ГРОДНА
Панядзелак,
29 лістапада
2021 года
 

Этапы падрыхтоўкі да сужэнства

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда,     псіхолаг

Паспяховы сужэнскі саюз патрабуе шмат часу і працы над сабой ды адносінамі з бліжнім.
На жаль, у наш час інстытут сям’і падвяргаецца ўсё большым і большым нападкам. Каштоўнасць шлюбу ўспрымаецца па-рознаму, словы клятвы перад Богам і сужэнцам вельмі хутка забываюцца і губляюць усялякі сэнс. Усё менш людзей задумваецца аб добрым і правільным выбары мужа ці жонкі, і ўсё больш аб тым, што ў моманты няўдачы заўсёды можна разысціся і паспрабаваць яшчэ раз. Робячы выбар, малады чалавек кіруецца толькі прынцыпам задавальнення і забывае, што на тое, што нам нехта падабаецца, павінна накласціся больш усвядомленае рашэнне. Сёння таксама губляецца сэнс вянчання, увага надаецца толькі прыгожай цырымоніі і забавам, а сямейнае жыццё становіцца “дамовай-кантрактам”, напрыклад, для выплаты крэдытаў. Маладыя людзі, заключаючы сужэнскі саюз, напэўна, будуць перажываць шмат цяжкасцей, але яны павінны рабіць усё магчымае, каб сілкаваць і ўмацоўваць свой шлюб непадзельнай любоўю, а спрабуючы спалучаць Божыя справы з чалавечымі, павінны заставацца вернымі сабе душой і целам у долі і ў нядолі да канца жыцця.
Адзінага рэцэпту шчаслівага і паспяховага сужэнства не існуе, але, безумоўна, маладыя людзі мусяць быць вельмі добра падрыхтаванымі да такога сур’ёзнага рашэння ў сваім жыцці, мусяць даспець для шлюбу. Паспяховы сужэнскі саюз патрабуе шмат часу і працы над сабой ды адносінамі з бліжнім. Каб у далейшым сям’я правільна функцыянавала, неабходна прайсці пэўныя этапы падрыхтоўкі.
   
    I этап – далейшая падрыхтоўка
    Гэта час, калі дзіця рыхтуецца ў сваім родным доме, у сям’і, з якой паходзіць. Лепшым узорам і прыкладам для малога з’яўляюцца бацькі. Калі дзіця бачыць, як яны адорваюць адзін аднаго павагай і любоўю, клопатам і апекай, калі бачыць, што яны шчаслівыя, то атрымлівае станоўчы вопыт і яму таксама будзе хацецца стварыць шчаслівую сям’ю. Некаторыя нават кажуць пра г. зв. спробу “пераняць сацыяльнае сямейнае шчасце”: калі ў доме добры клімат у сямейным жыцці, дзіця пасля хоча перанесці гэта ва ўласную сям’ю. Часам нават можна пачуць, як, напрыклад, сын кажа, што хоча жонку, якая будзе падобна да яго мамы, або дачка выбірае хлопца, падобнага да таты. Сваім прыкладам шлюбнага і сямейнага жыцця бацькі рыхтуюць дзяцей да выканання тых жа задач ва ўласным жыцці. На гэтым этапе важна, каб баланс станоўчага досведу быў большы, чым адмоўнага. Складаней, калі сям’я няпоўная. У такой сітуацыі прысутны з бацькоў павінен паклапаціцца аб тым, каб дзіця адчувала бацькоўскую любоў. Неабходна прыкласці ўсе намаганні для развіцця свайго дзіцяці, каб яно разумела, наколькі важна выбраць будучага мужа ці жонку, якія заўсёды будуць побач.
   
    II этап – бліжэйшая падрыхтоўка
    Гэта час, калі маладзён пачынае распазнаваць уласнае пакліканне. Значную ролю па-ранейшаму адыгрываюць бацькі, выхавацелі, катэхеты і душпастыры. На гэтым этапе малады чалавек ужо можа праз спецыяльна арганізаваныя заняткі ў школе або ў катэхетычным класе знайсці больш інфармацыі на тэмы, звязаныя з сям’ёй і падрыхтоўкай да сямейнага жыцця, да адказнасці ў шлюбе, да правільнага перажывання ўласнай сексуальнасці і г. д. Важна, каб атрыманыя веды стваралі правільны, хрысціянскі вобраз сям’і. Важна таксама добра пазнаць чалавека, якога любіш, даведацца аб яго поглядах на жыццё, аб разуменні шлюбу і сям’і, аб мэтах і жаданнях, пазнаёміцца з яго сям’ёй і блізкімі, з духоўным жыццём і ўласнай культурай.
   
    III этап – непасрэдная падрыхтоўка
    Такой падрыхтоўкай будуць арганізаваныя Касцёлам перадшлюбныя курсы. Важна выкарыстаць розныя магчымасці арганізаваных сустрэч, рэкалекцый, канферэнцый і г. д. Можна паспрабаваць паўдзельнічаць у перадшлюбных занятках у малых групах, пагутарыць з сямейным псіхолагам і пазнаёміцца з натуральнымі метадамі планавання сям’і. Маладажоны павінны зрабіць усё, каб іх адносіны былі лепшымі, трывалымі і проста шчаслівымі.
    Важны этап падрыхтоўкі – заручыны, пра якія сёння мала хто памятае. Гэта нагода і магчымасць пазнаёміцца з будучымі мужам ці жонкай, з іх бацькамі, а таксама ўзяць на сябе рэальную адказнасць за будучага сужэнца. А перадшлюбная споведзь становіцца момантам пераходу да новага этапу жыцця, якім з’яўляецца сужэнства.
    Гатоўнасць да сужэнства – гэта аптымальны стан будучых сужэнцаў для выканання задач, звязаных са шлюбам і сям’ёй.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  33

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.