ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Ці можа святар быць дарадчыкам у сямейных справах?

Задай пытанне

У асобе святара мы сустракаем не проста чалавека з тэарэтычнымі ведамі, але асобу са шчырым жаданнем служыць.
У першую чаргу, варта памятаць, што святар – гэта асоба, заданне якой выказваць не прыватныя меркаванні, але дзяліцца з вернікамі вучэннем і досведам Касцёла (ККК, 1551–1553). Ніякая зямная арганізацыя не мае столькі назапашаных ведаў і такога вопыту, колькі Каталіцкі Касцёл за дзве тысячы гадоў нястомнага служэння збаўленню сужэнства і сям’і. Па-другое, быць святаром не прафесія, а пакліканне, як і да сям’і (KKK, 1603; Ян Павел ІІ, Pastores dabo vobis, 41; Familiaris Consortio, 11), таму святар – гэта не халасцяк на часовай працы. Гэта асоба, якая абсалютна ўсяго сябе навечна прысвяціла нястомнаму і неабмежаванаму служэнню Богу і збаўленню людзей, кіруючыся звышнатуральнай матывацыяй. Заўважым, што жаданне кагосьці стаць святаром Касцёл не задавольвае адразу, бо спачатку правярае чалавека на яго альтруізм і звышнатуральную матываванасць. Далей арганізоўвае для такой асобы глыбокую фармацыю (выхаванне) на ўсіх узроўнях, дае грунтоўныя веды з розных сфер жыцця, вучыць чэрпаць з бяздоннай крыніцы Божага Аб’яўлення, дваццаці стагоддзяў ведаў і вопыту Касцёла, а таксама з асабістага досведу кантакту з Богам. І гэта не ўсё. У момант прыняцця святарства кандыдат прымае яго не як прызначэнне на працу, але як сакрамант. Гэта значыць, што сам Бог намашчвае і напаўняе выбранага ўсімі неабходнымі дарамі, каб ён быў здольным выконваць святарскую місію (ККК, 1564). У выніку ў асобе святара мы сустракаем не проста чалавека з тэарэтычнымі ведамі, але асобу са шчырым жаданнем служыць, скіраваную Богам і Касцёлам да рэалізацыі місіі Хрыста ў гэтым свеце, дзе фундаментальнае месца займае сям’я (Ян Павел ІІ, Familiaris Consortio, 15).
   Ніхто з людзей не мае настолькі глыбокага і шырокага досведу сужэнскага і сямейнага жыцця, як святар у душпастырстве. Часта за некалькі дзён каляднага наведвання сем’яў святар назапашвае столькі досведу і ведаў пра сужэнствы і сем’і, колькі звычайны сем’янін не назапасіць за ўсё сваё жыццё. Святар – гэта той, да каго дзядулі, бабулі, жонкі, мужы, дзеці, унукі прыходзяць падзяліцца найбольш інтымнымі і хвалюючымі перажываннямі, пра якія ніхто ніколі ў гэтым свеце не даведаецца, не здагадаецца. Ён той, хто ведае людзей “знутры”. Гэтае пазнанне рэальнага стану рэчаў, стану кожнай душы і сям’і дае святару магчымасць не толькі рэальна бачыць, але і даваць адэкватную ацэнку рэчаіснасці, таму яго бачанне і высновы – плод не яго прыватных думак ці перажыванняў, а вынік сузірання чалавечых душ знутры, а таксама таго бачання, што зыходзіць з досведу і ведаў Хрыстовага Касцёла (ККК, 1564).
    Урэшце, святар мае не толькі права, але і абавязак навучаць і клапаціцца аб сужэнстве і сям’і. Гэта вынікае з яго місіі: абвяшчаць Евангелле, асвячаць, умацоўваць праз святыя сакраманты і весці ўсіх да збаўлення (Мц 28, 19–20; ККК, 1565). Вопыт святара ў сямейных справах – гэта скарбніца, якая змяшчае ў сабе веды зямныя і Божыя, досвед асабістага душпастырства сем’яў, які тут і цяпер злучаны з неверагодным досведам Касцёла, распасцёртым у часе і прасторы. Гэта таксама дар малітвы, Божага бласлаўлення і ахвяраванай Імшы за тых, хто не баіцца раздзяліць са святаром радасць і боль свайго сужэнства.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.