ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Аплакваць грахі мінулага

Хрысціянскія традыцыі

mmagda2
Міласэрны Бог праз жыццё св. Марыі Магдалены паказаў нам узор шляху навяртання, любові і пакаяння
Многія людзі сёння не бачаць патрэбы ў пакаянні. Яны забываюць, што з-за скажэння чалавечай прыроды першародным грахом, з-за сваіх штодзённых слабасцей неабходна пастаянна пачынаць “нанова” з паяднання з Богам і бліжнімі. Блюзнерства супраць Бога, крыжа і Евангелля, а таксама разбэшчанасць сумлення патрабуюць пакаяння і кампенсацыі. Пакаянне з’яўляецца нястомнай дапамогай у навяртанні ад граху, у навяртанні сэрцам і ўчынкамі.
   Святая Марыя Магдалена з’яўляецца для нас, сучаснікаў, выдатным прыкладам, таму што хрысціянская традыцыя паказвае нам яе менавіта як грэшніцу, якая каецца, якая праводзіць сваё жыццё дзесьці ў пустэльні і паддае сябе розным утаймаванням. Такі вобраз святой вынікае з евангельскіх запісаў, у якіх гаворыцца, што пасля свайго ўваскрасення, раніцай у першы дзень тыдня, Езус з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем злых духаў (параўн. Мк 16, 9).
  
Папа Францішак у 2016 годзе ўстанавіў літургічнае свята ў гонар Марыі Магдалены, каб ацаніць ролю кожнай жанчыны ў місіі Хрыста і Касцёла. Гэта з’яўляецца для нас важным арыенцірам і падказкай, каб мы шукалі ў гэтай святой асаблівы ўзор хрысціянскага жыцця.

  Мы можам толькі ўявіць, якім было жыццё жанчыны, калі яна была апантаная ажно такой колькасцю дэманаў. Таму, пасля таго, як злыя духі былі выгнаны Езусам, Магдалена, безумоўна, не магла знайсці спосабаў адплаціць Яму за такую вялікую ласку. Па гэтай прычыне яна з таго часу аддана хадзіла за Езусам, служыла Яму і была вернай.
   Зыходзячы з Традыцыі, можна зрабіць выснову, што пасля ўнебаўшэсця Хрыста Марыя аддалася пакаянню, якое, верагодна, мела вымярэнне радасці ад атрыманага дару і кампенсацыі за ўчыненыя грахі. Такую паставу ў чалавека можа выклікаць толькі Святы Дух. Ён таксама можа даць сілы, каб весці падобнае жыццё. Адкрыццё на дзеянне Святога Духа прывядзе да таго, што мы спачатку ўбачым, колькім абавязаны Богу, колькі ласкаў нястомна атрымліваем ад Яго.
   З іншага боку, Святы Дух дапамагае зразумець, як часта мы марнуем гэтыя Божыя дары, выбіраючы грэх. Любоў, якую дае нам Бог, заахвоціць нас па прыкладзе Марыі Магдалены пачаць жыць духам пакаяння і адкуплення грахоў – сваіх і іншых.
  
“Першая Ева прынесла смерць там, дзе раней было жыццё; другая, Марыя Магдалена, з месца смерці, ад магілы абвясціла Жыццё”.
   Св. Грыгорый Вялікі

    Таму, магчыма, трэба пачаць з самага простага: вярнуцца да сур’ёзнага ўспрыняцця пятнічнага посту – устрымання ад мяса ў кожную пятніцу года, а не толькі ў Вялікі пост ці Адвэнт. Такое адрачэнне ўяўляецца вельмі сціплай формай посту. Таксама, паводле належнай ацэнкі ўласных магчымасцей, можна распачаць іншыя формы пакаяння: пост на хлебе і вадзе, дадатковыя самаўтаймаванні (абмежаванне тэлебачання, інтэрнэту, тэлефона).
   Калі мы дазволім Святому Духу кіраваць намі, Ён падкажа, што мы можам зрабіць у гэтым плане. Асабліва сёння, калі матэрыялізм і спажыванне становяцца для чалавека найважнейшымі справамі, тым больш патрэбны дух пакаяння. Дык папросім міласэрнага Бога, які праз жыццё св. Марыі Магдалены паказаў нам узор шляху навяртання, любові і пакаяння, каб праз яе заступніцтва мы маглі нарадзіцца да жыцця ў Хрысце і аплакваць грахі мінулага, а таксама ўдасканальвацца ў любові.   
    
Свята св. Марыі Магдалены адзначаем 22 ліпеня.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.