ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

"Моладзь шукае адказы і чакае якасных сустрэч"

Інтэрв'ю

ПРА НАШУ БУДУЧЫНЮ
   З НАСТАЯЦЕЛЕМ САЛЕЗІЯН У БЕЛАРУСІ
Камунікацыю з моладдзю ніколі нельга было назваць лёгкай справай. Бацькі вучацца ёй па кнігах ці на ўласным горкім вопыце, настаўнікі – ва ўніверсітэтах. Аднак насамрэч гэтая навука не мае межаў: прыходзяць новыя пакаленні – і гэты дыялог патрабуе перагляду. Размаўляем з настаяцелем салезіян пра намаганне Касцёла слухаць моладзь, разумець і вучыцца размаўляць на “яе мове”.
– Стартаваў ужо чацвёрты дзесятак ад моманту аднаўлення беларускіх касцёльных структур. Якія асноўныя дасягненні ў працы з моладдзю Касцёла Беларусі Вы б вылучылі? Што атрымалася?Кс. Віктар Гайдукевіч SDB – салезіянін, рэгіянальны настаяцель Таварыства св. Яна Боско  ў Беларусі.
    – Пытанне, канешне, вельмі актуальнае, асаблівым чынам для Касцёла ў Беларусі.
    Варта ўсвядоміць спачатку, што мы размаўляем пра аднаўленне, адбудоўванне чагосьці, пра шуканне свайго, пра тое, што нішчылася на працягу больш чым сямі дзесяцігоддзяў! Падкрэсліваю гэта таму, што мы вельмі хутка паддаёмся спакусе параўноўваць сябе і вынікі сваёй працы з іншымі, не беручы, на жаль, пад увагу гістарычны кантэкст, і робім адпаведныя высновы, якія, паводле маёй думкі, не заўсёды аб’ектыўна адлюстроўваюць фактычны стан Касцёла. А гэта, у сваю чаргу, нічога не дадае да развіцця, але, наадварот, тармозіць працэс, можа астудзіць энтузіязм і прывесці да песімізму: маўляў, стараемся, але нічога не выходзіць.
    Гледзячы з перспектывы сённяшняга дня, трэба сцвердзіць, што зроблена сапраўды вельмі шмат. Хацелася б выдзеліць добра наладжаную працу ў парафіях, такія акцыі як Дні моладзі і пілігрымкі, наладжаную сістэму катэхізацыі, шматлікія культурна-пазнавальныя, музычныя, спартыўныя і іншыя фестывалі для маладых людзей.
    Я б дадаткова адзначыў – і лічу гэта вельмі важным, – што сёння ў Касцёле адчуваецца нарастаючая агульная свядомасць таго, што моладзь – гэта наша будучыня і што яна з’яўляецца кардынальна важнай часткай Касцёла, а таму праз гэта атрымлівае ў душпастырстве прывілеяванае месца.
   
    – Ці ёсць ініцыятывы, падыходы, якія добра працавалі ўвесь гэты час, але, на Ваш погляд, сёння ўжо патрабуюць перагляду?
    – Распачну з уласнага “агарода”, а менавіта з нашых салезіянскіх араторыяў. Заўважаем, што араторый у той форме, у якой ён існаваў яшчэ, можа, 10 гадоў таму, сёння не мае ўжо такой вялікай эфектыўнасці ў душпастырстве. Не кажу, што араторый як спосаб душпастырства моладзі ўжо больш не працуе, але кажу пра яго актуальную форму, якая павінна быць, як і ўвесь Касцёл, “semper reformandа” – гэта значыць, нястомна гатовая да змен дзеля сваёй жа эфектыўнасці. Таму сёння ўжо не хопіць проста паклікаць моладзь і чакаць, што да цябе прыйдуць, нельга прапанаваць штосьці сярэдняй якасці, спадзявацца, што дастаткова прадставіць месца для сустрэчы. Сучасная моладзь шукае салідных прапаноў, што датычыць зместу і пастаянства! З гэтым звязаны таксама вельмі сур’ёзны выклік для душпастыраў моладзі і ўсяго Касцёла аб адпаведнай падрыхтоўцы і далейшай фармацыі тых, хто адказны за гэтыя прапановы, хто ў душпастырстве моладзі знаходзіцца “на лініі фронту”.
   
    – Ці ўдаецца Касцёлу ў Беларусі неяк каардынаваць працу з моладдзю? На ўзроўні камісій пры ККББ ці іншых структур. Падаецца, што такая каардынацыя ў нейкай меры прысутнічае на дыяцэзіяльных узроўнях, у рамках кангрэгацый і супольнасцей, але не ў агульнабеларускім кантэксце. Наколь кі гэта ўвогуле неабходна?
    – Не ведаю, ці магу ацэньваць каардынацыйную працу Касцёла ў душпастырстве моладзі ў Беларусі, бо я не ўваходжу ні ў якую працоўную групу на ўзгаданых узроўнях, аднак лічу каардынацыю любога душпастырста на ўсіх узроўнях жыццёва неаб ходнай для эфектыўнасці самога ж душпастырства.
    І гэта не толькі ў сектары працы з моладдзю. Сёння востра стаіць пытанне аб стварэнні адзінай, добра апрацаванай канцэпцыі душпастырсва моладзі, у якой будуць ясна прапісаны мэты, крытэрыі і формы супрацоўніцтва, накіраваныя на актуалізацыю прапаноў, на стварэнне агульнай платформы для абмену досведам. А па-другое, сёння трэба аб’ядноўвацца. Скончыўся час нездаровай рэалізацыі.
    Пандэмія ўнесла свае карэкціроўкі, прычым вельмі складаныя. Над іх актуалізацыяй мы ўжо ўчора павінны былі распачаць працу.
   
    – У адным з лістоў арцыбіскуп Кандрусевіч пісаў: “Гарманічнае супрацоўніцтва сям’і, парафіі і «нядзельнай школы» дасць станоўчы плён у фармацыі маладога пакалення”. Мне падаецца, што першае з’яўляецца слабейшым звяном. Нярэдка моладзь прыходзіць у Касцёл нават насуперак прыкладу бацькоў. Што думаеце на гэты конт?
    – Калі казаць пра словы арцыбіскупа Тадэвуша, я цалкам з ім згодны. Праблема выхавання – гэта, на самой справе, не праблема моладзі, але дарослых, перадусім – сям’і. Загружаныя рознымі жыццёвымі клопатамі, мы не маем часу заняцца моладдзю і асэнсаваць яе пытанні. У выніку яна сама шукае адказы, якія не заўсёды можна прыняць з хрысціянскага пункту гледжання. Падчас працы з маладымі людзьмі заўважаем, што агульначалавечы ўзровень для іх важнейшы, чым муштраванне рэлігійных норм. Маладосць з’яўляецца хоць эластычным матэрыялам, але вельмі далікатным. Бо, як пазней аказваецца, праблемы дарослага жыцця лёгка прабіваюць шар іх юнацкай веры, перагружанай лішкам рэлігійных эмоцый, і застаецца пустка ды расчараванне.
   
    – Наколькі змянілася моладзь за гэты час і як змяняецца сёння? Душпастыры кажуць, што моцна. Адзін святар сказаў: “Я пайшоў у семінарыю пасля школы, скончыў яе, прыйшоў на парафію, а моладзь ужо зусім іншая”. Якія гэта змены? Ці можаце прывесці некалькі накірункаў у беларускім кантэксце?
    – Змянілася? Я б не выкарыстоўваў у дадзеным кантэксце дзеяслоў закончанага трывання, бо гэты працэс застанецца заўсёды адкрыты – моладзь змяняецца і будзе змяняцца пастаянна. Усё змяняецца вакол нас, вакол моладзі; змяняюцца магчымасці, чаканні, жаданні і праблемы маладых людзей. Нягледзячы на гэта сучасная моладзь мае патрэбу ў аўтарытэце. І лічу таксама вельмі важным тое, што моладзь патрабуе нашага часу, зацікаўленасці і якаснага ўдзелу ў сваім жыцці.
   
    – Ці паспявае Касцёл за гэтымі зменамі? Ці ўвогуле рэальна паспяваць? Сучасны тэмп падаецца вельмі інтэнсіўным.
    – Каб адказаць на гэтае пытанне, дастаткова паглядзець на наша ўласнае жыццё і сцвердзіць, што яго сучасны тэмп сапраўды вельмі і вельмі інтэнсіўны і што паспяваць за ім складана. Калі б мы за ўсім паспявалі, то Касцёл і грамадства былі б ідэальныя і ўсё рабілася б своечасова, але так не заўсёды бывае. Гэта чарговы важны выклік для нашага Касцёла. Калі кажам, што моладзь – гэта наша будучыня, то ўсе сілы, намаганні і рэсурсы павінны быць выкарыстаны для таго, каб трымаць палец на пульсе: аналізаваць сітуацыю, планаваць і выпрацоўваць агульную канцэпцыю душпастырства моладзі.
   
    – У параўнанні з душпастырствам школьнай моладзі, душпастырствы студэнтаў нашмат больш сціплыя ў колькасным вымярэнні. Як Вы бачыце гэтую сітуацыю? У чым прычыны?
    – Гэта сапраўды так, калі глядзець на колькасць удзельнікаў душпастырстваў студэнтаў. Лічу, што гэта чарговы выклік для нашага Касцёла, бо ён закранае якасць прапаноў, якія моладзь знаходзіць у Касцёле, і ступень саліднай падрыхтоўкі душпастыраў. Моладзь ад нас чакае якасных сустрэч, высокіх і актуальных тэматык, шукае адказы на пытанні, з якімі сутыкаецца ў штодзённасці, а часам проста мае патрэбу ў прысутнасці духоўнай асобы. З другога боку, мне здаецца, што часта катэхізацыя школьнай моладзі прыводзіць да валодання пэўнымі рэлігійнымі ведамі і пазнаннямі, а само практыкаванне веры не вядзе да глыбіні. Таму колькасць веруючых і практыкуючых сваю веру студэнтаў змяншаецца. У іх няма глыбіні веры, няма свядомасці, часам рэлігійнасць спыняецца на ўзроўні дзеянняў, жэстаў, завучаных малітваў. Аднак пошук Бога і прага духоўнага, якую адчуваюць маладыя людзі, не знікае, таму некаторыя ўсё ж час ад часу вяртаюцца да супольнасці Касцёла. Ёсць маладыя людзі, якія працягваюць свой шлях духоўнага ўзрастання. Менавіта яны з’яўляюцца тым касцяком, які прыцягвае іншых сваім прыкладам.
   
    – Можа, падзеліцеся нейкімі салезіянскімі напрацоўкамі ў сферы “паспявання” за моладзевымі трэндамі, блогерамі, культурай, музыкай і інш.?
    – У гэтым годзе дэвіз Таварыства св. Яна Боско ўзяты ў св. Францішка Сальскага: “Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу”. Дык вось, гэта і ёсць нашая салезіянская “напрацоўка” на гэты год. Прапануем “харызму адведзінаў”, каб выходзіць да маладзёнаў і прапаведаваць, не чакаючы, што яны да нас прыйдуць; уваходзіць у іх рэчаіснасць і месцы прабывання. Іншымі словамі – выходзіць на сустрэчу з сучаснымі маладымі людзьмі, незалежна ад таго, дзе яны і якія яны.
   
    – Шлях, які праходзяць цяпер супольнасці ў Еўропе, нярэдка пужае. Нават у Польшчы ўжо канстатуюць масавы сыход моладзі з Касцёла. Спраўджваецца г. зв. прароцтва папы Рацынгера пра звужэнне хрысціянства да маленькіх супольнасцей. З беларускага Касцёла моладзь таксама ўжо сыходзіць ці яшчэ не? Як глядзіце ў будучыню з гэтай перспектывы?
    – Сапраўды, такая тэндэнцыя заўважальная таксама і ў нас. Моладзь не тое што адыходзіць ад Касцёла, але яна ідзе на дыстанцыю. У 1990-2000-ых гадах можна было назіраць вялікі наплыў моладзі ў Касцёл, вялікае жаданне быць у ім, належаць да яго, адчуваўся вялікі духоўны голад. Сёння з’явілася вялікае мноства “замяняльнікаў” духоўнасці, і маладому чалавеку стала больш складана ў гэтым “плюралізме каштоўнасцей” выбіраць для сябе сапраўды добрае і карыснае. Аднак ёсць і іншая тэндэнцыя, якая паказвае якраз сіметрычна іншую сітуацыю – калі малады чалавек, перакаштаваўшы “каштоўнасці” гэтага свету, адчувае глыбокі сум і голад па чымсьці звышнатуральным, тым, што не змяняецца. Адбываецца свайго роду, як я ўжо згадваў, ачышчэнне веры ад пэўнай эмацыянальнасці і пераход да сапраўднага разумення веры і жыцця ёю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.