ГРОДНА
Аўторак,
27 лютага
2024 года
 

Заставацца з Езусам

Хрысціянскія традыцыі

apostol   Прычынай устанаўлення адзінага свята апосталаў Філіпа і Якуба стала размяшчэнне іх рэліквій у адным месцы – базіліцы Дванаццаці святых апосталаў у Рыме.

    Розныя дарогі вядуць да Бога. Часам яны звілістыя, поўныя складаных падзей. Аднак важна, каб у пошуках нашага Стварыцеля мы не здаваліся і не адмаўляліся.
 
   Знайсці Бога дапамагае вера. Прыклад гэтага даюць святыя Філіп і Якуб. Іх шляхі да пазнання Езуса былі рознымі. Паводле Евангелля, св. Філіп спачатку быў вучнем Яна Хрысціцеля. Ён паходзіў з Бэтсаіды. Езус паклікаў Філіпа на наступны дзень пасля Сымона і Андрэя. Больш падрабязна пра гэтага святога расказвае Традыцыя. Паводле яе, Філіп прапаведаваў Добрую Навіну ў Грэцыі. Ён загінуў мучаніцкай смерцю ў часы праўлення імператара Даміцыяна.

Свята святых апосталаў Філіпа і Якуба адзначаем 6 мая

   Св. Якуб Малодшы быў братам св. Юды Тадэвуша і, верагодна, Сымона – таксама апосталаў. Пасля ўваскрасення Езуса ён спрабаваў умацаваць веру першых паслядоўнікаў хрысціянскай супольнасці. Пасля смерці Якуба Старэйшага стаў яго пераемнікам. Ва ўзросце 45-49 гадоў Якуб напісаў ліст да вернікаў Касцёла яўрэйскай нацыянальнасці. У ім даў практычныя рэкамендацыі для першых паслядоўнікаў Езуса. У 62 годзе Якуба абвінавацілі ў парушэнні закона і асудзілі на забіццё камянямі.
   Апостал Філіп быў сведкам слоў Езуса, які сказаў, між іншым, што Ён – дарога. Мы добра ведаем, што ўсюды, дзе з’яўляўся чалавек, пачалі ўзнікаць дарогі, якія адзначалі людскія вандроўкі. Чалавек пастаянна кудысьці імкнецца, каб дабрацца да пастаўленай мэты. Так і наша жыццёвая дарога павінна накіроўвацца да Бога. Толькі шлях, які вядзе да Бога, – правільны.
   Сёння свет прапануе нам шмат шляхоў, якія не вядуць у Неба, але закліканы даць шчасце і радасць. На жаль, іншыя дарогі, чым тыя, што вядуць да Бога, заўсёды тупіковыя. Указальнікі на іх кіруюць да нявер’я, пустых задавальненняў, матэрыялізму або пустой ганарыстасці.
   Адзіную дарогу да шчасця паказвае нам Езус. Ён хоча быць нашай дарогай, бо ведае, што гэта для нас самы лепшы і бяспечны напрамак у жыцці. І хоць мы можам адчуваць у сваім сэрцы трывогу перад крочаннем Божымі сцежкамі, таму што яны цяжкія і патрабавальныя, мусім памятаць словы Езуса: “Хто верыць у Мяне, будзе рабіць справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца” (Ян 14, 12). “Я – дарога і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6). Гэтыя словы – самы прыгожы план нашага жыцця. Езус запрашае нас ісці за Ім, таму што Ён з’яўляецца дарогай. Гэтую жыццёвую сцежку абралі святыя апосталы. І хоць іх шлях да Неба вёў праз пераслед і пакутніцкую смерць, яны паказваюць нам, што варта заставацца з Езусам.

Задача кожнага апостала і кожнага вучня Езуса – прывесці шмат людзей да Збаўцы. Каб выканаць гэтае заданне, трэба спачатку самім добра ведаць Езуса, трэба любіць Яго і жыць для Яго.

   Няхай заступніцтва святых апосталаў Філіпа і Якуба суправаджае нас у час зямной пілігрымкі, каб мы маглі ісці праз нягоды з верай і перакананнем, што наш голас як сведчанне і абвяшчэнне Добрай Навіны будзе распаўсюджвацца па ўсёй зямлі, нягледзячы на перашкоды.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  309

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.