ГРОДНА
Нядзеля,
03 снежня
2023 года
 

“Мой маленькі крыжык”

На шляху да святасці

Пра прыклад жыцця і смерці

Марына згуртавала вакол сябе парафіян і духавенства

З таго моманту, як Марына даведалася пра хваробу, яна пачала весці дзённік. Не для сябе, але дзеля іншых. Жанчына горача верыла, што калі Бог дасць, абавязкова наступіць ацаленне, а яе дзённік будзе сведчаннем цуду. Ён будзе выдадзены, каб стаць падтрымкай і надзеяй для тых, хто пакутуе ад анкалогіі. Марыла, што дзённік будуць аддаваць за ахвяраванні, а сабраныя сродкі накіроўваць хворым на рак.
Пульхныя вусны, пяшчотны позірк, агніста-рудыя валасы, зграбная фігура – Марына была маладой і прыгожай жанчынай. Пра такіх гавораць: “Надта маладой і прыгожай, каб памерці”. Яна адышла ў жыццё вечнае, маючы 32 гады, з дыягназам рак страўніка 4-ай стадыі.
    Калі Марыны не стала, узнікла пытанне: а што рабіць з дзённікам? Бо канец выйшаў зусім не такі, на які спадзявалася верніца…
    “Мы вырашылі, што назавём дзённік цытатай з яго – «Мой маленькі крыжык» – і выдадзім на сямейныя сродкі зусім невялічкім тыражом. Атрыманыя экземпляры прэзентуем тым, хто падтрымліваў Марыну ў складаны перыяд: родным, сябрам, парафіянам, якія ладзілі падчас хіміі няспынную малітву ў яе інтэнцыі, – дзеліцца Аліна, жонка брата Марыны. – І хаця канец сапраўды аказаўся іншым, ён усё роўна стаў прыгожым завяршэннем, бо такой была смерць Марыны”.
    Апошнюю старонку дзённіка напісаў яе муж Аляксей. Да сустрэчы з будучай жонкай ён быў няверуючым, аднак Марына перамяніла і яго сэрца. Ён узяў з ёй шлюб, часта разам чытаў малітву верных падчас св. Імшы і, пэўна, пераасэнсаваў смерць таксама дзякуючы Марыне. Бо лягчэй “адпусціць” чалавека, калі ўсведамляеш: наперадзе сустрэча ў вечнасці.
    У завяршальным допісе Аляксей распавёў, што ў апошнія гадзіны жыцця жонкі, калі побач з яе ложкам пачынаў маліцца Вяночкам да Божай міласэрнасці, ён бачыў, як Марыне адразу станавілася лягчэй. Такім чынам, спраўджваецца абяцанне Езуса с. Фаўстыне, што “калі пры паміраючым моляцца гэтым Вяночкам, неспасцігальная міласэрнасць атуляе душу” (Дз. 811). “Апошнія ж словы Марыны былі: «Прабач мяне, Божа». І мне падаецца вельмі важным, калі чалавек, адыходзячы ў жыццё вечнае, мае магчымасць свядома развітацца з гэтым светам. Іншымі словамі – гэта дар шчаслівай смерці”, – дадае Аліна.
    Марына даведалася пра дыягназ, калі праходзіла чарговае абследаванне па пытаннях зачацця дзіцяці. Яны з мужам пражылі разам ужо 10 гадоў і марылі аб патомстве. Навіна была поўнай нечаканасцю: органы былі празмерна пашкоджаны ракам. Да смерці жанчыне заставалася 9 месяцаў. Ужо пасля ў яе парафіі гэты час параўноўвалі з перыядам паспявання і нараджэння новага чалавека. І хоць Марына заўсёды была чуллівай і адкрытай на Бога і бліжняга, хвароба быццам абвастрыла гэтыя якасці, нанова адкрываючы жанчыну з яшчэ больш чароўнага боку.
   
Вытрымка з дзённіка Марыны
    В эти дни ко мне приходило много мыслей о том, что происходит, что будет и пр. Я понимала, что начался Великий пост и вместе с ним начались испытания и трудности у многих. Так Бог позволяет нам немного прикоснуться к Его Крестному пути, разделить тяжести и переживания. Я себя представляла маленькой девочкой, которая несёт свой маленький крестик, идя рядом с Иисусом по Крестному пути, и так хорошо становилось от этих мыслей. А потом пришло ощущение, что всё точно будет хорошо, позже, обязательно будет.
    Еще я много думала о доверии, о доверии к Богу. Так часто мы говорим: «Боже, доверяю Тебе!», а потом начинаем снова гонять миллион мыслей в голове, думать, как что будет, а если не так, а может, надо иначе, пытаемся взять всё под свой контроль, и в чём тогда доверие?

    “Яна магла б судзіцца з медыцынскім цэнтрам, які не выявіў пухліну на больш ранняй стадыі, зважаючы на тое, што Марына рабіла біяпсію страўніка. У такіх судах звычайна перамагаюць істцы і атрымліваюць неблагія грошы. Але яна адмовілася, адзначыўшы, што не хоча марнаваць на гэта час, не хоча помсты і не хоча ламаць нікому жыццё. Калі, напрыклад, праходзіла другую па ліку хімію, хоць і пакутавала, страціла ўсе валасы, аднак усё роўна ўсміхалася і дбала пра знешнюю прыгажосць. Яны з мужам мелі традыцыю – кожную гадавіну сустракацца на лавачцы ў парку, дзе пазнаёміліся. І нават цалкам вычарпаная хваробай, Марына падбірала на аблыселую галаву самую прыгожую хустку і імкнулася на спатканне. Нават за лічаныя гадзіны да смерці, калі адчувала, што адыход ужо блізкі, яна больш непакоілася павышаным ціскам сваёй маці, чым думала пра сябе. Не магла яна застацца абыякавай да цярпення бліжняга”, – дзеліцца Аліна.
    Са слоў сваячкі, Марына ніколі не была чалавекам пішучым, ёй не была ўласціва творчасць і яна не мела звычкі “складаць вершы”. Аднак ёй удалося дакладна перадаць усю сваю цеплыню і поўны давер Богу ў кожнай сітуацыі праз дзённічак. “У яе запісах было надта шмат канкрэтыкі тыпу «сёння мы паехалі туды, а ўчора былі там і там». Разам з тым часта тэкст пранізвалі такія пробліскі, адкрыцці, якія, як мне падаецца, ёй даваў Госпад. Яна пісала пра тое, як не перастае здзіўляцца і цешыцца любоўю і клопатам, якімі яе адорваюць людзі. Пра тое, што яе хвароба – гэта не толькі яе выпрабаванне, а магчыма, нават у большай ступені не яе. І што яна ўжо бачыць добрыя перамены ў жыцці асоб, якія ахвяруюць высілак малітвы.
    І як важна, будучы шчаслівым, не закрыцца ва ўласным шчасці, а выходзіць да іншых людзей. І як яна ўдзячна Богу, што Ён умацоўвае яе ў веры”, – распавядае Аліна.
    Марына была прыхаджанкай маладой парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Так склалася, што яна была першай, хто ўзяў у гэтым касцёле шлюб, і першай, чыё пахаванне там адбылося. Кажуць, першы – лепшы. І ў мяне ўзнікла ўражанне, што гэта цалкам пра Марыну: добры прыклад жыцця ў радасці, выдатны прыклад годнай смерці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.