ГРОДНА
Пятніца,
19 ліпеня
2024 года
 

“Тое, што не было знішчана ў выніку палітыкі расійскіх улад, знішчылі савецкія”

Інтэрв'ю

Працэсія ля касцёла ў Солах, 1970-ыя гады (прыватны архіў Л. Франюк)Гісторык Раіса Зянюк распавядае, праз што прыйшлося прайсці Каталіцкаму Касцёлу на беларускіх землях у XX стагоддзі. Забароны, рэпрэсіі, закрыццё касцёлаў і кляштараў, высылкі ў лагеры і фізічнае знішчэнне католікаў.
– Якім быў Касцёл на тэрыторыі сучаснай Беларусі неўзабаве перад усталяваннем савецкай улады? Калі казаць пра колькасць: духоўных асоб, касцёлаў, кляштараў, манаскіх ордэнаў, вернікаў.
    – Каб правільна зразумець стан Касцёла непасрэдна перад Кастрычніцкай рэвалюцыяй, трэба закрануць ХІХ стагоддзе. У канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзяў Касцёл знаходзіўся ў нядрэнным становішчы. Аднак у ХІХ стагоддзі каталіцкія вернікі і духоўныя асобы былі актыўнымі ўдзельнікамі грамадска-палітычных падзей. І калі ўдзел у вайне 1812 года на баку Напалеона некаторым каталіцкім іерархам, духавенству і вернікам прабачылі, то ў далейшых падзеях – не. Пасля масавага ўдзелу духоўных асоб у паўстанні 1830–1831 гадоў улады закрылі палову кляштараў. Пасля паўстання 1863–1864 гадоў перасталі функцыянаваць амаль усе астатнія, за выключэннем трох: двух ў Гродне і аднаго ў Слоніме. У той час закрывалі і касцёлы. Таму на пачатак ХХ стагоддзя ад Касцёла на нашых землях засталася толькі нязначная частка з таго, што тут існавала 100 гадамі раней.
Аднак у 1905 годзе ў Расійскай імперыі быў прыняты г. зв. “указ аб верацярпімасці”. Ён палепшыў становішча неправаслаўных канфесій. У гэты перыяд пачынаецца масавы прыток вернікаў у каталіцызм (па некаторых падліках – да 200 тысяч асоб). Духавенства не ведала, колькі працягнецца гэтая свабода, і “пад шумок” пачало масавае будаўніцтва касцёлаў.
    Раіса Зянюк – кандыдат гістарычных навук. Даследуе канфесійную гісторыю Беларусі ХІХ–ХХ стст.
    – Тады паўстала ўся наша беларуская неаготыка.
    – Так. Краснае, Ракаў, Росіца, Задарожжа, Мёры і шмат іншых. Касцёл свсв. Сымона і Алены ў Мінску ў гэты ж перыяд. Католікі карысталіся момантам. І вельмі правільна, бо ў 1914 годзе пачынаецца І Сусветная вайна, падчас якой Беларусь была падзелена на дзве часткі, і пра нейкае станоўчае развіццё Касцёла складана казаць.
    Далей 1917 год – рэвалюцыя, 1918 – канец І Сусветнай вайны, 1919–1921 гады – Савецка-польская вайна. І ва ўсім гэтым Касцёлу важна было хоць неяк утрымацца.
    Ізноў жа, пакуль уладам было не зусім да Касцёла, адраджаецца Мінская дыяцэзія, і нават на некалькі гадоў адраджаецца таксама Мінская духоўная семінарыя. Пасля 1921 года Касцёл на заходне- і ўсходнебеларускіх землях апынуўся ў дыяметральна супрацьлеглым становішчы.
   
    – Якая частка католікаў засталася ў складзе Польшчы? Сёння, да прыкладу, лічыцца, што Заходняя Беларусь – гэта палова ўсіх беларускіх каталіцкіх вернікаў і святароў. У той час гэтая прапорцыя была дарэчнай?
    – Збольшага я б пагадзілася з такой лічбай. Трэба разумець, што на той час Каталіцкі Касцёл у Віленскай дыяцэзіі быў у меншай меры “рэфармаваны” ўладамі Расійскай імперыі, чым на ўсходніх тэрыторыях, і меў там мацнейшыя пазіцыі.
   
    – А колькі святароў да 1939 года засталося дзейнічаць у БССР?
    – Ніводнага. Афіцыйна ніводнага. Усё было знішчана пад нуль. Прытым яшчэ ў пачатку 1937 года там дзейнічала 11 каталіцкіх касцёлаў, а ў 1939 – ужо нуль. Прапаную паглядзець на карту канфесійнага становішча Беларусі ў міжваенны перыяд у 4 томе Вялікага гістарычнага атласа Беларусі. На 1939 год на захадзе няма дзе кропку паставіць ад колькасці канфесій і храмаў, а ў БССР пуста.
   Дакумент з фондаў Віцебскага абласнога архіва
    – Сёння Магілёўшчына, Гомельшчына, усходняя Віцебшчына ўспрымаюцца як місійныя тэрыторыі. Наколькі савецкая ўлада паўплывала на скурчанасць каталіцызму на гэтых землях? Ці Касцёл гістарычна быў там такі нешматлікі?
    – Што мы разумеем пад Касцёлам? Структуры там былі моцныя, а вось колькасць вернікаў сапраўды была меншай. Разам з тым, хіба што самы знакаміты беларускі каталіцкі санктуарый да 60-ых гадоў ХІХ стагоддзя ў той час знаходзіўся на ўсходзе – у Бялынічах. Да Юравіцкага абраза Маці Божай таксама хадзілі пакланіцца на ўсход.
    Да 1917 года Касцёл на ўсходніх землях ужо быў моцна аслаблены. Напрыклад, у пачатку ХІХ стагоддзя ў Мсціславе дзейнічалі кляштары езуітаў, бернардынцаў, кармэлітаў і сясцёр марыявітак. У канцы таго ж стагоддзя застаўся толькі адзін парафіяльны касцёл. А пад канец 30-ых гадоў ХХ стагоддзя ўжо ніводнага. Таму паўтару свой тэзіс: тое, што да 1905 года не было знішчана ў выніку палітыкі расійскіх улад, знішчылі савецкія.
    Рэпрэсіі ва Усходняй Беларусі пачаліся ўжо з 1918 года. Першай ахвярай стаў магілёўскі дэкан кс. Святаполк-Мірскі – яго расстралялі за контррэвалюцыйную дзейнасць. У 1919 годзе арыштоўваюць віцебскае духавенства, спробы біскупаў заступіцца не мелі вынікаў. У 1920-ых гадах пачынаюцца прысуды да высылкі, аднак тэрміны яшчэ не былі вялікімі ў параўнанні з пазнейшым перыядам. Пасля вяртання з лагераў частка духавенства з’язджала з БССР. У 1930-ых пачынае рэалізавацца “вышэйшая мера пакарання”.
   
    – То-бок, падзел на ўсходні і заходні беларускі Касцёл гэта таксама справа рук савецкай улады?
    – Зноў жа, залежыць ад таго, што разумець як Касцёл. У пытанні прадугледжваецца наяўнасць двух Касцёлаў, а фактычна мы кажам пра адзін: той, які існаваў на заходнебеларускіх землях. На захад ад Друі, Глыбокага, Краснага, Ракава, Нясвіжа, Баранавіч рэгістрацыі святароў дапускаліся, на ўсход – не. Напрыклад, колькі пасля 1945 года мінскія вернікі не змагаліся за адкрыццё касцёла і рэгістрацыю супольнасці, выніку не было. Толькі да Алімпіяды 1980 года адкрылі касцёл на мясцовай Кальварыі, каб прадэманстраваць гасцям, што вернікі ўсіх канфесій маюць роўныя правы. Да таго моманту, выкарыстоўваючы розныя падставы, аніводзін касцёл у Мінску не быў адкрыты. Пры гэтым улады самі ўсведамлялі, што парушаюць дзеючае савецкае заканадаўства.
    Адпаведна, рэалізацыя такой палітыкі паспрыяла таму, што пераемнасць традыцыі на ўсходзе была амаль ушчэнт перарваная. Канешне, былі свецкія вернікі, якія захоўвалі сваю каталіцкую ідэнтычнасць і да пэўнага моманту шмат рабілі. Магілёўцы, напрыклад, доўга змагаліся за вяртанне касцёла. Аднак праз нейкі час стала зразумелым, што няма шансаў на дазвол, і змаганне сціхла да 1980-ых гадоў.
   Дакумент з фондаў Віцебскага абласнога архіва
    – Ёсць такая думка, што 20-гадовае знаходжанне ў складзе Польшчы ўратавала каталіцызм Заходняй Беларусі. Што калі б тамтэйшы Касцёл трапіў у БССР ужо ў 1921-ым, то ад яго б мала што засталося. Пагодзіцеся?
    – Не ведаю, як каталіцызм, але дзякуючы таму перыяду структуры Касцёла былі ўратаваны дакладна. Мала таго, што ўратаваныя, дык яшчэ пашыраныя і ўмацаваныя. Да ўжо існуючай сеткі парафій далучыліся ордэны, якія існавалі тут раней (напр. езуіты, місіянеры, кармэліты, піяры, шарыткі), і дадаліся новыя (напр. салезіяне, капуцыны). І ў гэтым сэнсе знаходжанне ў міжваеннай Польшчы наш Касцёл уратавала. Разам з тым, былі сур’ёзныя нацыянальныя і моўныя праблемы, але іх цяпер не будзем закранаць.
    Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Мы не можам дазволіць сабе фантазіраваць “што было б, калі б”. Але калі меркаваць па аналогіі, структур і інстытутаў Касцёла на заходнебеларускіх землях, хіба што, не існавала б. Пра вернікаў складана казаць.
    Таму на заходніх тэрыторыях каталіцкая традыцыя фактычна захоўвалася і перажыла СССР. Рызыкну меркаваннем, што за савецкі перыяд усходні Касцёл не ператрываў, а заходні – на працэнтаў 30. Яшчэ адно рызыкоўнае меркаванне: на мой погляд, у цяжкія часы захаваць ідэнтычнасць значна прасцей, чым у лёгкія.
   
    – Чаму савецкая ўлада не знішчала Касцёл на захадзе гэтак жа актыўна, як зрабіла гэта на ўсходзе?
    Што іх стрымлівала? – Магчыма, у пасляваенныя часы былі іншыя прыярытэты: адбудова гаспадаркі і г. д. Заходнебеларускія землі неабходна было працягваць інтэграваць у савецкую рэчаіснасць. Таксама пасля вайны ў СССР было ўведзена новае заканадаўства адносна рэлігійных культаў. Быў створаны вядомы да сённяшняга дня інстытут Упаўнаважанага па справах рэлігійных культаў (па справах рэлігій). Да таго пытаннямі парушэнняў усіх галін права займалася НКУС, а рэалізацыяй палітыкі – мясцовыя органы ўлады, што вызначала меры ўздзеяння.
    Па-другое, Заходняя Беларусь працягвала заставацца памежжам, таму ўладам важна было захаваць хаця б нейкую бачнасць талерантнасці. Для прыкладу, у Брэсце касцёл доўга не закрывалі, бо ўлады не хацелі нейкіх радыкальных дзеянняў у прыгранічным горадзе. А па-трэцяе, захад быў карцінкай нібыта існуючых рэлігійных свабод, якія былі прапісаны ў Канстытуцыі СССР.
   
    – Калі параўнаць па розных паказчыках дасавецкі Касцёл у Беларусі і сучасны, ці мы ўжо хаця б прыкладна выйшлі на той узровень? Ці, можа, ужо яго перараслі?
    – Вельмі складана параўноўваць, бо сёння мы гэта робім у межах Беларусі і паводле сучасных гістарычных умоў. А “дасавецкі час” – гэта вельмі неаднародныя перыяды і рэгіёны. Сёння мы кажам пра Каталіцкі Касцёл Беларусі, а раней гэта быў Каталіцкі Касцёл у Расійскай імперыі або ў Польшчы.
    Калі казаць пра структуры, то мы, канешне, выйшлі на дасавецкі ўзровень і нават перавысілі яго па шэрагу параметраў. Для прыкладу, сёння ў нас 4 дыяцэзіі, а ў ХІХ стагоддзі тэрыторыя Беларусі ўваходзіла ў склад 3-ох.
    У першай палове ХІХ стагоддзя на гэтых тэрыторыях было 3 духоўныя семінарыі, а ў 1905 годзе не было ніводнай – выхадцы з нашых зямель вучыліся ў Вільні ці Пецярбургу. Сучасная сетка дэканатаў таксама колькасна перарасла дасавецкую, як і лічба манскіх ордэнаў і кангрэгацый.
    Што да колькасці вернікаў, то складана параўноўваць: раней канфесійную прыналежнасць чалавек атрымліваў фактычна па ўмаўчанні, кожная асоба належала да нейкай Царквы, а сёння гэта найчасцей пытанне выбару, што сутнасна змяняе магчымасць такога параўнання.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  166

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.