ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Дырэктар нацыянальнага “Карытас”: “Мы паказваем бежанцам з Украіны, што мы не ворагі”

Інтэрв'ю

кс. Андрэй Аніскевіч, дырэктар “Карытас Беларусь   Падчас Вялікага посту ККББ абвясціла, што з’явілася магчымасць аказваць дапамогу бежанцам “з ахопленай баявымі дзеяннямі тэрыторыі Украіны”. Біскупы заахвочвалі ладзіць збор дапамогі праз “Карытас”. З кс. Андрэем Аніскевічам, дырэктарам “Карытас Беларусь”, размаўляем пра тое, як праходзіць гэтая акцыя, аб яе першых выніках і актыўнасці беларусаў у справе дапамогі ўкраінцам.

    – У пачатку красавіка беларускія біскупы абвясцілі збор ахвяраванняў і рэчаў для бежанцаў з Украіны. Сабраную дапамогу прапанавалася перадаваць у “Карытас Беларусь”. Можа, ёсць ужо першыя вынікі працы?
   – Так, акцыя трывае, але мы яшчэ не падводзілі вынікаў. Дамовіліся з пробашчамі, што ўсё падлічым на тыдні пасля нядзелі Божай Міласэрнасці, падрыхтуем інфармацыю і апублікуем. Да нас непасрэдна ў “Карытас” яшчэ вельмі мала сродкаў дайшло, таму цяжка сказаць дакладна пра аб’ёмы.
   
– Значыць, уся дапамога, якая збіраецца па беларускіх парафіях, яшчэ ідзе да Вас?
   – Так, яшчэ збіраецца.
   
– З якіх мясцовасцей і дыяцэзій атрымліваеце рэчы? Ці ёсць ужо на дадзены момант “лідары”, адкуль прыйшло найбольш дапамогі?
   – Дапамога паступае амаль з кожнай дыяцэзіі. Людзі перадаюць, што могуць, ад шчырага сэрца. Рэчы прыходзяць у добрым стане, хоць усё роўна трэба іх перабіраць, бо часам трапляецца хлам. Найбольш даслалі з мінскага Чырвонага касцёла, гэта дакладна. Адтуль прыходзіць усё, што толькі магчыма: вазкі для дзяцей, вопратка, харчаванне, пасцельнае, рушнікі…
   
– Можа, ёсць дары, якія запомніліся асаблівым чынам?
   – Думаю, дзіцячыя гульні. Калі іх прыносяць бацькі з дзецьмі. Пры гэтым малышы аддаюць гульні, з якімі самі гуляюць, а не тыя, якія ўжо трэба выкідаць на сметнік. Часам прыносяць салодкае і перадаюць патрабуючым дзецям.

   – Ці валодаеце Вы лічбамі, колькі ўкраінскіх бежанцаў знаходзіцца цяпер у Беларусі?
   – Мы аказваем дапамогу для тысячы асоб. Гэта людзі, якія да нас звярнуліся. Сказаць, колькі ў нас увогуле бежанцаў з Украіны, складана.

   – Ці далучыліся да гэтай акцыі юрыдычныя асобы? Розныя фірмы ці кампаніі.
   – Так, ёсць некалькі такіх фірм. Аднак не магу агучваць назвы без іх дазволу.

   – Гэта кампаніі, уласнікі якіх давяраюць Касцёлу, ці тыя, дзе ўласнікі католікі?
   – Большасць – гэта, канешне, католікі, але ёсць і тыя, хто проста давярае Касцёлу, давярае “Карытас”. Ёсць ужо такія кампаніі, якія не звязаны з каталіцтвам, але ахвяруюць нам таксама на дзіцячыя дамы і іншыя мэты. Касцёл дапамагае, і людзі гэта бачаць.

   – Ці далучаліся да акцыі іншыя хрысціянскія або нехрысціянскія Цэрквы: праваслаўныя, пратэстанты, мусульмане?
   – Не, гэтым разам не далучаліся. Напрыклад, калі мы дапамагалі бежанцам з Ірака, то супрацоўнічалі з пратэстанцкімі Цэрквамі – з Евангельскай, Баптысцкай.

   – Калі параўнаць бягучую акцыю з іншымі ініцыятывамі Касцёла па зборы дапамогі ў сувязі з рознымі катаклізмамі ці раптоўнымі сітуацыямі – водгук людзей сёння большы ці меншы?
   – Найвялікшы водгук заўжды маюць акцыі, калі штосьці адбываецца ў нас ці дзесьці побач. Сённяшняя акцыя дапамогі нашым братам украінцам, якія церпяць з-за вайны, параўнальная па маштабах са зборам падтрымкі беларускім медыкам падчас пандэміі каранавіруса. Для прыкладу, водгук на дапамогу эмігрантам з Ірака, якія былі на нашай заходняй мяжы, не быў такім, як цяпер.

   – Ці ўдалося перадаць частку дапамогі ўкраінскім бежанцам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі?
   – Так, мы ўжо дапамагаем. Працуем наступным чынам: збіраемся з дырэктарамі лакальных “Карытас”, абмяркоўваем патрэбы, якія ёсць у кожнага, робім спісы і рухаемся па меры неабходнасці. Стараемся рабіць гэта цэнтралізавана. Шмат людзей ужо атрымалі дапамогу – абсталяванне для кватэр ці дамоў, у якіх яны знаходзяцца, нейкія самыя неабходныя рэчы.

   – Што сёння найбольш ім неабходна?
   – Медыкаменты, ежа, абутак, адзенне. Харчаванне і лекі, хіба што, маюць большы прыярытэт, бо вопратку людзі заўжды з сабой маюць. Аднак у цэлым пакуль што не выдзяляецца нейкай асобнай групы рэчаў, якая б была асабліва запатрабаванай.

   – Як доўга яшчэ будзе трываць гэтая акцыя?
   – Яна бестэрміновая. Калі можна будзе дапамагаць – будзем рабіць гэта. Да нас цяпер далучаецца таксама “Карытас” Польшчы і Італіі, ужо падпісаны праекты, і яны будуць нас падтрымліваць.

   – Па вядомых прычынах адносіны многіх украінцаў да беларусаў сёння насцярожаныя. Ці заўважалі Вы плён аказваемай падтрымкі ў гэтым плане? Нейкія прамяні яднання, даверу на гэтым агульна змрочным фоне?
   – Мы не глядзім на адносіны людзей да нас. Перш за ўсё, дапамагаем тым, хто патрабуе. Гэта абавязак Касцёла. Напэўна, не варта штосьці рабіць, толькі каб спадабацца людзям. Канешне, нейкім чынам мы паказваем бежанцам з Украіны, што мы не ворагі, што хочам дапамагчы. Аднак галоўнае – прыслухоўваемся да слоў Папы, што, нягледзячы на ўсе абставіны, мы павінны быць там, дзе людзі ў бядзе. Гэта наш асноўны напрамак.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.