ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Гісторыя аднаго неафіта. “Калі ўжо паспрабуеш, хочацца ізноў адчуваць гэты смак”

Інтэрв'ю

Базавае права свабоды сумлення адлюстроўваецца ў большасці канстытуцый і асноўных законаў ва ўсім свеце. Падаецца, пераважная частка чалавецтва лічыць, што сустрэча з Богам – гэта заўсёды вельмі інтымная справа. Тут не працуюць загады і прымушэнне. У сённяшнім нумары размаўляем з Сяргеем Вільчэўскім, інжынерам з Мінска, пра доўгі пошук і вынік шматгадовай працы па пошуку Бога.

   – Сяргей, распавядзі, калі ласка, пра сваю дарогу да веры. Якой яна была?
    – З дзяцінства ў маёй галаве былі пытанні: “Як жыць?”, “Навошта людзі працуюць, а пазней старэюць і паміраюць?”, “Як выбраць жонку?”. Да гэтага дадаваліся глабальныя пытанні тыпу “У чым сэнс жыцця?”. Вельмі цяжка было ўсведамляць, што жыццё складаецца з таго, што ты паеў, паспаў, павучыўся, схадзіў на працу, зарабіў грошы, патраціў грошы.
    Калі я прыехаў у Мінск, здымаў пакой у веруючай сям’і. Я пачаў бачыць, што гэтыя людзі асаблівыя. У іх адносінах шмат міласэрнасці, яны маглі сварыцца, але пасля мірыліся. Дома гучалі словы “прабач”, “ці можна”, “калі ласка”. Яны былі вельмі далікатныя і адначасова праўдзівыя, добра ставіліся да мяне. Гэты кантраст я бачыў менавіта адносна няверуючых людзей, якія мяне атачалі тады.
    Я стаў цікавіцца іх верай, чаму яны ходзяць у касцёл. Ад хрышчэння я быў католікам, але ўсё заканчвалася менавіта маім веданем, што я католік. На той момант думалася: “О, гэтыя людзі таксама католікі. Добра, калі так супала”.
   Менавіта яны запрасілі мяне калісьці ў касцёл. Я пабываў там, пазнаёміўся з іншымі аднагодкамі, і яны мне спадабаліся. Гэта былі не тыя людзі, з якімі я сябраваў у школе, у каледжы ў Лідзе, якіх сустракаў у сваім двары. Веруючыя мне падабаліся больш. Таму я хацеў даведацца, чым яны жывуць, чаму яны такія. Пакрысе пазнаваў пра Бога, пра вучэнне Касцёла, што гэтыя людзі спавядаюцца, што слухаюць Божае слова, што ёсць вельмі разнастайныя малітвы, а таксама што Касцёл заклікае вернікаў да спантаннай малітвы сваімі словамі, так, як ляжыць на сэрцы, а не па кніжцы. Так пачыналіся мае крокі да веры.
    Памятаю такую гісторыю. Прыехалі мы з веруючым сябрам у капліцу, якая была тады ў будынку ЖЭСа. Гэта мікрараён Лошыца ў Мінску. На св. Імшы быў нейкі новы святар, былі рэкалекцыі. Ён задаў такое вельмі простае пытанне: “Калі скончыцца жыццё і мы прыйдзем да Бога, што мы Яму скажам?”. Гэта мяне кранула, ажно заплакаў тады. Магчыма, гэтае пытанне мяне хвалявала, але я яго не ўсведамляў.
    Так склалася, што мы з сябрам пасля падвозілі гэтага святара на машыне. Я глядзеў на яго і разумеў, што гэта звычайны чалавек, але не мог уцяміць, чаму яго словы так мяне кранулі. Я здагадваўся, што справа не ў чалавеку – ён проста выконвае сваю прафесію. І зразумеў: ёсць штосьці звыш чалавечага, што кранае маё сэрца. Тады я прыняў рашэнне, што буду пастаянна хадзіць у касцёл, каб слухаць казанні, слухаць Божае слова і адтуль чэрпаць сэнс жыцця.
   
    – Што ў гэтым пошуку больш рухала Табой? Інтэлект ці сэрца?
    – Спачатку я разважаў больш інтэлектам, шмат чытаў, задаваў пытанні. Гэта вялікая смага хрысціянскіх ведаў прывяла мяне ў катэхэтычны каледж і ў псіхалогію. Аднак пазней зразумеў, што ў нейкі момант інтэлект робіцца бяссільным. Усе веды і ўсё, што я прачытаў, становіцца бездапаможным, яно вельмі сухое. Яно корміць мозг, а не сэрца.
    У псіхолагіі ёсць тэрмін “інтэлектуальная гіперкампенсацыя”, ці проста “інтэлектуалізацыя” – калі штосьці перажываем і, замест таго, каб падзяліцца з блізкім, пачынаем, напрыклад, пра гэта чытаць, разважаць. Не ўмеючы абыходзіцца са сваімі эмоцыямі, мы кампенсуем гэта розумам. Карацей кажучы, тое, што павінна перажывацца ў сэрцы, спрабуем кампенсаваць галавой. Але Бог крыху не так стварыў унутраны свет чалавека. Сам Езус плакаў, радаваўся, тужыў. Ніякая інфармацыя не заменіць чалавечых адносін, усмешак і абдымак. Нішто не заменіць споведзь, калі ты прызнаеш свае грахі перад чалавекам, хоць разумееш, што і ён тут сядзіць па волі Бога, і ты. Мы абодва спаўняем Божую волю ў канфесіянале.
    Таму ў нейкі момант я пачаў не разумець, а менавіта перажываць: сэрцам, больш поўна. І тут я не заўсёды магу патлумачыць, чаму яно – маё сэрца – гэта хоча рабіць, а гэтага не хоча. Альбо чаму я засмуціўся ў нейкай сітуацыі, калі, здаецца, не было значнай на тое прычыны. Цяпер я больш стаў прымаць і радасць, і смутак, а гэта залежыць ад маіх адносін як з Богам, так і з людзьмі.
   
    – Чаму Ты выбраў менавіта Каталіцкі Касцёл?
    – Памятаю, быў такі момант, калі я думаў, паводле вучэння якой Царквы мне жыць. У пэўны час зацікавіўся і праваслаўнай верай, і пратэстанцкі позірк мяне прывабліваў, і, вядома, шмат быў у Каталіцкім Касцёле. Пасля зразумеў, што мы не можам выбраць усяго, што не мушу адразаць той корань, з якога вырас. Таму вырашыў не прымаць ніякіх рашэнняў. За мяне Бог, ці, можна сказаць, абставіны, ці мае бацькі ўжо выбралі. Мой лёс склаўся вакол католікаў. Я змірыўся, што гэтага мне хопіць для збаўлення.
   
    – Разам з тым, калі Ты прыйшоў у Касцёл, Твой пошук працягваўся. Пачалася вучоба ў тэалагічным каледжы. Што працягвала рухаць Табой?
    – Мне заўсёды чагосьці не хапае, і праблема ў тым, што не ведаю, чаго дакладна хачу. Гэта як, пакуль не пакаштуеш, якога смаку, напрыклад, манга, не даведаешся, падабаецца яно табе ці не. Калі ўжо пакаштуеш, то ведаеш, што яно вельмі смачнае. Таму хочацца раз на нейкі час з’есці манга, каб ізноў адчуць тую асалоду. Але немагчыма пакаштаваць усё на свеце. Таму ў рэлігійных пытаннях я не заўсёды ведаю, што б паспрыяла маёй веры і збаўленню.
    У пэўны момант свайго духоўнага жыцця я спыніўся і ўжо не ведаў, куды ісці далей. Мною рухала туга па чымсьці новым, прагненне развівацца, спасцігаць невядомае, эксперыментаваць. Так я і апынуўся ў каледжы.
   
Сяргей Вільчэўскі – інжынер. Прыйшоў да веры падчас вучобы ва ўніверсітэце. Скончыў Мінскі тэалагічны каледж і Акадэмію паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці псіхалогія.

    – А пазней прыйшла цікавасць да псіхалогіі?
    – Калі ў Бога пытаешся, Ён часта мае адказ, які немагчыма прадугледзець. Так да 25-ці гадоў я не мог нават уявіць, што псіхалагічныя веды мне ўвогуле патрэбныя. Таксама адна знаёмая, з якой мы разам вучыліся, адзначыла: “Калі б хто калі сказаў, што мне патрэбна псіхалогія, я б даўно яе вучыла і зрабіла б шмат карысных вывадаў”.
    Таму Бог адкрыў мне сферу псіхалогіі, якая дапамагла зразумець самога сябе, свае паводзіны і рэакцыі. Што таксама дало магчымасць прымаць іншых людзей і іх асабістасці.
    Дзякуючы гэтаму ў пэўны момант я зразумеў, што маё далейшае развіццё можа быць больш плённым менавіта ў сужэнстве, чым у нейкім іншым спосабе жыцця. Гэта штосьці невядомае, што палохае з-за недахопу ведаў і вопыту, але і бласлаўленне, сакрамант Божы. Гэта і блізкія адносіны, каханне, і вернасць да смерці. Я разумеў, што тут можна развівацца. Акрамя развіцця сужэнства будзе таксама шлях бацькоўства.
   
    – Св. Аўгусцін пісаў: “Я шукаў Цябе, Божа, і Ты дазволіў мне знайсці Цябе”. Як бы Ты апісаў свае адносіны з Богам сёння, аглядаючыся на пройдзены шлях?
    – Мой перыяд неафіцтва быў вельмі эмацыянальны, там было шмат мітусні, хваляванняў.
    Падаецца, у св. Ігнацыя Лаёлы ёсць нейкія крокі, дзе спачатку адракаешся ад граху, пасля хочаш быць бліжэй да Бога, а потым ідзе паяднанне з Богам, жаданне быць заўсёды з Ім, незалежна ад абставін.
    Цяпер для мяне важна слухаць Бога. Калі Ён ёсць у кожным чалавеку, то трэба ўмець Яго слухаць і не ганяцца за Ім. Таму мае адносіны з Богам сёння больш ціхія, там больш асабістыя словы і пачуцці. Сёння для мяне важна захоўваць пастаянства кірунку. Мой рух веры стаў больш адданым і спакойным. Для прыкладу, гэта азначае быць ва ўсіх справах з маёй жонкай, абмяркоўваць усё, пазнаваць з ёй новае і невядомае.
    Таксама для мяне сёння важна г. зв. “абуджэнне волі”. Бывае, жыццё само кудысьці ідзе і ты проста згаджаешся, што кожны дзень адбываецца. Калі так жыць, жыццё падобнае на штосьці, што гойдаецца на ветры – куды дзьме вецер, туды і чалавек. “Абуджэнне волі” дапамагае штодня самому выбіраць накірунак, ісці туды, куды мне трэба, незалежна ад накірунку ветру. Калі трэба ў краму, мы даходзім туды, нягледзячы на надвор’е, стан нашых чаравікаў і адлегласць. Гэтак і ў асабістым жыцці: трэба захоўваць выбраны накірунак.
    Таму адносіны з Богам сталі таксама больш працяглымі. Новы дзень цяпер не з’яўляецца новым жыццём, а адной мелодыяй, адным малюнкам. Канешне, я застаюся слабым чалавекам. Часам, калі дзьме моцны вецер, я спыняюся. Але, калі ён перастае, я працягваю рухацца ў тым жа накірунку.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.