ГРОДНА
Аўторак,
25 студзеня
2022 года
 

“Хацела, каб яе пахавалі разам з сёстрамі мучаніцамі”. З успамінаў сведкі

З жыцця Касцёла

С. Тэрэза Касінская CSFN дзеліцца гісторыяй с. Малгажаты, разам з якой, будучы яшчэ юнай дзяўчынай, перажыла дзве акупацыі Навагрудка і няпросты пасляваенны час. Спачатку с. Тэрэза распавядае са слоў самой с. Малгажаты, пасля прыводзіць уласныя ўспаміны.
У снежні папа Францішак ухваліў дэкрэт аб гераічнасці цнот адзінай ацалелай падчас Другой сусветнай вайны назарэтанкі з Навагрудка – с. Малгажаты Банась (свецкае імя Людвіка). Гэта значыць, што неўзабаве яна можа быць прызнана бласлаўлёнай, як і 11 сясцёр мучаніц, расстраляных фашыстамі.
Калі яшчэ маці насіла яе пад сэрцайкам, то хадзіла ў Чанстахову і там моцна малілася за сваё патомства. Неўзабаве пасля нараджэння дзіцяці матуля памерла, а маленькую Людвіку прыняла да сябе стрыечная сястра нябожчыцы, бо бацька ажаніўся ў другі раз. Час ад часу ён браў дзяўчынку з сабой на кірмаш. Калі яны міналі кляштар сясцёр назарэтанак, Людвіка заўсёды ўглядалася ў вокны падвала – там заўсёды гарэла святло, бо была пральня – і назірала, як манахіні працуюць. Ужо тады яе цікавіла манаскае жыццё. Пасталеўшы, дзяўчына спачатку працавала ў шпіталі, а пасля ўступіла ў кляштар. Ей моцна падабалася служыць у доме сясцёр у Варшаве, і калі запрасілі ў Навагрудак, засмуцілася і нават плакала. Аднак рашэнне было прынята, бо ў школу, якую адчынілі там сёстры назарэтанкі, патрэбны былі супрацоўнікі. Тады тагачасны біскуп Зігмунд Лазінскі цэлебраваў у інтэнцыі с. Малгажаты св. Імшу, каб ёй добра служылася на новым месцы, і манахіня паехала на нашы землі. Калі частка тэрыторыі адышла пад савецкую акупацыю, сёстры былі вымушаны змяніць хабіты на свецкую вопратку. С. Малгажата ў гэты няпросты час пайшла працаваць у шпіталь – санітаркай у хірургічным аддзяленні.
    Добра памятаю гісторыю, як с. Малгажата пацярпела падчас бамбардзіроўкі Навагрудка. Калі ляцелі самалёты, яна акурат праходзіла каля касцёла св. Міхала, побач з якім за вялікім плотам – 1,5 метры ў вышыню – вялося будаўніцтва. Дзявацца не было куды, і яна што ёсць моцы скокнула праз агароджу. Пасля сама смяялася з таго, як гэта ў яе атрымалася. “Пералятаючы” праз плот, пашкодзіла нагу, наступіўшы на дошку з цвікамі. Разам з тым пасля выбуху бомбы аскепак ад чагосьці трапіў прама ёй у лоб – шрам ад раны застаўся да самай смерці. Гэтакжа добра я памятаю і кожную з сясцёр мучаніц, іх вобразы і імёны. Калі іх вялі ў камісарыят, с. Малгажата якраз вярталася са шпіталя. Яна ішла насустрач манахіням і пачула загад ад настаяцельніцы заставацца на месцы і не ісці за імі. Сястра заспяшалася дадому, дзе разам з мясцовым ксяндзом Зянкевічам укрылася на гарышчы гаспадарчай забудовы – чакаць вяртання сясцёр…
    Пасля гібелі мучаніц сястра засталася пры касцёле адна. Адчыняла, зачыняла святыню, цалкам даглядала яе, трымала гародчык. Калі каму трэба было узяць шлюб ці пахаваць чалавека, ведала, куды скіраваць вернікаў. Перад Вялікаднем с. Малгажата звычайна брала вялікую драўляную валізку, пакавала туды яйкі, соль, хлеб і вязла ў бліжэйшае мястэчка, дзе быў ксёндз (у Ліду ці Баранавічы), каб асвяціць усё і пасля раздаць вернікам у навагрудскай Фары. У той час, каб святар прыехаў у парафію толькі дзеля асвячэння прадуктаў, патрэбны быў адмысловы дазвол ад улад.
    Таксама манахіня знайшла месца расстрэлу сясцёр – намацала іх целы. Затым пазначыла зямлю, пасадзіўшы там 4 елачкі, і цягам пэўнага часу мясцовыя вернікі збіраліся ў лесе на малітву. Пасля эксгумацыі і перад перапахаваннем мучаніц каля касцёла с. Малгажата заўважыла, як з пальца сястры настаяцельніцы Стэлы ссунуўся срэбны шлюбны пярсцёнак. Яна захавала яго для сябе. Пасля паказвала мне, распавядаючы, што клала яго ў шклянку з вадой і затым выпівала гэтую ваду. Такім чынам павышала ў арганізме ўзровень кіслотнасці, які ў яе быў заніжаны, ад чаго моцна пакутавала. Казала, што і не заўважыла, як стала лепш сябя адчуваць.
    У пэўны момант у нас адбылася доўгачаканая падзея – з’явіўся душпастыр, а. Войцех Навачык.
    Аднак хутка яго арыштавалі і прыгаварылі да 60-ці гадоў ссылкі. Вернікі звярнуліся да ўлад, каб далі дазвол на новага святара, а тыя адказалі: “Вось калі вернецца са ссылкі Навачык, тады і будзеце мець ксяндза”. Неўзабаве памёр Сталін – кс. Навачыка апраўдалі і ён, адбыўшы толькі 6 гадоў ссылкі, вярнуўся ў Навагрудак. Жартаваў пасля, што Бог скрэсліў з дадзенага яму тэрміна нулік.
    С. Малгажата разам з ксяндзом пасяліліся ў хаце, якую на іх апісалі дзве мясцовыя жанчыны. Праз 10 гадоў манахіня пачала хварэць на пнеўманію, і калі прайшла даследванне, аказалася, што адно лёгкае ў яе ўжо два гады не працуе. Відаць, застудзіла, пакуль жыла ў халоднай закрыстыі, каб пільнаваць святыню. У цяжкім стане яе паклалі ў шпіталь. Я ў той час працавала швачкай і штодня пасля змены хадзіла яе даглядаць.
    Пасля выпіскі з бальніцы с. Малгажата накіравалася адразу ў касцёл, адчыніла яго, а зачыніць ужо не змагла – ксёндз знайшоў яе нерухома сядзячай у лаўцы. У ляжачым стане сястра пражыла яшчэ сем месяцаў. Я працягвала наведваць яе штодня. Калі манахіня адчула блізкую смерць, папрасіла мяне, каб я дастала з шафы чамадан, адтуль – хабіт. Хацела, каб у ім пахавалі, бо да канца жыцця працягвала насіць свецкае адзенне.
    Пасля таго, як с. Малгажата адышла да Пана, я дакладна ведала, што рабіць. Калісьці, калі памерла мая маці, менавіта с. Малгажата прыйшла, каб памыць ужо мёртвае цела і зрабіць усе патрэбныя рэчы. Не забылася і пра нас, падлеткаў і дзяцей, наварыла бульбы і капусты кіслай дала, “каб з голаду не паўміралі, пакуль пахаванне пройдзе”. Была з добрым сэрцам яна.
    Пахавалі сястру на мясцовых могілках. Пасля пакутніцкай смерці назарэтанак яна дбала пра духоўнае жыццё вернікаў з Навагрудка на працяугу 23-ох гадоў, другую палову з якіх – побач з ксяндзом.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  340

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.