ГРОДНА
Панядзелак,
29 лістапада
2021 года
 

Пра Сінод на тэму сінадальнасці

З жыцця Касцёла

Падчас пасяджэння галоўнай камісіі і старшыняў камісій І Сінода Гродзенскай дыяцэзііУ кастрычніку ва ўсіх дыяцэзіях свету ўрачыста распачаўся Сінод Біскупаў. Яго мэта – супольнымі сіламі распрацаваць асаблівы стыль, які дапаможа вызначаць шлях і місію Касцёла. Аб тым, як мы можам паўплываць на рашэнні, што прымаюцца “зверху”, і стаць актыўнай часткай супольнасці Касцёла, расказвае адказны за Сінод Біскупаў у Гродзенскай дыяцэзіі кс. доктар Аляксандр Мацкевіч.
Анкета
    На цяперашнім этапе падрыхтоўкі Сінода Біскупаў распрацоўваецца адзіная для дыяцэзій Беларусі анкета, адрасаваная ўсім людзям добрай волі, якія жадаюць прыняць удзел у Сінодзе і падзяліцца сваім меркаваннем па пытаннях жыцця Касцёла. Анкета будзе даступна як у інтэрнэце ў электронным выглядзе, так і ў друкаваным варыянце ў парафіях. Да 1 лютага 2022 года любы ахвотны зможа запоўніць анкету найбольш зручным для сябе спосабам і даставіць яе (электроннай або традыцыйнай поштай, асабіста або перадаўшы, напрыклад, праз пробашча) у дыяцэзіяльную сінадальную камісію. Даныя, змешчаныя ў запоўненых анкетах, будуць прааналізаваны дыяцэзіяльнай сінадальнай камісіяй, якая пасля правядзення неабходнага сінтэзу падрыхтуе дакумент і перадасць яго нацыянальнай камісіі пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
    Святы Айцец жадае, каб на Сінодзе Біскупаў былі пачуты ўсе, хто з’яўляецца для супольнасці Касцёла “спадарожнікамі на жыццёвым шляху”, у тым ліку непрактуючыя католікі, хрысціяне іншых веравызнанняў, паслядоўнікі нехрысціянскіх рэлігій і нават няверуючыя людзі. Дайсці да іх і заахвоціць прыняць удзел у Сінодзе – складаная задача. Таму мы разлічваем на зацікаўленасць і дапамогу католікаў, у асяроддзі якіх ёсць такія асобы. Было б выдатна, калі б католікі заахвоцілі іх запоўніць анкету. Хачу адзначыць, што неабавязкова адказваць на ўсе пытанні анкеты: рэспандэнт можа абмежавацца толькі тымі тэмамі, якія лічыць найбольш важнымі, найбольш цікавымі або на якія проста хоча выказацца. Акрамя таго, апошняе пытанне ў анкеце будзе адкрытым, гэта значыць, што кожны зможа напісаць на любую тэму, якая, на яго думку, важная для Касцёла. Будзем удзячныя ўсім, хто пажадае падзяліцца сваімі думкамі з супольнасцю Касцёла.
    На сучасным этапе дыяцэзіяльных кансультацый найважнейшай задачай, якая стаіць перад нашай сінадальнай камісіяй, з’яўляецца менавіта збор як мага большай колькасці галасоў у анкетах. Чым большая будзе разнастайнасць рэспандэнтаў (па ўзросце, месцы жыхарства, вызнаванай веры і г. д.) і чым больш адказаў яны захочуць даць, тым больш поўнай будзе карціна нашага грамадства і тым лепш мы зразумеем, якія яго чаканні і прапановы для Каталіцкага Касцёла.
   
    Голас свецкіх
    Касцёл – гэта супольнасць, якая пастаянна развіваецца, сталее і ў той жа час патрабуе пастаяннага навяртання. Калі азірнуцца на той шлях, які прайшоў Каталіцкі Касцёл пасля рэформ ІІ Ватыканскага сабору, то, думаю, усе пагодзяцца, што сёння голас свецкіх вернікаў значна больш чутны, чым паўстагоддзя таму. Гэта таксама вельмі выразна бачна ў стылі пантыфікату папы Францішка, які пастаянна падкрэслівае ролю свецкіх асоб у Касцёле, між іншым, давяраючы ім высокія і адказныя пасады, якія да гэтага часу традыцыйна займала духавенства. Такім чынам, цяперашні Сінод Біскупаў – гэта яшчэ адзін шанс, каб усе мы як супольнасць Касцёла яшчэ лепш навучыліся ўважліва слухаць адзін аднаго і канструктыўна размаўляць.
   
    Сінод Гродзенскай дыяцэзіі 2017 і Сінод Біскупаў 2021
    Як знак Провіду можна ўспрыняць, што Сінод Біскупаў адбываецца ў час правядзення Сінода Гродзенскай дыяцэзіі. Гэтыя дзве падзеі маюць крыху розныя тэмы, розныя мэты і непараўнальны дыяпазон. Дыяцэзіяльны Сінод звязаны з жыццём нашага мясцовага Касцёла. Яго лозунг “Жыць Евангеллем” вызначае яго найважнейшую мэту, якая заключаецца ў напаўненні духам Добрай Навіны розных вымярэнняў асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця ў Гродзенскай дыяцэзіі. Мэтай Сінода Біскупаў з’яўляецца сумеснае разважанне аб сінадальнасці Касцёла, якая выяўляецца ў камуніі, удзеле і місіі. Сінод Біскупаў – гэта падзея ў маштабе Паўсюднага Касцёла, і яго пытанні датычаць жыцця католікаў ва ўсім свеце. Нягледзячы на гэтыя адрозненні, некаторыя вынікі працы нашага дыяцэзіяльнага Сінода будуць выкарыстаны ў працы Сінода Біскупаў.
   
    Кс. Антоній Грэмза, адказны за І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі
    На дадзены момант падрыхтаваны рабочы тэкст Сінода, над якім вядзецца дыскусія ў 16-і сінадальных камісіях, што складаюцца з духоўных і свецкіх асоб. Яны зацвярджаюць тэкст для сваёй камісіі. Пасля матэрыялы будуць перададзены ў дэканальныя камісіі, якія змогуць унесці свае прапановы ў гэты ж тэкст.
    Для Гродзенскай дыяцэзіі сінадальнае супрацоўніцтва з’яўляецца чымсьці новым, нібы экзаменам для нас усіх. Кожны вернік дыяцэзіі мог праз анкету, размешчаную ў газеце “Слова Жыцця”, паўдзельнічаць у працы Сінода і ўнесці свае прапановы. Вынікі апытання выкарыстоўваюцца ў працы сінадальных камісій.
    На жаль, у ходзе Сінода былі заўважаны прабелы ў свядомасці свецкіх вернікаў датычна адказнасці за Касцёл і ўмення супрацоўнічаць з духоўнымі асобымі ў розных касцёльных ініцыятывах. Канешне, хацелася б, каб І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі стаў добрай базай для нашых вернікаў адносна ўдзелу ў Сінодзе Біскупаў, які датычыць самой сутнасці сінадальнасці Касцёла. Застаецца спадзявацца, што працы нашага дыяцэзіяльнага Сінода стануць добрым імпульсам да абуджэння адказнасці за Касцёл у сучасным грамадстве і лепшага разумення сутнасці сінадальнасці як адшукання сумеснай дарогі да ажыўлення яго дзейнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  33

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.