ГРОДНА
Панядзелак,
29 лістапада
2021 года
 

Павышаем энергаэфектыўнасць у целе і навакольнай прасторы

Экалагічная цнота

celsjum    Як эфектыўна сагравацца ў халодную пару года і ўцяпліць прастору вакол сябе?
   Настала халодная пара, і нам хочацца цяпла. Ці варта верыць таму, што гарачыя напоі саграваюць, вокны неабходна заклейваць, а газавая канфорка лепшая, чым цэнтральнае ацяпленне? Як весці сябе ў чаканні грамадскага транспарту? Што лепш для працяглага сагравання? Сёння ў рубрыцы пра энергаэфектыўнасць цела і навакольнай прасторы.
majsiuk2
   Цяпло ў целе
   
    Ачышчэнне арганізма
    У арганізме за абаграванне адказвае печань. Калі яна чыстая, то здольна тварыць цуды энергавытворчасці для арганізма. Тут кроў саграваецца і дастаўляе цяпло ў самыя аддаленыя часткі цела. Таму важна, каб дробныя капіляры былі чыстымі, інакш цяпло не будзе даходзіць да скуры, да пальцаў.
    Наперадзе Адвэнт, і гэта добры час, каб пачысціць печань. Адзін з эфектыўных спосабаў зрабіць гэта – даць стрававальнай сістэме адпачыць. Дзякуючы дням на вадзе, у арганізма з’явіцца час, каб заняцца генеральнай чысткай. Саграванне гарачымі напоямі можа ў некаторых сітуацыях справакаваць пераахаладжэнне. Пры прыёме алкаголю адразу ж адбываецца пашырэнне сасудаў, кроў хутчэй цыркулюе, але гэта прымушае арганізм выкідваць залішнюю тэмпературу вонкі. Тым часам жыццёва важныя органы адчуваюць дэфіцыт цяпла і могуць лёгка пераахаладзіцца. Такая ж сітуацыя і з гарачымі напоямі, з тым дапаўненнем, што яны ў арганізме становяцца лішняй вадкасцю, якую потым трэба саграваць рэсурсамі цела.
   
    Рух і адпаведнае надвор’ю адзенне
    Лепшы спосаб сагрэць цела – гэта раўнамерны рух, каб кроў цыркулявала, але не выкідвала залішняе цяпло. Зімой на марозе нельга скручвацца і стаяць нерухома, ад гэтага кроў не цалкам цыркулюе па сасудах. Дастаткова расслабіцца, тады можна адчуць цяпло. Гэта дзейнічае пры ўмове, што цела ўцеплена адзеннем, адпаведным надвор’ю.
    Адзенне для сагравання можа быць натуральным, калі вы не інтэнсіўна рухаецеся. Пры вялікай фізічнай нагрузцы лепш выкарыстоўваць адзенне са штучных матэрыялаў – гэта дапаможа адвесці залішняе цяпло і вільгаць. Лепш апранаць прасторнае адзенне, так ствараецца паветраны буфер.
    Сагрэтыя і сухія ногі – яшчэ адзін сакрэт цяпла ў арганізме. Ступні – самыя аддаленыя ад печані часткі цела, а таму і самыя ахалоджаныя. Лепш за ўсё купляць абутак з дыхаючых матэрыялаў, каб пазбегнуць парніковага эфекту. Калі адбылося празмернае ахаладжэнне арганізма, самы хуткі спосаб сагрэцца – паставіць ногі ў пасудзіну з цёплай вадой.
   
   Утульнасць у доме
   
    Свежае паветра сагравае
    Кісларод, раствораны ў крыві, разносіць цяпло па целе. Вось чаму важна праветрываць памяшканне, у якім чалавек знаходзіцца працяглы час. Наглуха заклееныя вокны нясуць у сабе небяспеку пагаршэння стану арганізма і падыходзяць толькі для складскіх памяшканняў, дзе не прадугледжана сталае знаходжанне чалавека. У доме з пячным ацяпленнем праветрыванне неабходна для лепшай працы печы і каб выдаліць лятучыя рэчывы, якія ўзнікаюць пры згаранні паліва. Аналагічна саграванне кухоннай газавай плітой можа прывесці да атручвання арганізма такімі рэчывамі. Найбольш небяспечныя яны для дзіцячага арганізма. Памятайце пра гэта, і падчас выкарыстання газу ў быце абавязкова праветрывайце памяшканне. Абагравальнікі даюць часовы эфект мясцовага значэння і спальваюць патрэбны арганізму кісларод, высушваюць паветра, што прыводзіць да абязводжвання цела, якое такім спосабам грэецца. Лепш апранаць адзенне і абутак, адпаведныя тэмпературнаму рэжыму, і зрабіць памяшканне энергаэфектыўным. Зімой рэкуператары (адмысловая вентыляцыя) цяпла вярнуць свежае і цёплае паветра ў ваш дом.
   
    Уцяпляем сцены і вокны
    Уцепленыя сцены, але з “дыхаючым” эфектам, дапамогуць захаваць правільны мікраклімат у памяшканні. Калі на вонкавых сценах бачны ўзор з фіксатараў уцяпляльніка, значыць, ён неэфектыўны. Нават праз гэтыя дзюбелі сыходзіць каля 18% цяпла. Да 40% цяпла сыходзіць праз няправільна ўсталяваныя вокны. Уцечка можа адбывацца, калі:
    • паміж сцяной і аконнай рамай недастатковы пласт уцяпляльніка;
    • у пластыкавых вокнах выйшлі са строю ўшчыльняльнікі;
    • у драўляных вокнах няма герметыкі паміж шклом і драўлянай асновай;
    • ёсць толькі адзін пласт шкла;
    • існуюць шчыліны і зазоры паміж рамай і рухомымі элементамі акна.
    Драўляныя вокны даўгавечныя, калі іх правільна ўцяпліць. Выкарыстоўвайце сіліконавы герметык, каб пазбавіцца ад усіх шчылін паміж дрэвам і шклом. Выкарыстоўвайце правільныя гумовыя ўшчыльняльнікі, тэрмін іх службы ў шмат разоў пераўзыходзіць паралонавыя, а таксама папяровае праклейванне. У вокнах ПВХ ушчыльняльнікі на трэці год эксплуатацыі ўжо неэфектыўныя. Для шкла выкарыстоўвайце плёнку, гэта энергазберагальнае пакрыццё выратуе ад перагрэву летам і захавае цяпло зімой.
    Калі ў прасторы акна ці нават у кутах памяшкання з’яўляюцца чорныя пыльныя налёты, там ёсць шчыліны. Іншы спосаб праверкі наяўнасці ходу паветра – з’яўленне павуціння. Павукі плятуць яго там, дзе ёсць рух паветра. Такія месцы варта добра ўшчыльніць герметыкам, а пры вялікіх зазорах скарыстацца мантажнай пенай.
   
    Гарышча і падлога
    Цёплае паветра імкнецца ўверх. У доме добра ўцяпліце гарышча. Для гэтага існуе спецыяльная экавата. Гэта лепшы і самы эканомны варыянт з існуючых.
    Добры пласт уцяпляльніка, дываны на падлозе, зачыненыя на зіму паддувалы ў падмурку дапамогуць захаваць цяпло ў доме. Гэта актуальнае пытанне і ў кватэры, асабліва на першым паверсе. Выкарыстоўвайце натуральныя ваўняныя тапачкі. Укладзіце цёплую вусцілку не толькі ў вулічны, але і хатні абутак.
    Вызваліце радыятар пад акном ад фіранак (калі фіранкі да падлогі, усё цяпло застаецца ў прасторы акна). Радыятар прадухіліць прамярзанне акна і ўтварэнне цвілі, а таксама цяпло будзе цыркуляваць па пакоі. За радыятар змясціце адбівальнік цяпла, а ў хаце размясціце яго над печкай.
   
Энергаэфектыўнасць – рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў; выкарыстанне меншай колькасці энергіі, каб запэўніць той жа ўзровень энергетычнага забеспячэння.

    Утульна вам перазімаваць!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2021

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2021 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  33

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.