ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Правер, ці не абрабавалі цябе!

На шляху да святасці

Як быць, калі не разумееш, што рабіць? Калі пачуццё разгубленасці і страху накрывае з галавой? Адказ просты: “Прасіце, і будзе дадзена вам; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам. Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукае, таму будзе адчынена”(Мц 7, 7–8).
Аднак Езус таксама пытаецца ў нас: “Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?” (Мц 9, 28). Таму што “станецца вам паводле веры вашай” (Мц 9, 29). Ці сапраўды Ты давяраеш Богу?
    Ці не заключаеш Яго ва ўласныя, ужо пабудаваныя схемы вырашэння сваіх надзённых пытанняў? Ці не абмяжоўваеш Бога нейкім уласным вобразам Яго?
    “Мае думкі – не вашыя думкі, ні вашыя шляхі – не Мае шляхі, кажа Гасподзь” (Іс 55, 8). Таму вырашэнне цяжкіх пытанняў, увасабленне Тваіх запаветных жаданняў можа быць не такім, якім Ты ўяўляў сабе. Дазволь Богу быць іншым, дазволь Яму правесці Цябе праз невядомасць! Дазволь паказаць Табе Яго бязмежную любоў!
    Адкінуўшы гонар, прыйдзі да Айца, як малое дзіця, з радасцю ў вачах, з любоўю і верай, працягні свае адкрытыя далоні і… папрасі. “Ці ёсць сярод вас чалавек, які, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, дасць яму камень? Або калі папросіць у яго рыбы, дасць яму змяю? Калі ж вы, будучы ліхімі, ведаеце, як даваць дзецям вашым добрыя дары, тым больш Айцец ваш, які ў нябёсах, дасць добрае тым, хто просіць у Яго” (Мц 7, 9–11).
    Для Бога няма неістотных праблем і дробязяў. Калі штосьці важнае для нас, то важнае і для Яго. Кожнае наша жаданне, імкненне да чагосьці – гэта свайго роду новы ўзровень, новы этап, а таксама і ўзяцце адказнасці за сваё жыццё. Гэта сталенне.
    Кожны з бацькоў хоча дапамагчы дзіцяці пазнаёміцца з гэтым цудоўным светам, у які ён прыйшоў, дапамагчы яму стаць сабой. І радуецца яго найменшым зробленым крокам насустрач новаму і нязведанаму. Узяць, да прыкладу, малога, які спрабуе забрацца на крэсла – для яго гэта вялікая гара. І мама, і тата сядзяць і пляскаюць у далоні маленькаму храбрацу, калі ён дасягае запаветнай вяршыні.
    Наш Нябесны Айцец таксама глядзіць на нас, як мы ўзбіраемся на свае жыццёвыя “Эверэсты”, і так жа падтрымлівае і верыць у нас! Радуецца, калі мы перамагаем. Бог заклікае нас жыць напоўніцу, жыць у дастатку: “Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (Ян 10, 10).
    Стан сумненняў, разгубленасці і страху з’яўляецца тады, калі прыходзіць “злодзей”. Мы нараджаемся без гэтых пачуццяў. Мы поўныя энергіяй, жаданнямі, таму што Айцец нас задумаў такімі – якія імкнуцца да любові, да шчасця, да чагосьці больш высокага. “Злодзей” жа крадзе ісціну: аб Табе, аб людзях, аб свеце, аб Богу. І падкладае сваю хлусню! Прымушае паверыць у яе і трансліраваць ва ўласнае жыццё. А гэтая жудасная няпраўда распаўсюджваецца з неймавернай хуткасцю: “Я дрэнны!”, “Няма ўжо для мяне выратавання і надзеі!”, “У свеце няма добрых людзей!”, “Бог не слухае мяне!” і г. д.
    Гэта не думкі сапраўднага хрысціяніна, і вельмі важна прывесці сваё мысленне ў адпаведнасць з Божым. “Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне” (Пс 50, 12).
    Гэта значыць, неабходна звяраць з Бібліяй свае думкі: шукаць і разважаць, што пра гэта гаворыць наш Айцец. І трансліраваць пачутую ісціну ў сваё жыццё! Сэрца, пакрытае пластом бруду, магчыма, толькі з тысячнага разу прыме праўду. Але гэта не нагода здавацца, Сябар, бо ёсць добрая навіна: “Калі Бог за нас, хто супраць нас?” (Рым 8, 31).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.