ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Што варта ўзгадаць з жыцця Касцёла на Гродзеншчыне

З жыцця Касцёла

Перабіраючы ўспаміны, галоўнае – зрабіць правільныя высновы.
Асобы
    
    Прызначэнне біскупа Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім
    Доўгачаканай стала навіна аб прызначэнні новага арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага, а для вернікаў нашай дыяцэзіі гэтая падзея была ўдвайне значнай, бо абранец – гадаванец нашых зямель. Юзаф Станеўскі паходзіць з традыцыйнай каталіцкай сям’і з Заневічаў, непадалёку Гродна. Даўно вядома, што аб пакліканні да святарства для ўнука шмат малілася яго бабуля Апалонія. Сведкі тых часоў неаднаразова ўзгадвалі, што сталая жанчына прасіла аб малітве ў гэтай інтэнцыі таксама ўсіх, хто быў побач. Жыццёвы шлях да святарства, а пасля ўздым па іерархічнай лесвіцы кс. арцыбіскупа Юзафа Станеўскага можа стаць, у першую чаргу, прыкладам малітвы аб пакліканнях да святарства і манаства для нас усіх. Гродзеншчына багатая на католікаў. Кожны з нас мае ў сваёй сям’і, сярод сяброў або ў навучальным асяроддзі верніка Касцёла. І чаму б не ахвяраваць за абраную асобу невялічкую малітву або цэлы Ружанец – як каму даспадобы. Як бачым, рэгулярная малітва абавязкова прынясе плён.

   Адыход да Пана святара-легенды а. Казіміра Жыліса SJ
    Хоць апошнія некалькі гадоў перад смерцю а. Казімір правёў далёка ад дыяцэзіі, пачатыя ім справы будуць яшчэ доўга адгукацца на нашых землях. Будзе жыць душпастырства вязняў, будзе жыць дыяцэзіяльная відэастудыя, а само імя легендарнага святара будуць доўга памятаць не толькі католікі, але і няверуючыя жыхары Гродзеншчыны. Сярод шматлікіх заслуг а. Казіміра моцна вылучалася яго непахісная пазіцыя ў абвяшчэнні Евангелля, у абвяшчэнні праўды. Езуіт нёс паслугу ў складаныя часы савецкага атэізму, адважна баронячы, а нават адраджаючы хрысціянскую веру. За сваю дзейнасць ён падвяргаўся праследаванню з боку ўлады і той жа ўладай мог быць неаднаразова высланы з краіны, але выстаяў. У цёмныя часы а. Казімір быў сапраўдным правадніком святла, ніколі не згаджаўся на дыялог са злом. Дык няхай і ў актуальныя часы, калі так проста разгубіцца, ягоны такі блізкі і намацальны прыклад будзе сапраўдным маральным арыенцірам.
   
   
Падзеі

    Пажар у санктуарыі Маці Божай Будслаўскай
    Навіна аб пажары ў будслаўскай святыні так моцна скалыхнула краіну, што нельга яе абмінуць – для кожнай з дыяцэзій гэта раўназначна вялікая страта. Пэўна таму, што ў гэтым санктуарыі штогод перасякаліся сцежкі ўсіх католікаў краіны. Тут, як нідзе, вернікі маглі адчуць моц і веліч еднасці ў Хрысце. У выніку бедства святыня засталася без даху, але не без апекі. Клопат вернікаў Беларусі пра базіліку выліўся ў вялікую хвалю салідарнасці. На дзесяты дзень пасля пажару ахвяраванняў было сабрана больш чым на 440 тысяч беларускіх рублёў*. Ужо не кажучы пра тых людзей, якія, пакінуўшы свае абавязкі, кожны дзень збіраліся ў святыні, каб аказаць неабходную дапамогу. Вядомая ісціна, калі штосьці траціш, пачынаеш больш цаніць. Вернікі Гродна зведалі яе асабіста, калі гарэла катэдра, а пасля ў ходзе рэстаўрацыі яе інтэр’ер зазіхацеў пазалотай згодна нанова адкрытым старадаўнім планам. Магчыма, пасля аднаўлення будслаўскай святыні, мы адкрыем “золата” і там…
    *На дадзены момант збор сродкаў працягваецца.
   
    Пілігрымка з копіямі найбольш шануемых сярод католікаў абразоў Багародзіцы
    З Гродна пачалася і ў Гродне скончылася паломніцтва копій абразоў Марыі з найбольш вядомых санктуарыяў Беларусі: з Будслава, Браслава, Брэста, Бялынічаў, Гродна, Гудагая, Лагішына і Тракеляў. Іх арыгіналы былі ў свой час каранаваныя папскімі каронамі, што азначае прызнанне іх духоўнага значэння на нашай зямлі і за яе межамі. Плён даверу краіны Маці Божай у складаны для народа час бачны на прыкладзе суседняй Польшчы. Св. Ян Павел ІІ аддаў гэтую краіну апецы Багародзіцы ў 1978 годзе, калі камуністычная сістэма не давала духоўна развівацца палякам. “Як моцна прагну Табе, Маці, даверыць усе тыя цяжкія справы грамадстваў, сістэм і дзяржаў, якія нельга вырашыць праз нянавісць, вайну і самазнішчэнне, а толькі праз мір, справядлівасць і павагу да праў людзей і народу”, – адзначыў тады ў акце даверу Святы Айцец. І цягам дзесяцігоддзя польскі народ здолеў вырвацца з палону. Дык няхай жа пілігрымка, мэтай якой было з’яднанне беларускага народу ў няпросты час грамадскапалітычнага крызісу, ператворыцца ў падарожжа нашай штодзённай малітвы да сэрца Маці Божай, каб выпрошваць такія патрэбныя нам усім ласкі.
   
   
Адзнакі
   
    Навагрудчына – чарговы духоўны асяродак дыяцэзіі
    Навагрудак і Уселюб падзяляе адлегласць усяго ў 14 км, але, акрамя фізічнай блізкасці, яны блізкія і духоўна. Апошнім часам гэтыя населеныя пункты славяцца колькасцю розных духоўных ініцыятыў.
    У Навагрудку ў мінулым годзе стартавала “Біблійная школа”, а ва Уселюбе адбыўся “бум” рэкалекцый на разнастайныя тэмы і фестываль праслаўлення “Novafest”. У “Біблійнай школе” заняткі адбываюцца кожныя другія выхадныя месяца цягам года. Падчас сустрэч слухачы вучацца пазнаваць Божае слова разам са спецыялістамі Святога Пісання і тлумачыць, разважаць яго ў групах. Ва Уселюбе жа можна абраць адпаведны для сябе час і адпаведную тэму для паглыблення. Разнастайнасць рэкалекцый сапраўды ўражвае: духоўныя практыкаванні адносна прабачэння, распазнання сучасных ідалаў, раскрыцця жаноцкасці, правільнага стаўлення да смартфонаў, пазнання сябе і г. д. Калі невялічкія парафіі бурляць жыццём не толькі для мясцовых вернікаў, але і прывабліваюць католікаў з усёй краіны – гэта натхняе. І дае глебу для разважанняў: кожны з нас атрымаў ад Бога духоўныя каштоўнасці, якія можна бясконца развіваць у любых умовах.
   
    Святкаванне Дня пажылых людзей
    Папа ўстанавіў у Касцёле Сусветны дзень дзядуль і бабуль. Цяпер ён адзначаецца штогод у чацвёртую нядзелю ліпеня з нагоды літургічнага ўспаміну свсв. Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса.
    У нашай дыяцэзіі першае ў гісторыі святкаванне гэтага дня набыло асаблівую ўрачыстасць у парафіі ў Жодзішках, бо адбывалася ў межах фэсту. Няхай гэта будзе прыгожым пачаткам новай традыцыі ва ўсіх мясцовых каталіцкіх супольнасцях. Сталым напамінам, як адзначыў Святы Айцец, што “праз пажылых людзей мы можам захаваць карані народу, атрымаць досвед веры і ацаніць каштоўны дар старасці”. І хаця маладзёны – гэта розум сучасных тэхналогій і магчымасцей, шукаць мудрасці сусвет заўсёды будзе ў старых.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.