, як праносішся міма Маці Божай. Ды не адной, а некалькіх за ўсю дарогу. Ну і, канешне, Багародзіцы, якія вітаюць пры ўездзе ў чарговае мястэчка ці проста чуваюць у цэнтры горада.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  93

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.