ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Мэта не набіць кляштар пакліканнямі, а паклапаціцца пра малодога чалавека

Інтэрв'ю

Назарэтанкі з’яўляюцца адной з найвялікшых жаночых супольнасцей у Беларусі. Пераважна сёстры працуюць у буйных парафіях Гродзеншчыны і вядуць катэхезу для дзяцей і моладзі. З адказнай за працу з дзяўчатамі размаўляем пра сучасныя выклікі і перамогі хрысціянскіх фарматараў. А таксама пра тое, чаму спад пакліканняў – гэта не нагода для суму.
– Сястра Назарыя, ужо некалькі гадоў Вы займаецеся арганізацый рэкалекцый для дзяўчат. З чым звязаны такі падзел?
    – У нашай супольнасці ёсць сёстры, якія займаюцца рознымі служэннямі, акрамя парафіяльных. Хтосьці настаяцельніца, хтосьці працуе з сем’ямі, хтосьці збірае гісторыю Кангрэгацыі. У мяне праца з дзяўчатамі.

    – Гэта так званая праца над новымі пакліканнямі?
    – Так. Такой ідэя майго служэння была спачатку. Часта дзяўчына хоча паглядзець, як жывуць сёстры, аднак паасобку гэта можа быць боязна. Таму ёсць такія сустрэчы, на якіх можна проста пазнаёміцца, даведацца пра манастыр, сясцёр. Пазней дзяўчаты ўжо просяць асобныя сустрэчы ці проста пажыць у кляштары і паглядзець, як гэта ўсё выглядае.
    Такой ідэя была і часткова такой застаецца. Пытанне паклікання ёсць, аднак усё засноўваецца на паглыбленні адносін з Богам.
    Гэта асноўная мэта. Падчас рэкалекцый праводзяцца канферэнцыі, разважанні, майстар-класы, забавы, фільмы. Мы пачалі практыкаваць начныя адарацыі, і цікава, што менавіта яны найчасцей з’яўляюцца самым моцным успамінам з рэкалекцый ва ўдзельніц.
   С. Назарыя Міклаш CSFN – назарэтанка, адказная  за пакліканні ў Кангрэгацыі. Катэхетка парафіі св. Яна  Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску. Працавала ў Гродне, Навагрудку і Лідзе. Паходзіць з Гродна.    – А якія Вы бачыце мінусы рэкалекцый выключна для дзяўчат, без хлопцаў?
    – Можа быць, калі б былі хлопцы, дзяўчаты болей стараліся б (смяецца – заўв. аўт.). На дадзены момант я займаюся школьніцамі 8-11 класаў, таму сустрэчы вельмі радасныя. А з хлопцамі маглі б быць яшчэ больш радаснымі.
    Увогуле ёсць думкі арганізацыі сустрэч супольна з хлопцамі, аднак у бліжэйшы час гэта не будзе рэалізавана. Трэба цалкам перастройваць праграму. На дадзены момант у нас збіраецца 40 дзяўчат, калі дадаць да гэтага хлопцаў… Тут трэба будзе думаць яшчэ пра наладжванне дысцыпліны.
   
    – А дзяўчаты пытаюцца наконт удзелу хлопцаў у рэкалекцыях?
    – Так, пытаюцца. Я нават больш скажу – ёсць хлопцы, якія пытаюцца: “А чаму мы не ездзім з дзяўчатамі на рэкалекцы?” (смяецца – заўв. аўт.). Побач з хлопцамі дзяўчаты сябе інакш паводзяць, прысутнічае натуральны для іх узросту флірт. У падлеткаў камунікацыя базуецца на адносінах адзін з адным, ёсць вельмі моцнае натуральнае палавое прыцягненне, гэта нармальныя рэчы. У нас хлопцаў няма, таму гэты момант адсутнічае і гэта дапамагае канцэнтравацца на галоўным. З хлопцамі дзяўчаты бачацца часта: зносіны ў школе, на гуртках. А ў нас жаночы клуб. Некаторыя тэмы прасцей раскрываць у вузкім калектыве. Я толькі за, каб дзяўчаты і хлопцы камунікавалі, аднак нашы рэкалекцыі канцэнтруюцца на камунікацыі з Богам. Таму жонак могуць шукаць на парафіях, а рэкалекцыі ў нас цягнуцца ўсяго 3-4 дні.
   
    – На якія тэмы сёння робіце ўпор падчас сустрэч?
    – Першае і цэнтральнае месца займаюць адносіны да Бога. Гэта эпіцэнтр і аснова. Таксама мы шмат працуем над адкрыццём сваёй жаноцкасці. Напрыклад, пытанні “Ці прыгожая я?”, “Наколькі я каштоўная?” у дзяўчат у гэтым узросце вельмі актуальныя. Ёсць шмат сямейных ран, сітуацый непрыняцця сябе. Таму тэма, што толькі Бог можа запоўніць голад іх сэрцаў, таксама вельмі актуальная.
   
    – Гэта супадае з чаканнямі дзяўчат? З якімі пытаннямі яны прыязджаюць на рэкалекцыі?
    – На рэкалекцыях падчас знаёмства дзяўчаты агучваюць свае чаканні. Пераважваюць два – паглыбленне адносін з Богам і новыя знаёмствы. Таму ў прынцыпе яны заўсёды задаволены нашымі тэмамі. Шукаем іх на малітве, таксама раімся з нашымі сёстрамі, якія працуюць у розных парафіях: што сёння актуальна, што яны бачаць у дзяўчат. У пошуку тэм зыходзім з гэтага. Увогуле ідэальных сем’яў не бывае, і кожная наша ўдзельніца прыязджае са сваімі траўмамі. У 10-11 класах большасць клапоціць пытанне “Які мой шлях, што далей рабіць у жыцці?”. Тут і выбар, куды паступаць, і дылема, што будзе, калі не атрымаецца. Гэта часта выклікае разгубленасць і страх, які забірае супакой сэрца. 8-9 клас – гэта больш пра прыняцце сябе, прыгажосць, з якой стварыў мяне Бог. Шмат рэчаў прагаворваеш, у розныя моманты ў дзяўчат з’яўляюцца слёзы. Вядома, многае яны не могуць сказаць публічна, таму такое прагаворванне вельмі эфектыўнае. Многія дзяўчаты ўжо выхаваны нашымі сустрэчамі. Я бачу, што ёсць патрэба ладзіць асобныя рэкалекцыі для старэйшых дзяўчат, бо ім ужо не асабліва цікава з малодшымі.
   
    – А ці ёсць пачуццё, што пасля рэкалекцый назарэтанкі робяцца сяброўкамі для гэтых дзяўчат, старэйшымі сёстрамі?
    – Так, ёсць такое. Я падтрымліваю кантакт з дзяўчатамі з маіх папярэдных парафій. Не скажу, што гэта нейкае духоўнае кіраўніцтва. Умоўна кажучы, дзяўчына можа даслаць мне фота залікоўкі і падзяліцца, што здала экзамен, ці проста спытацца, як справы. Простыя чалавечыя зносіны.
   
    – Яшчэ 10-15 гадоў таму рэкалекцыі для моладзі былі ў большасці рэкалекцыямі паклікання. Націск рабіўся на выбар жыццёвага шляху – ісці ў кляштар ці не. Сёння ўсё інакш, акцэнты значна змяніліся. Адкуль гэта ўзялося?
    – Думаю, гэта таксама сталенне Касцёла. Назіраючы, сёстры заўважылі больш пільную патрэбу: галоўнае не само пакліканне, а адносіны з Богам. Пакліканне – толькі сродак. Мэта ж – быць з Усемагутным. Мы зразумелі, што не хапае асновы, і недахопы ў фундаментальных рэчах змянілі накірунак.
   
    – Калі пакліканняў сёння ўвогуле мала, то ў жаночыя кангрэгацыі іх яшчэ меней. Тэма ісці ці не ісці ў кляштар увогуле існуе сярод дзяўчат?
    – Існуе. Яна актуальная. Ёсць пытанне страхаў, непадтрымкі з боку сям’і. Я ўсім раю ісці вучыцца, яны прыходзяць зусім яшчэ зялёныя.
   
    – Аднак адзінкі з іх пазней робяць практычныя крокі.
    – Маё меркаванне такое: няўжо ў Беларусі не хапае святароў? Мне падаецца, колькасна хапае. З сёстрамі гэтак жа. Ці ёсць насамрэч патрэба ў вялікай колькасці пакліканняў? Я бачу, што Госпад вельмі шмат дзейнічае праз свецкіх. Дастаткова паглядзець, колькі з’яўляецца супольнасцей і які аб’ём працы яны там робяць. Касцёл – гэта не толькі сястра і ксёндз, але і ўсе парафіяне. І калі не хапае сястры, то хтосьці з вернікаў выконвае неабходную паслугу, бо ён ці яна таксама частка Касцёла. Таму я падыходжу да гэтай матэрыі з пытаннем: “Можа, іх і не трэба столькі?”. Мэта ж не ў тым, каб нас было шмат. Пытанне ў якасці. Служэнне выконваецца, Евангелле распаўсюджваецца – значыць усё нармальна.
   
    – То-бок, дзяўчаты амаль не ідуць у манастыр, аднак Бога выбіраюць і ідуць іншай дарогай. Гэта гучыць вельмі пазітыўна.
    – Так, менавіта. У тым і мэта. Не набіць кляштар пакліканнямі, а паклапаціцца пра канкрэтнага чалавека, пра яго жыццё.
   Рэкалекцыі для дзяўчат у Гродзенскай дыяцэзіі прапануюць амаль усе жаночыя манаскія супольнасці    – Вы таксама паходзіце з парафіяльнай моладзі, ездзілі на рэкалекцыі. Наколькі змяніліся сучасныя маладзёны?
    – Складанае пытанне. Ёсць адназначны ўплыў сацыяльных сетак і доступу да інтэрнэту.
    У наш час такога не было. Цяпер, напрыклад, цяжка знайсці фільм для супольнага прагляду, які б яны не глядзелі. Хоць двойчы ў мяне ўсё ж атрымалася (смяецца – заўв. аўт.). Калі глядзець з боку любові, прыняцця – мне падаецца, яны сталі яшчэ лепшымі. Яны больш глыбокія. Я асабіста вельмі задаволена нашымі дзяўчатамі, мая група ў Мінску вельмі класная.
    З іх проста фантануе радасць і жыццё, у іх столькі энергіі!
   
    – Якой працы з дзяўчатамі сёння не хапае, што можна было б развіваць актыўней?
    – Ёсць у мяне ідэя, але пакуль не ведаю, як гэта рэалізаваць, – выхоўваць дзяўчат для служэння.
    Каб яны дзейнічалі ў парафіях, былі адказнымі за штосьці. У маёй парафіі ў Мінску ўся моладзь у нечым задзейнічана: адны дапамагаюць развіваць Эўхарыстычны рух моладзі, іншыя вядуць наш сайт jan.by. То-бок, неабходна таксама граматнае патрабаванне: штосьці зрабілі для вас, цяпер вы паслужыце іншым. На дадзены момант я бачу такі накірунак.
   
    – А ёсць нейкія мары ў плане працы з дзяўчатамі? Чаго б хацелі дасягнуць?
    – Я б хацела звазіць маіх дзяўчат у Рым. Ці ў горы. Зрабіць такое падарожжа. Існуе таксама план зладзіць сустрэчу ў Гродне, дзе ёсць старэйшыя сёстры, дзе можна з імі паразмаўляць, пахадзіць па розных касцёлах. Мару пра нейкія такія падарожжы, каб крыху змяніць фармат сустрэч і блізкасці з Богам.
   
Назарэтанскія рэкалекцыі для дзяўчат 8-11 класаў адбываюцца чатыры разы ў год. Падчас канікул летам, восенню, зімой і вясной. Калі Вы хочаце ўдзельнічаць у сустрэчах ці далучыцца да руху, кантактуйцеся з с. Назарыяй па тэлефоне (8 033) 621-44-22.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.