ГРОДНА
Панядзелак,
29 мая
2023 года
 

Пескі. Святыня з няпростым лёсам

Парафіі і святыні

piaski2Пескі заўсёды знаходзіліся на важных шляхах. З поўдня на поўнач у даўнія часы праз гэтае мястэчка праходзіў каралеўскі шлях з Кракава ў Вільню, а па Нёмане з усходу на захад ішлі караблі з таварамі на Коўна і Каралявец. Размешчаныя на вялікай пясчанай выспе, утворанай рукавамі Зальвянкі, Пескі спачатку былі вялікім дваром, які належаў то Хаткевічам, то Сангушкам, то Сапегам… У 1680-ых гадах у Песках з’явіўся першы драўляны касцёл Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі. Гаспадарамі святыні былі айцы дамініканцы з Дзярэчына, які ў той час, таксама як і Пескі, належаў Сапегам, але самастойнай парафіі тады не было.
У канцы XVIII стагоддзя небагатае мястэчка, да таго ж заселенае, галоўным чынам, іудзеямі, было пакінута дамінканцамі. Іх драўляны касцёл у 1801 годзе быў пераасвечаны і стаў парафіяльнай святыняй. Драўляны касцёл прастаяў яшчэ многа дзесяцігоддзяў. Гэта быў крыты дранкай храм, збудаваны ў выглядзе крыжа, у якім было ажно пяць алтароў і дзве вежачкі. Спераду святыню ўпрыгожвала галерэя з разной балюстрадай над уваходам, якая абапіралася на чатыры слупы. Побач знаходзілася вялікая драўляная званіца, адзін са званоў на якой нават выбіваў гадзіны.
    У другой палове XIX стагоддзя местачкоўцы пабудавалі новы касцёл, стары яшчэ некаторы час стаяў побач. Аднак новая святыня згарэла праз некалькі гадоў, а справа пабудовы мураванага касцёла зрушылася з месца толькі ў 1896 годзе. Тады святар са Струбніцы кс. Кляпацкі звярнуўся да ўлад з хадайніцтвам адносна будаўніцтва новага касцёла для больш чым пяцісот католікаў мястэчка. Мясцовыя ўлады не вельмі прыхільна паставіліся да гэтай ідэі, аднак гродзенскі губернатар Святаполк-Мірскі дазволіў узводзіць касцёл.
    У 1901 годзе пад кіраўніцтвам інжынера Вільгельма Срокі быў закладзены падмурак, аднак скончылі касцёл толькі ў 1915 годзе, калі энергічны кс. Аляксандр Гайдук давёў справу будаўніцтва да лагічнага завяршэння. Неўзабавае падчас баёў І Сусветнай вайны святыню моцна пашкодзілі артылерыйскія снарады. Менавіта тады яна страціла сваю вежу з бутавага каменю.
    Больш за дзесяць гадоў касцёл прастаяў у заняпадзе, і толькі каля 1930 года ў ім ізноў пачаліся набажэнствы. У 1945 годзе святыню зачынілі, і чарговыя чатыры дзесяцігоддзі яна выкарыстоўвалася як збожжасховішча. Можа, не самае горшае прызначэнне для святыні, якую, прынамсі, не разбурылі, але выйшла так, што за сто гадоў свайго існавання касцёл у Песках больш за паўстагоддзя не мог служыць людзям як Божы дом.
    Затое сёння, вернуты католікам, ён прыцягвае ўвагу кожнага падарожнага. Арыгінальныя як матэрыял – абшліфаваны палявы камень, – так і выгляд касцёла, форма вокнаў і некаторых частак сцен выклікаюць асацыяцыі з сярэднявечным замкам дзе-небудзь у Шатландыі. Прычым калі першае знаёмства са святыняй пакідае ўражанне нейкай змрочнасці, то пасля таго, як з-за хмар вызірае сонейка і рознакаляровыя камяні пачынаюць блішчаць кожны па-свойму, настрой адразу паляпшаецца і рука так і цягнецца, каб дакрануцца да сцен. Нездарма касцёл у Песках меў такую няпростую гісторыю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  217

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.