ГРОДНА
Серада,
17 ліпеня
2024 года
 

Метады распазнавання плоднасці: дыялог двух любячых сэрцаў

Экалогія сужэнства

kochanie1
Жыць у згодзе з сабой і задумай Творцы – радасць на ўсё жыццё, якая памнажае каханне, давер, павагу.

Працуючы з сем’ямі і маладымі парамі, часта сустракаюся з несвядомасцю і нежаданнем браць на сябе адказнасць за сваё жыццё. Але пэўны досвед і веды дапамагаюць паглядзець па-іншаму на сябе і сужэнца, паглядзець сапраўды і з любоўю. Адным з важных аспектаў сямейнага жыцця ў праўдзе адзін перад адным з’яўляюцца метады распазнавання плоднасці.
    Метады распазнавання плоднасці – гэта не проста фізіялогія і выкананне правіл. Гэта стыль жыцця, які адкрывае перад сужэнцамі пэўныя гарызонты адносін, вядзе да пазнання адзін аднаго і поўнага ўзаемнага даверу. Дыялог – вось тое, што ўзнікае ў сем’ях, якія ідуць шляхам жыцця згодна з прыродай.

Дыялог двух любячых сэрцаў у такіх сем’ях выглядае прыкладна так:
    – Дарагая, я паважаю тваю плоднасць, тваю фізіялогію, тваю жаночую сутнасць, якую стварыў Бог.
    – Дарагі, я паважаю цябе. Я ўдзячная, што ты прымаеш мяне той жанчынай, якой мяне стварыў Бог.
    – Каханая, я не хачу, каб ты жыла ў страху перад зачаццем, а разам з тым у страху перад шлюбнай блізкасцю.
    – Каханы, я шчыра радуюся, што наша блізкасць адкрытая, без страху і перашкод, я чакаю нашых сустрэч і хачу быць з табой у адзінстве душы і цела.
    – Мая жонка, кахаю цябе, таму не дазволю табе прымаць тое, што забівае тваю плоднасць і жаноцкасць.
    – Мой муж, дзякуй, што ты клапоцішся пра мяне, пра маё здароўе, я адчуваю гэта і вельмі шаную.
    – Родная, я бяру на сябе адказнасць за кожнае наша зачатае дзіця, я паважаю яго і хачу, каб яно прыйшло ў лепшы для нашай сям’і час.
    – Родны, побач з табой я адчуваю сябе сапраўднай жанчынай, бо магу быць слабой, аддаючы апошняе слова ў вырашэнні важных пытанняў у твае моцныя рукі.
    – Адзіная мая, я бязмежна табе давяраю і аддаю табе сваю душу і цела.
    – Адзіны мой, я бязмежна табе давяраю і аддаю табе сваю душу і цела.

   kochanie2
    Жыць у згодзе з сабой і задумай Творцы – радасць на ўсё жыццё, якая памнажае каханне, давер, павагу. Але чаму, калі ўсё так прыгожа і гладка, няшмат сем’яў выбірае гэтую радасць на ўсё жыццё?
    Па-першае, страх адказнасці. Складана ўзяць на сябе адказнасць за сваё жыццё, бо ўсе дзеянні і выбары нясуць наступствы – добрыя і не. Лягчэй жыць “заплюшчыўшы вочы”, скідваючы адказнасць на знешні свет. Бо калі не бяру адказнасць, тады і наступствы мяне не датычацца. Як часта чую – “няма іншага выбару, акрамя кантрацэпцыі”. Пачынаю тлумачыць і сутыкаюся з тым, што чалавек не гатовы жыць уласным жыццём, хоча “як усе”, не хоча размаўляць з сужэнцам, бо прызвычаіўся. Зрабіць нешта новае – гэта выйсці з “зоны камфорту” і паглядзець на сваё сужэнства ў праўдзе. Праўда заўсёды адна. Ёсць двое дарослых людзей, якія стварылі сям’ю. Яны любяць адзін аднаго. Іх любоў можа нараджаць новае жыццё. Гэта факт, мы так створаны. Сужэнская плоднасць – сумесная, але не аднолькавая – гэта здольнасць мужчыны і жанчыны да перадачы жыцця. Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, то сумесная плоднасць працягваецца мінімум 6 дзён. Гэта той час, калі сужэнцы могуць стаць бацькамі. Бог так мудра прыдумаў, што не ў кожную інтымную блізкасць муж і жонка могуць стаць мамай і татам. Трэба толькі навучыцца распазнаваць прыкметы плоднасці, якія арганізм дае жанчыне.
   
Вераніка Рогач rogacz   – каталічка, шчаслівая жонка і маці траіх дзяцей, псіхолаг і сямейны кансультант. Разам з мужам распрацавала і вядзе курс па навучанні сімптатэрмальнаму метаду распазнавання плоднасці. Звярнуцца за інфармацыяй або кансультацыяй можна праз акаунт жанчыны ў Instagram @veronikarogach (сямейны псіхолаг).

    Па-другое, каб навучыцца метадам распазнавання плоднасці і ўпэўнена імі карыстацца, патрэбны час і высілак. Але сёння людзі не маюць часу, бо мы кудысьці спяшаемся, мітусімся, жывём часта несвядома. Калі сапраўды нам штосьці важна, мы знойдзем час: на любімы фільм, сустрэчу з сябрамі, адпачынак. Аднак калі не разумеем важнасці нечага, то і будзем адкладваць ці ўцякаць. Так, навучанне займае час, бо трэба зразумець, як працуе фізіялогія плоднасці мужчыны і жанчыны, адкрыць паступова ўсе таямніцы метаду і ўкараніць іх у жыццё. Калі хочам навучыцца кіраваць аўтамабілем, то ідзём у аўташколу, вучым правілы дарожнага руху, потым з інструктарам вучымся на аўтадроме, у горадзе, пасля экзамены – і толькі пры паспяховай здачы можам кіраваць аўтамабілем самастойна. Вывучаючы метады распазнавання плоднасці, сустракаемся з большай адказнасцю, чым упраўленне аўтамабілем. Сустракаемся з адказнасцю перад новым жыццём. Каб яна была не цяжарам, а радасцю, патрэбны час і канкрэтныя крокі ў навучанні.
    Бог кліча кожнае сужэнства да шчаслівага жыцця. Бог кліча кожнага з нас жыць у згодзе з сабой, адзін з адным і з прыродай. Бог нас цудоўна стварыў, каб мы маглі жыць разам і атрымліваць асалоду ад прабывання ў адзінстве душы і цела.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  168

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.