ГРОДНА
Нядзеля,
23 чэрвеня
2024 года
 

Адрозніць канфесіянал ад кабінета псіхолага

Інтэрв'ю

Споведзь – гэта адзін з моцных асацыятыўных каталіцкіх сімвалаў. Сцэны з канфесіяналам сустракаюцца і ў камедыях, і ў баевіках. Разам з тым споведзь застаецца адным з найбольш практычных сакрамантаў. Не толькі таму што св. Камунія патрабуе пакаяння, але і з-за бясконцых праблем, траўм і пошуку спагады ды міласэрнасці. Размаўляем з экзарцыстам пра споведзь, мяжу псіхалагічных і духоўных праблем.
– Чым споведзь адрозніваецца ад сеанса ў псіхолага ці псіхатэрапеўта?
    – Споведзь – гэта сакрамант, у якім чалавек можа атрымаць адпушчэнне грахоў. Акрамя таго, што ёсць нейкія грахі, асоба прыходзіць да споведзі са сваімі духоўнымі ці жыццёвымі праблемамі. Спаведнік дае парады, слухае чалавека. Калі ж бачны нейкія псіхічныя ці псіхалагічныя праблемы, то святар можа скіраваць асобу да іншага спецыяліста. Вось тут і праходзіць мяжа.

   – У Вашай практыцы былі выпадкі, калі чалавек прыходзіў да споведзі, а Вы накіроўвалі яго да псіхолага? Без адпушчэння грахоў з-за адсутнасці да гэтага падставы.
    – У маёй практыцы не здаралася такога, што чалавек спавядаецца, але ў яго не грахі, а нейкія захворванні. Бываюць памежныя выпадкі: асоба ўсведамляе грахі і нясе за іх адказнасць, але мае таксама дадатковыя псіхалагічныя праблемы. Тады раю звярнуцца да псіхолага. Выпадкаў чыста клінічных захворванняў у маіх пэнітэнтаў не было.
   Кс. Андрэй Шут – экзарцыст Пінскай дыяцэзіі, пробашч парафіі св. Антонія ў Рагачове. Прыняў святарства ў 2003 годзе.
    – Я правільна разумею, што людзі прыходзяць з жыццёвымі праблемамі і споведзь найчасцей з’яўляецца таксама нейкім псіхалагічным сеансам?
    – Так, напэўна, працэнт такіх споведзей сёння дастаткова вялікі.
   
    – А што з залежнасцямі: алкаголь, секс, парнаграфія, наркотыкі, камп’ютэрныя гульні?.. Калі споведзі ўжо недастаткова і варта звяртацца да спецыялістаў?
    – Тут трэба распазнаваць, наколькі чалавек можа кантраляваць свае дзеянні. Таму раю рабіць усё паралельна: хадзіць да псіхатэрапеўта, але і каяцца за грахі таксама. Усё-такі нейкі працэнт адказнасці асоба нясе за свае ўчынкі. Гэта ўжо грэх меншай вагі, але для духоўнага дабра чалавека трэба трываць у Божай ласцы.
   
    – Ці праўда, што ў падобных выпадках духоўны кіраўнік можа дазволіць такой асобе на нейкі час і пры пэўных умовах прыступаць да Камуніі без споведзі?
    – Тут трэба падыходзіць вельмі далікатна. Аднак у любым выпадку, калі чалавек інтэнсіўна над сабой працуе, ходзіць да псіхатэрапеўта, то споведзь пасля кожнага граху будзе мець пазітыўны эфект у справе вызвалення ад залежнасці. Прыманне Камуніі ў цяжкім граху без споведзі – гэта рэч недапушчальная.
    Калі ж чалавек настолькі псіхічна хворы, што не можа адказваць за сябе, то ён і паспавядацца не можа, бо не нясе адказнасці за свае ўчынкі. Аднак калі ёсць элемент адказнасці і чалавек не псіхічна хворы, хоць і залежны, то споведзі патрэбныя. І разам з гэтым неабходна лячэнне ў псіхатэрапеўта.
   
    – Атрымліваецца, што супрацоўніцтва псіхалогіі і споведзі можа быць вельмі плённым.
    – Так, пагаджуся.
   
    – Ці хапае радавому святару, які скончыў адну з нашых беларускіх семінарый, ведаў па псіхалогіі, каб адрозніць псіхалагічныя ці клінічныя праблемы пэнітэнта?
    – Несумненна. Базавых ведаў дастаткова, каб адрозніваць, што ў нейкім выпадку кампетэнцыя выходзіць далёка за межы споведзі і чалавеку неабходна кансультацыя спецыяліста. Святар можа параіць самыя простыя псіхалагічныя рэчы, але калі гэта не дапамагае, то нельга займацца чужой працай.
   
    – А сустракаліся адваротныя сітуацыі, калі псіхолаг адпраўляў чалавека да святара?
    – Так, былі выпадкі, калі псіхіятры пасля ўсіх даследаванняў адпраўлялі чалавека да мяне. Яны прыходзілі да высновы, што гэта не клінічны выпадак і трэба, каб святар памаліўся.
   
    – Гэта сітуацыі, калі чалавека накіроўвалі да экзарцыста, так?
    – Так, менавіта.
   
    – І часта такое здаралася ў Вашай практыцы?
    – Такое было, хіба што, два разы.
   
    – Спецыялісты тады мелі рацыю?
    – Так, мелі.
   
    – Споведзь – гэта таксама моцнае эмацыянальнае перажыванне. Эмоцыі падчас споведзі перашкаджаюць ці не?
    – Калі эмоцыі з’яўляюцца выражэннем унутранага стану чалавека, то гэта не перашкаджае. Асоба раскрывае душу, перажывае раскаянне, і кожная эмоцыя мае сваё значэнне. Таму да эмоцый людзей трэба ставіцца сур’ёзна, успрымаць як мову душы. Эмоцыі не перашкаджаюць, а дапамагаюць. Гэта цэласнасць карціны стану чалавека.
   
    – А бываюць нездаровыя эмоцыі ў людзей падчас споведзі?
    – Існуе пяць умоў пакаяння. Сярод іх жаль за грахі. Часам (вельмі рэдка) чалавек прыходзіць да споведзі і не бачыць сваіх грахоў, прыходзіць, каб пасварыцца з Богам, бо ў яго “накіпела”. З такімі праблемамі можна паразмаўляць са святаром па-за канфесіяналам, таму што споведзь – гэта пакаянне: асоба раскайваецца ў грахах і атрымлівае іх адпушчэнне.
   
    – Ці ёсць праўда ў выказванні: “Калі спавядацца і весці актыўнае духоўнае жыццё, то да псіхолага наўрад ці трэба будзе”?
    – Хутчэй не. У чалавека могуць быць глыбокія траўмы ад насілля, несправядлівасці, дзіцячыя траўмы. Трэба прызнаць, што ў такіх справах ёсць спецыялісты, якія больш эфектыўна і правільна навучаць, як выходзіць з падобных праблем. Не толькі малітва і пакаянне. Грэх прабачаны, але глыбокія крыўды застаюцца, і Бог дае нам для гэтага дадатковых прафесіяналаў. Добра яшчэ, калі псіхолагі і псіхатэрапеўты не выключаюць рэлігійнасць чалавека, сферу Бога. Тады яны сапраўды могуць вельмі дапамагаць.
   
    – Ёсць католікі, якія кажуць, што само па сабе карыстанне сакрамантамі выключае псіхалагічныя праблемы. Ці што выключна малітвай можна ўсё вырашыць. Якая небяспека можа хавацца ў такім меркаванні?
    – Такое меркаванне можна праверыць па плёне. Ці вырашае чалавек праблему рэлігійнымі практыкамі? Ці, можа, пагружаецца яшчэ болей? Магчыма, усё ж трэба звярнуцца да спецыяліста, каб разабрацца ў справе?
    У сваёй практыцы не магу прыгадаць такіх выпадкаў.
    У асноўным, людзі прыходзяць да святара ў апошнюю чаргу: спачатку абыходзяць усіх псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, а калі ўжо няма ніякага ратунку, звяртаюцца да Бога як да апошняй інстанцыі. Гэта найбольш частыя выпадкі.
   
    – Як асабіста Вы адчуваеце падчас споведзі людскія праблемы псіхалагічнага характару?
    – Гэта не адчуванне, а проста базавыя веды па псіхалогіі. Ёсць грэх і слабасць, але калі размаўляеш з чалавекам і даведваешся яго гісторыю, то разумееш, колькі тут усяго паўплывала, які баласт вісіць на ім і як з усім цяжка справіцца. Калі б гэта былі чыста рэлігійныя справы, то малітва і практыкі дапамаглі б дастаткова хутка: чалавек пакаяўся – і праблема вырашылася. Калі ж яна, нягледзячы ні на што, усё роўна застаецца, то гэта ўжо праблема таксама людской псіхалогіі ці псіхікі.
   
    – У якіх выпадках параіце асобе шукаць духоўнае кіраўніцтва?
    – Калі чалавек стараецца неяк глыбока перажываць сваю сувязь з Богам, то духоўны кіраўнік шмат у чым дапаможа. Ініцыятыва найчасцей зыходзіць ад самога пэнітэнта. Чалавек няўпэўнены, шукае адказаў, і спаведнік можа добра пакіраваць.
    Пытанні духоўнага кіраўніцтва вырашаюцца ў асноўным падчас споведзі. Чалавеку адпавядае гэты святар, яго парады, ёсць паразуменне і вынік. Асоба пачынае спавядацца ў аднаго ксяндза, і гэта таксама духоўнае кіраўніцтва. Таксама і святар падчас споведзі можа параіць духоўнае кіраўніцтва. Ёсць выпадкі, калі споведзь у аднаго ксяндза можа дапамагчы лепш вырашыць праблему.
   
    – Што б Вы параілі асобе, якая задумваецца над духоўным кіраўніцтвам і хацела б мець такога кіраўніка? З чаго пачаць?
    – Дастаткова прыйсці да споведзі і сказаць святару пра гэта, прывесці сваю матывацыю. Ксёндз можа пагадзіцца, можа параіць іншага.
    Духоўныя справы не абавязкова вырашаць тэт-а-тэт, можна таксама стэлефанавацца, спісацца ў сацыяльных сетках. Магчымасць атрымаць параду не абавязкова павінна быць звязана са споведдзю, гэта можа быць проста духоўная размова. Святар можа быць і за мяжой, але падтрымліваць чалавека. Гэта і ёсць духоўнае кіраўніцтва.
   
    – Часта здараецца, што споведзь змяняе жыццё чалавека?
    – Напэўна. У маёй практыцы гэта здаралася неднаразова. Я бачыў, як Божая ласка змяняла людзей. Гэта было здзіўленнем і для мяне, і для самога чалавека. Распачыналася ўсё з банальных спраў. Часам чалавек ужо пачаў сваё навяртанне, быў гатовы да перамен, і споведзь стала толькі момантам распачацця сапраўднай прыгоды з Богам. А часам проста адна споведзь, пазней другая, трэцяя – і пачынаюцца плады. Аднак у кожным з выпадкаў усё было звязана з сакрамантам.
   
    – Чуў такое выказванне, што “споведзь – гэта вызнанне: вызнанне грахоў і вызнанне міласэрнасці”. На чым людзі больш сканцэнтраваны?
    – Цяжка сказаць. З майго вопыту, большасць людзей падыходзіць адэкватна да гэтай справы. Людзі разумеюць сваю грахоўнасць, але і патрэбу Божай міласэрнасці. Таму ўсё-такі прыходзяць да міласэрнага Айца.
   
    – А ці ўвогуле кепска выкарыстоўваць элементы псіхалагічных размоў падчас споведзі? Калі з добрым намерам і для дабра чалавека.
    – Калі гэта адзін, другі, трэці раз, то гэта нармальна. Трэба дакладна зразумець чалавека, выслухаць і пакіраваць. Калі споведзь усё-такі застаецца на ўзроўні нейкай псіхалагічнай размовы, то варта параіць чалавеку звярнуцца да людзей, якія прафесійна дапамогуць вырашыць яго праблему. Бо споведзь прызначана для пакаяння і паяднання чалавека з Богам, а не выключна для псіхалагічных размоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  192

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.