ГРОДНА
Субота,
20 ліпеня
2024 года
 

Варта давяраць, варта чакаць, варта малiцца!

Лісты чытачоў

rany
Ананімнае сведчанне пасля перажытых рэкалекцый “Унутранае аздараўленне”, якія праходзілі ў лютым бягучага года ў Навагрудку

Восем гадоў таму пасля пэўных падзей у мяне адкрылiся дзiцячыя раны, якiх дагэтуль нiякiм чынам не адчувала. У асноўным траўмы былi нанесены мамай. Бацька кiнуў сям’ю амаль адразу пасля майго нараджэння.
    За згаданы перыяд я перажыла шмат чаго: ад невыноснага ўнутранага болю, з-за якога хацелася бiцца галавой аб сцяну, каб хоць неяк суцішыць яго, да дэпрэсii i дакучлiвых думак аб самагубстве. Гэта была сапраўдная барацьба за жыццё. Трымацца дапамагала штодзённая св. Камунiя, адарацыя, малiтва, доўгi працэс прабачэння мамы. Усё гэта праходзiла сам на сам з Езусам – я нiкому свой боль не адкрывала. Час iшоў, але штосьцi працягвала няволіць мяне: я па-ранейшаму не прымала Божую любоў, сябе, жыццё, часта сумавала без прычыны, хоць, дзякуй Богу, адносiны з мамай сталi наладжвацца.

Апошнiя 2 месяцы перад рэкалекцыямi я зламалася: перастала хадзiць у касцёл, пазбягала Бога... Разумела, што трэба вяртацца, але не было сiл. Думала, што калi пасля рэкалекцый нiчога не зменiцца, то адважуся на псіхатэрапію.
    На рэкалекцыi прыехала з адной мэтай: паспавядацца. Падчас падрыхтоўкi да сакраманту шмат наплакалася, таму сама споведзь прайшла спакойна. Пасля рэкалекцыянiст прапанаваў мне заступніцкую малітву. Святар паклаў мне на галаву руку, пасля чаго яна пачала “спаўзаць” на шчаку. Гэта быў пяшчотны i цёплы дотык, і я чамусьцi зразумела, што гэта рука не святара. Спыталася ў Езуса: “Чыя гэта рука? Твая цi таты?”. І сама здзівілася гэтаму пытанню, падумаўшы: “Пры чым тут тата?”. Бацькi амаль нiколi не было ў маiм жыццi, i мяне гэта зусiм не турбавала. Тым больш, што мой бацька быў жорсткiм чалавекам, i я была рада, што ён з намi не жыў. Затым пачула адказ: “Таты”. І расчаравалася, бо, канешне, хацела, каб гэта быў Хрыстос. Малітва скончылася, і я, не ведаючы, што далей з гэтым рабіць, не надала “дыялогу” асаблівага значэння.
    На наступны дзень рэкалекцый адна з удзельнiц дзялiлася сваiм сведчаннем i ўзгадала разважанні с. Паўлы Бобэр MSF пра айца. I я нарэшце “адрэагавала” на гэтае слова. Упершыню нешта ўнутры ўзварухнулася, i я падумала, што, можа, гэта i ёсць тое, што мяне трымае, – бацька. Разбiраючыся з дзяцiнствам, з мамай, я заўсёды думала: “Добра, што хоць з бацькам разбiрацца не трэба. І без яго маіх ран хопіць на некалькі чалавек”.
    Толькі калі вярнулася дадому, да мяне раптам дайшло, што дэпрэсія, “рука айца” i рэакцыя на сведчанне ўдзельнiцы ўзаемазвязаны. Што не перажыўшы асабiста любоў свайго таты, а толькi яго поўную адсутнасць, я не магу прыняць любоў Бога. Я была шакіравана тым, што гэтая думка нiколi не прыйшла мне ў галаву за гады змаганняў. Хоць сама неаднойчы казала іншым, што мы несвядома пераносiм вобраз бацькоў на Бога…
    Тым часам мазаіка працягвала складвацца. Я прыгадала, што раней Езус мне быццам бы казаў: “Я дам табе ўсё, толькi не Маё Сэрца. Прасi ўсё, што хочаш, толькi не Маёй любовi”. Так жа было i з бацькам. Ён дапамагаў маме матэрыяльна, нiколi не адмаўляў, але я як дзіця ніколі не бачыла ягонай любові. Мне нават і не хацелася яе.
    Пасля рэкалекцый мае адносiны з Езусам сталi цалкам iншымi. Цяпер я ведаю, што Ён любiць мяне i што Ён побач. Ён цярплiва, нягледзячы на ўсе мае бунты i здрады, вёў да гэтага дня. I аздаравiў так проста, у адно iмгненне, без анiякай тэрапii.
    Раптам аднойчы проста пасярод штодзённых заняткаў, думаючы пра Бога, я ўпершыню свядома звярнулася да Яго “Ойча Нябесны”. Мне гэта падалося занадта афiцыйным, i я прамовіла “Тата”. Не ведаю, як апiсаць гэтае пачуццё. Гэта было так па-сапраўднаму, па-роднаму.
    Я ведала, што звяртаюся да Таты i што Ён мяне чуе.
    Усе гэтыя апошнiя гады я шмат плакала i часта з-за таго, што Бог мяне нiколi не палюбiць. Нават вобраз Неба быў скажоны: нібы я ў белым адзеннi сяджу ў куце i плачу, а Бог са сваiмi дзецьмi радуюцца i смяюцца разам, далёка ад мяне. Цяпер жа я плачу ад усведамлення таго, што Ён любіць мяне…
    Я зразумела, што дзякуючы гэтым ранам калiсьцi прыйшла да Бога. Нават калi не наступала аздараўленне, я спрабавала прымiрыцца з гэтым, думаючы, што галоўнае я ўжо атрымала – знайшла Яго. Але Пан пажадаў агалiць гэтыя раны, каб ацалiць i вызвалiць мяне, бо iнакш немагчыма любiць па-сапраўднаму.
    Гэта ўсё яшчэ вельмi дзiўна i нова для мяне, я ўсё яшчэ захапляюся Любоўю i спадзяюся, што нiколi не прызвычаюся да гэтага.
    Бог i далей працягвае рабiць цуды ў маiм жыццi. Я пачала зусiм па-iншаму перажываць споведзь – замест самабiчавання з’явiлася радасць. Цяпер Мiласэрнасць заўсёды перабольшвае пачуццё ўласнай нiкчэмнасцi. Я больш не адчуваю боязi перад будучыняй, перад смерцю… Я давяраю Айцу. I гэта праяўляецца ў канкрэтных учынках, бо цяпер у мяне ёсць Тата! Варта давяраць, варта чакаць, варта малiцца. Бог робiць усё найлепшым чынам.
    І тады, калi трэба. Ён не спазняецца нiколi, бо любiць, а Любоў не спазняецца…

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  165

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.