ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

ХIV Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

3 ліпеня – каментарый да другога чытання
(Гал 6, 14–18)

Каб заквітнеў крыж
   “Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету (Гал 6, 14)”, – кажа апостал Павел. Неяк дзіўна гучаць гэтыя словы. Як гэта – хваліцца крыжам? Крыж – гэта ж пакуты, іх можна спрабаваць пазбегнуць, маліцца, каб Бог іх забраў. Ці з пакораю трываць, бо Хрыстос цярпеў і нам загадаў. Але хваліцца?
    У візантыйскай традыцыі значнае месца займае пахвала крыжу. Шмат спеваў, асабліва на свята Узвышэння пачэснага Крыжа, пачынаецца словамі “Радуйся, жыццядайны Крыжу” ці “Слаўны цуд!”. Чаму так праслаўляецца крыж? Таму што гэта не толькі прылада смерці, пакут ці пакарання. Гэта прылада Збаўлення: не толькі для чалавека, але і для ўсяго сусвету. Вось, напрыклад, спеў падчас ютрані: “Хай цешацца ўсе дрэвы дубовыя, бо іхная прырода асвяцілася праз Таго, хто іх спярша насадзіў, – Хрыста, які сам распасцёр рукі на дрэве. У дзень узвышэння мы ўзвялічваем Яго і пакланяемся Ягонаму крыжу”.
   Ёсць у іканаграфіі сюжэт, які называецца “квітнеючы крыж”. Прылада, на якой панёс смерць Госпад, малюецца не проста як скрыжаванне дзвюх бэлек, а як сапраўднае дрэва, пакрытае галінкамі ды кветкамі. Гэта вобраз новага райскага дрэва. Яно не нясе праклёну, як тое, з якога пакаштавалі Адам і Ева. Новае дрэва нясе збаўленне.
    Думаю, нам будзе прасцей зразумець апостала Паўла, калі наш асабісты крыж з прылады мукі ператворыцца ў квітнеючае дрэва.
    Калі мы ўсвядомім, што тыя цярпенні, якія сустракаем у жыцці, – гэта не абавязкова пакаранне, а шанс нешта зразумець і чамусьці навучыцца. Зразумець, у чым мы памыляліся, навучыцца быць вернымі Госпаду. Аддаць свае праблемы Ісусу Хрысту. Адчуць, што наш маленькі крыжык стаў часткай вялікага Крыжа Хрыстовага, які нясе збаўленне і нам асабіста, і ўсяму свету. І ўсклікнуць: “Радуйся, жыццядайны Крыжу, набожнасці неадольная сіла, брама райская, верных умацаванне, Царквы абарона! Табою тленнасць была знішчаная і адмененая, і патаптаная смерці ўлада, і мы ўзняліся ад зямлі да неба!” (Вершапесня на свята Узвышэння пачэснага Крыжа).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.